Лукашэнка запатрабаваў развіваць «суперперспектыўныя» тэхналогіі — ШІ, нейронкі, біятэх
Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня правёў нараду з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і выказаў сваю незадаволенасць ёю, паведамляе БелТА. Па словах палітыка, грошай беларуская навука спальвае шмат, але належнага выніку няма.
«На фінансаванне навуковых даследаванняў марнуецца шмат дзяржаўных сродкаў, а належнай аддачы мы не бачым. Ёсць толькі кропкавыя станоўчыя вынікі без шырокага ўкаранення ў галіны эканомікі. Сёння гэтага відавочна недастаткова», — адзначыў Лукашэнка.
Ён заявіў, што ў перспектыўных накірунках няма ні прагрэсу, ні кампетэнцый.
«Па асобных перспектыўных накірунках, такіх як беспілотнікі, электратранспарт, мы проста таўчэмся на месцы. Патрэбных кампетэнцый да гэтага часу няма, напрацовак для поўнага цыклу вытворчасці таксама, падрыхтоўка кадраў у працэсе станаўлення», — разразіўся Лукашэнка.
Ён заявіў, што хоча прарыўных тэхналогій:
«Трэба паскарацца. Жыццё нас падштурхоўвае да гэтага. Трэба, каб беларускія вучоныя як мага далей заглядвалі за гарызонт. Па-сапраўднаму ўключыліся ў распрацоўку суперперспектыўных напрамкаў (як штучны інтэлект, нейрасеткі, біятэхналогіі, гэта зараз на слыху)».
«Гэта пытанні не толькі эканомікі, але і нацыянальнай бяспекі. А калі выказацца яшчэ жорстка — пытанне будучыні нашай краіны, нашага народа і наогул нашага выжывання», — пагражаў палітык.
Па яго словах, вядучыя сусветныя эканомікі развіваюцца менавіта за кошт бесперапыннага ўкаранення найноўшых тэхналагічных распрацовак, а інвестыцыі ў навуку з’яўляюцца ключавой умовай эканамічнай стабільнасці і дзеяздольнасці любой дзяржавы. «Мы, вядома, у гэтым не выключэнне. Час такі, што без рэальных дасягненняў у навуковай сферы рух наперад немагчымы», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка бачыць вялікі патэнцыял у беларускай навуцы, але лічыць немэтазгоднай навуковую гонку з буйнымі дзяржавамі. Кажа, што трэба абапірацца на найбольш перспектыўныя напрамкі, пад якія ёсць фундамент у выглядзе ўжо існуючых у краіне навуковых школ.
«Давайце займацца тым, на што мы здольныя. А мы на перспектыву здольныя да многага. Мазгі ў людзей добрыя. Акрамя камп’ютэраў, як у народзе кажуць, нічога для таго, каб атрымаць вялікія грошы, сёння і не трэба. Некалькі перабольшана, але тым не менш: без нафты, газу і велізарных карысных выкапняў, дарагіх, мы можам развіваць іншыя напрамкі і атрымліваць добрыя грошы. Мы валодаем самым важным, як я ўжо казаў, рэсурсам — чалавечым патэнцыялам. Людзі ў нас разумныя, могуць шмат прыдумаць і зрабіць. Менавіта таму ў нас такая пільная ўвага перш за ўсё да навукоўцаў», — сказаў Лукашэнка.
Ён пазначыў тры напрамкі дзейнасці НАН, якія патрабуюць найбольшай увагі: практыкаарыентаванасць навуковых даследаванняў, укараненне распрацовак у эканоміку і сацыяльную сферу, а таксама імпартазамяшчэнне і экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі.
Читать на dev.by