EPAM і Wargaming прынеслі бюджэту Літвы ў 2,5 разы больш падаткаў, ніж у 2022
EPAM і Wargaming застаюцца найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі ў літоўскім ІТ. За дзевяць месяцаў гэтага года яны прынеслі бюджэту Літвы амаль 28 мільёнаў еўра падаткаў — у 2,5 разы больш, ніж летась.
EPAM апярэджвае Wargaming у рэйтынгу падаткаплацельшчыкаў. За студзень-верасень кампанія заплаціла ў літоўскі бюджэт амаль 16 мільёнаў еўра падаткаў. Гэта ў 2,6 разу больш, ніж за аналагічны перыяд мінулага года (6,1 мільёна еўра).
Пры гэтым у трэцім квартале EPAM Sistemos скараціла падатковыя адлічэнні. Калі за красавік-чэрвень кампанія заплаціла амаль 7 мільёнаў еўра падаткаў, то за ліпень-верасень на 30% менш — толькі 4,8 мільёна еўра. Па выніках года EPAM можа прынесці літоўскаму бюджэту каля 20 мільёнаў еўра падаткаў.
На дынаміку падатковых адлічэнняў у трэцім квартале магло паўплываць у тым ліку скарачэнне штату літоўскага офіса EPAM. Колькасць супрацоўнікаў зніжаецца на працягу года, уключаючы апошнія месяцы. У кастрычніку каманда скарацілася ў параўнанні з пачаткам года прыкладна на 100 чалавек.
Wargaming на другім месцы ў рэйтынгу найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у літоўскім ІТ. За дзевяць месяцаў кампанія заплаціла амаль 12 мільёнаў еўра падаткаў — у 2,3 разу больш, ніж за такі ж перыяд мінулага года. У адрозненне ад EPAM у трэцім квартале кампанія павялічыла падатковыя адлічэнні ў параўнанні з другім кварталам — ад 3 да 3, 6 мільёна еўра.
Wargaming таксама скараціў за гэты год каманду ў Літве. Цяпер у віленскім офісе зарэгістравана каля 940 чалавек — на 45 менш, ніж у студзені.
У цэлым топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь» у Літве заплацілі за дзевяць месяцаў 326,5 мільёнаў еўра падаткаў, з іх EPAM і Wargaming — 8,5% ад усёй сумы, або 27,6 мільёна еўра. Для параўнання: за аналагічны перыяд мінулага года абедзве кампаніі прынеслі літоўскаму бюджэту 11,3 мільёна еўра падаткаў.
У топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь» увайшлі яшчэ чатыры кампаніі з беларускімі каранямі: Andersen (5,5 мільёнаў еўра выплачаных падаткаў), Gurtam (3,6 мільёна еўра), Melsoft (3,1 мільёна еўра, Flo (2,26 мільёна еўра). Падатковыя адлічэнні кампаній выраслі ў параўнанні з мінулым годам у 1,5-3,5 разы.
Сумарна 6 ІТ-кампаній з беларускімі каранямі прынеслі бюджэту Літвы 42 мільёны еўра падаткаў — у 2,5 разы больш, ніж за дзевяць месяцаў мінулага года. Улічваючы, што ў Літве зарэгістравана 30+ ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, агульная сума падаткаў будзе большая.
EPAM і Wargaming па-ранейшаму ўваходзяць у топ-100 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы. Дачка EPAM па выніках студзеня-верасня апынулася на 58 месцы ў рэйтынгу (55 месца — па выніках паўгоддзя), а дачка Wargaming на 77 месцы (73 месца — па выніках паўгоддзя).
У топ-500 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў увайшлі Andersen (204 месца), Gurtam (345 месца), Melsoft (420 месца).
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by