Штат беларускіх кампаній у Літве скараціўся на 10% за год. Хутчэй за ўсіх радзеюць шэрагі ў EPAM

Вядомыя ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі за мінулы год скарацілі колькасць супрацоўнікаў у літоўскіх офісах больш чым на 10%. Пра гэта сведчаць даныя рэестра юрыдычных асоб rekvizitai.vz.lt.

46 каментарыяў

Яшчэ на пачатку 2024 года ў 20+ вядомых ІТ-кампаніях з беларускімі каранямі ў Літве працавала амаль 3,9 тысячы супрацоўнікаў. На гэты момант у літоўскіх офісах зарэгістравана толькі 3,4 тысячы спецыялістаў

Самы вялікі адток спецыялістаў адбыўся ў EPAM — найбуйнейшай колькасна ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве. За мінулы год літоўская каманда скарацілася амаль на 180 чалавек (мінус 12,5%). Цяпер у дзвюх філіялах (у Вільні і Коўне) зарэгістравана крыху больш за 1,2 тысячы супрацоўнікаў. На пачатку мінулага года іх было больш за 1,4 тысячы.

На працягу мінулага года працягваў скарачаць каманду ў Літве яшчэ адзін буйны гулец у літоўскім ІТ — Wargaming. Калі ў студзені мінулага года ў літоўскім офісе кампаніі было зарэгістравана 914 спецыялістаў, то на гэты момант — 835. За год каманда скарацілася амаль на 10%.

У топе-3 па адтоку спецыялістаў у Літве яшчэ адзін прадстаўнік геймдэву — MA Lithuania (экс-Melsoft). За мінулы год каманда скарацілася на 60+ чалавек (мінус 25%).

Толькі некалькі ІТ-кампаній змаглі не толькі захаваць колькасць супрацоўнікаў, але і павялічыць каманду. 

У прыватнасці, літоўскі офіс Gurtam вырас на 20 спецыялістаў (плюс 10%). Распрацоўшчык праграмы для жаночага здароўя Flo павялічыў штат на 10 чалавек (плюс 4%). У астатніх кампаніях за год штат вырас усяго на 1-2 чалавекі. 

А вось так змянялася колькасць супрацоўнікаў у літоўскіх ІТ-кампаніях з беларускімі каранямі за апошнія тры гады. Як бачым, пасля рэзкага росту каманд у 2022 годзе ў часе другой хвалі рэлакацыі (праз вайну ва Украіне) у многіх кампаніях ідзе плаўны адток спецыялістаў (ад 2023 года).

Чаму айцішнікаў у літоўскіх офісах становіцца менш?

Адная з магчымых прычын — аптымізацыя ІТ-кампаніямі выдаткаў на персанал ва ўмовах нестабільнага попыту на рынку паслуг, дэфіцыту праектаў і росту бэнчу. Адных супрацоўнікаў кампаніі звальняюць, другіх пераводзяць у іншыя лакацыі. Акрамя таго, айцішнікі могуць з’язджаць з Літвы ў пошуках новай працы. 

Таксама адток айцішнікаў, хутчэй за ўсё, звязаны з непаслядоўнай міграцыйнай палітыкай Літвы. Выпадкі анулявання ДНЖ для беларусаў (у тым ліку айцішнікаў) цяпер ужо не рэдкасць.

На гэтыя фактары, у прыватнасці, паказваў кіраўнік асацыяцыі сектара лічбавых тэхналогій Infobalt Сімонас Чарняўскас.

— У нас няма выпадкаў сыходу кампаній ІТ, але паскараецца эміграцыя беларускіх супрацоўнікаў ІТ-кампаній з Літвы ў іншыя краіны, напрыклад, у Польшчу, Германію, — яшчэ ў жніўні мінулага года адзначаў ён.

З адтокам супрацоўнікаў сутыкнулася кампанія Sam Solutions. Яе кіраўнік, Рамунас Адамоніс, расказваў у каментары Delfi, што кадравая сітуацыя ўскладняецца. Кампанія не толькі не прыцягвае больш супрацоўнікаў з Беларусі, але і губляе тых, што ёсць.

— Асноўная прычына — страх перад ануляваннем часовага дазволу на жыхарства ў Літве. У нашай кампаніі ўжо ёсць першы прэцэдэнт — супрацоўніца, якая знаходзілася ў дэкрэце, страціла дазвол, што разбурыла планы ўсёй сям'і будаваць будучыню ў Літве і прымусіла яе і яе мужа (таксама нашага супрацоўніка) вярнуцца ў Беларусь яшчэ да нараджэння дзіцяці.

Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы, усяго за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія маюць літоўскі дазвол на жыхарства (любы тып), скарацілася на 7,5%, або на 4,6+ тысячы чалавек. 

Пры гэтым асабліва рэзкі адток адбыўся за апошні квартал — у асноўным за кошт тых, хто мае часовы дазвол на жыхарства. Калі на пачатку кастрычніка беларусаў з такімі дакументамі ў Літве было амаль 57,5 тысячы, то на пачатку студзеня гэтага года — ужо 53,5 тысячы.

Усяго ў Літве на пачатку гэтага года пражывала 57 511 грамадзян Беларусі з ДНЖ.

У Літве беларусаў з ДНЖ стала за мінулы год амаль на 5 тысяч менш
Па тэме
У Літве беларусаў з ДНЖ стала за мінулы год амаль на 5 тысяч менш
EPAM і Wargaming сталі менш плаціць падаткаў у Літве. Штат таксама скарачаецца
Па тэме
EPAM і Wargaming сталі менш плаціць падаткаў у Літве. Штат таксама скарачаецца
Wargaming уклаўся ў куплю 100 кватэр у Літве. І, верагодна, зарабляе на іх продажы і арэндзе
Па тэме
Wargaming уклаўся ў куплю 100 кватэр у Літве. І, верагодна, зарабляе на іх продажы і арэндзе
Айцішнік стаў «пагрозай бяспецы» ў Літве. Праз працу на БелАЭС па размеркаванні
Па тэме
Айцішнік стаў «пагрозай бяспецы» ў Літве. Праз працу на БелАЭС па размеркаванні

Читать на dev.by