ChatGPT, гэта ты? Колькасць новых пытанняў на Stack Overflow упала на 77% пасля рэлізу чат-бота
Амерыканскі распрацоўшчык і СЕО Тэадор Сміт апублікаваў даныя па колькасці новых пытанняў, якія карыстальнікі Stack Overflow задаюць на платформе. Прыкладна за два гады ад моманту выхаду ChatGPT іх паменела больш як на тры чвэрці.
Так, у сакавіку 2023 года на Stack Overflow было размешчана 87,1 тысячы новых пытанняў. У сакавіку 2024-га лічба скарацілася да 58,8 тысячы, то-бок на 32,5%. У чэрвені 2024 года ў параўнанні з чэрвенем 2023-га падзенне склала 34,8% (з 63,8 тысячы да 41,6 тысячы), а ў снежні 2024-га ў параўнанні са снежнем 2023-га — 40,2% (з 42,7 тысячы да 25,6 тысячы). Ад сакавіка 2023-га да снежня 2024-га колькасць новых пытанняў зменшылася на 70,7%.
Ад лістапада 2022 года, калі OpenAI выпусціла ChatGPT, а на Stack Overflow было зададзена 108,6 тысячы новых пытанняў, да мінулага снежня іх стала менш на 83 тысячы, або на 76,5%.
Сміт канстатуе, што некалі папулярная сярод праграмістаў крыніца ведаў састарэла і вымірае. Апошні раз на Stack Overflow задавалі так мала пытанняў у маі 2009 года — праз 10 месяцаў пасля запуску. Паводле прагнозаў распрацоўшчыка, сайту засталося жыць менш за год.
Читать на dev.by