Найбуйнейшыя расійскія ІТ- і тэлекам-кампаніі моцна скарацілі колькасць вакансій у 2024 годзе. Венчурны рынак сціснуўся амаль на чвэрць
Колькасць ІТ-вакансій, размешчаных у 2024 годзе трыма найбуйнейшымі расійскімі ІТ- і тэлекамунікацыйнымі кампаніямі — «Ланіт», МТС і «Вымпелком» (брэнд beeline), зменшылася на 15-18% у параўнанні з папярэднім годам. Агульная колькасць вакансій на рынку таксама зменшылася, але толькі на 5%. Пра гэта піша «Камерсант» са спасылкай на «Хабр.Кар’еру».
Больш за ўсё скарачэнне закранула вакансіі распрацоўшчыкаў. Пры гэтым расце попыт на спецыялістаў у АІ. Колькасць вакансій для іх у 2024 годзе павялічылася на 43% год да года — самы высокі рост попыту сярод усіх катэгорый.
Разам з тым на платформе HeadHunter колькасць ІТ-вакансій у 2024 годзе вырасла на 12% да 708 тысяч актыўных аб’яў, але тут улічваюць ІТ-вакансіі ад кампаній з усіх галін, у тым ліку не з ІТ. У SuperJob прыводзяць аналагічныя даныя па ўсіх галінах. Больш за ўсё вырасла колькасць ІТ-вакансій у дзяржарганізацыях — на 45%, а больш за ўсё зменшылася ў сферы транспарту і лагістыкі — на 9%.
У «Вымпелкоме» адзначаюць, што кампанія актыўна развівае напрамкі, звязаныя з АІ і аўтаматызацыяй, каб аптымізаваць працу. Таму частку супрацоўнікаў перавялі на новыя праекты, а некаторыя пазіцыі сталі менш запатрабаванымі. У «Ланіце» сцвярджаюць, што кампанія не скарачала колькасці вакансій, а проста змяніла партал для іх размяшчэння. У МТС пацвердзілі памяншэнне размешчаных ІТ-вакансій. «Мы праводзім скарачэнне інвестыцый і адмаўляемся ад развіцця неэфектыўных напрамкаў і прадуктаў, даходнасць і патэнцыял якіх не адпавядаюць стратэгіі групы», — растлумачылі там.
Аналітыкі лічаць, што ў цяперашняй складанай эканамічнай сітуацыі кампаніі не могуць сабе дазволіць свабодна інвеставаць у новыя распрацоўкі, якія не прадказваюць хуткай акупнасці, а таксама што трэнд на скарачэнне ІТ-персаналу захаваецца найбліжэйшыя некалькі гадоў.
Партал vc.ru заўважыў інфармацыю платформы Venture Guide пра стан расійскага венчурнага рынку. Так, у 2024 годзе яго аб’ём скараціўся на 23% у параўнанні з папярэднім годам да $91,7 млн. Колькасць угод прасела на 17% да 153 штук. Сярэдні памер інвестыцый — $700 тысяч (мінус $200 тысяч). Лідзіруючыя нішы па аб’ёме атрыманых інвестыцый — софт для бізнэсу, спажывецкія тавары і сэрвісы, а таксама тэхналогіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Читать на dev.by