ByteDance выгнала стажора, які спецыяльна ўстаўляў багі ў код АІ-мадэляў
Кітайская кампанія ByteDance звольніла практыканта, які сабатаваў адзін з яе АІ-праектаў, піша Ars Technica.
Паведамленні з’явіліся ў мясцовых сацсетках на выходных. Паводле аднаго з іх, праз дзеянні стажора кампанія страціла дзясяткі мільёнаў долараў і вылічальную магутнасць 8 тысяч графічных працэсараў.
ByteDance пацвердзіла, што звольніла стажора ў жніўні за «сур’ёзныя дысцыплінарныя парушэнні». У прыватнасці, за «зламыснае ўмяшанне ў задачы навучання мадэляў» для аднаго з даследчых праектаў. Пры гэтым кампанія сцвярджае, што ніякія яе камерцыйныя праекты, якія дзейнічаюць прадукты або вялікія моўныя мадэлі не пацярпелі. Чуткі яна называе недакладнымі і моцна перабольшанымі.
Таксама ўладальніца TikTok абвінаваціла практыканта ў размяшчэнні ілжывай інфармацыі ў сваім профілі ў сацсетках — ён напісаў, што нібыта працуе ў яе АІ-лабараторыі, а не ў камандзе камерцыйных тэхналогій, як сцвярджае кампанія. ByteDance апавясціла аб тым, што адбылося, ВНУ стажора і галіновыя арганізацыі, каб не даць яму падмануць іншыя кампаніі.
Аднак супакоіць грамадскае абмеркаванне афіцыйнай заявай ёй не ўдалося. Адзін каментатар адзначыў, што каманда камерцыйных тэхналогій раней падпарадкоўвалася АІ-лабараторыі, а найманне ў каманду праходзіла як найманне ў лабараторыю. Звольнены прыйшоў стажорам у 2021 годзе і цалкам мог лічыцца за апошняй. Іншы каментатар кажа, што кампанія прымяншае шкоду і што інтэрн з дапамогай «шкоднага кода» «на працягу некалькіх месяцаў наўмысна сабатаваў навучанне» мадэляў. Ён дадаў, што ўсе гэтыя месяцы каманда працавала марна, і хоць прадукты ByteDance гэта непасрэдна не закранула, «страты толькі вылічальнай магутнасці складаюць некалькі мільёнаў, калі не дзясяткі мільёнаў, не кажучы ўжо пра растрачаны час, энергію і заробкі даследчыкаў».
Читать на dev.by