Беларусь апусцілася яшчэ на пяць пазіцый у глабальным інавацыйным індэксе
Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (WIPO) выпусціла даклад Global Innovation Index за 2024 год, у якім ацаніла 133 краіны па ўзроўні інавацыйнага развіцця. Беларусь працягнула шматгадовае падзенне, гэтым разам зрушыўшыся з 80 на 85 радок у кампанію да Албаніі і Егіпта. У 2021 годзе наша краіна была 62-й, а ў 2022 годзе — 77-й.
Аўтары індэкса параўноўваюць краіны па сямі параметрах, аб’яднаных у два субіндэксы — «рэсурсы інавацый» (інстытуты, чалавечы капітал і даследаванні, інфраструктура, узровень развіцця рынку і бізн.су) і «вынікі інавацый» (развіццё тэхналогій і эканомікі ведаў, вынікі крэатыўнай дзейнасці).
Пазіцыя Беларусі па субіндэксе «вынікі інавацый» выявілася вышэйшай, чым па субіндэксе «рэсурсы інавацый» — 69 і 102 месцы адпаведна. Але абодва паказчыкі ўпалі ў параўнанні з мінулым годам — было 66 і 88.
Па большасці кампанентаў індэкса пазіцыі Беларусі пагоршыліся: сярод іх інстытуты (130 → 128 → 132), чалавечы капітал і навука (35 → 37 → 43), інфраструктура (67 → 71 → 84), узровень развіцця бізнесу (72 → 74 → 81) і вынікі крэатыўнай дзейнасці (91 → 88 → 92). Нязначна выраслі толькі два параметры: развіццё рынку (96 → 99 → 98) і развіццё тэхналогій і эканомікі ведаў (40 → 47 → 46).
Таксама краіны па сваёй ннавацыйнасці размяркоўваліся па 12 групах у залежнасці ад узроўню даходаў (высокі, вышэйшы і ніжэйшы за сярэдні, нізкі) і ўзроўню інавацыйнасці (вышэйшы за чаканы для свайго ўзроўню развіцця, у адпаведнасці з ім і «іншыя»). Беларусь, як і летась, трапіла ў катэгорыю з «іншых» — то-бок у якіх інавацыйнасць ніжэйшая, чым магла б быць пры яе ўзроўні развіцця, — сярод краін з прыбыткам вышэйшым за сярэдні. З Еўропы тут разам з ёй апынуліся толькі Расія (59) і Чарнагорыя (65).
Рэйтынг ужо 14-ы раз узначаліла Швейцарыя. За ёй, памяняўшыся месцамі, ідуць Швецыя і ЗША, Вялікабрытанія саступіла 4 пазіцыю Сінгапуру. Цалкам даклад можна паглядзець па спасылцы.
Читать на dev.by