Лукашэнка загадаў прыдумаць, як утрымаць перспектыўную моладзь у краіне. І параіў ёй нікуды не бегчы, інакш потым пашкадуе
Аляксандр Лукашэнка даручыў прадумаць стымулы для замацавання ўнутры краіны таленавітай моладзі. «Я намякаю на тое, каб вы не страцілі талковых людзей. А попыт каласальны на нашу моладзь, нашых студэнтаў», — цытуе палітыка БелТА. Свае заявы ён зрабіў на адкрыцці Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску.
І падказаў, што для гэтага трэба старацца ствараць неабходныя ўмовы: «Сілай не ўтрымаеш зараз. Трэба ствараць адпаведныя інтарэсы».
Новы цэнтр знаходзіцца ў рэканструяваным будынку на месцы былога аўтавакзала «Усходні». Тут адкрыта 18 навучальных лабараторый па розных напрамках, такіх як авія-ракетамадэляванне, аўтаматэхніка, судамадэляванне, робататэхніка, канструяванне і эксплуатацыя беспілотнікаў, архітэктура і прамысловы дызайн, праграмаванне, мехатроніка і энергетыка. Адзначаецца, што лабараторыі аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, таксама ў цэнтры ёсць трэніровачныя пляцоўкі і прасторныя навучальныя класы.
Лукашэнка марыць стварыць падобныя тэхнаінкубатары для дзяцей і моладзі па ўсёй краіне. Ён заявіў, што ў Беларусі ўкладвалі і будуць укладваць сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных напрамкаў, а таксама пастаянна ўдасканальваюць падрыхтоўку кадраў і ўзмацняюць узаемадзеянне адукацыі з высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі.
«Новы гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі павінен стаць адной са ступеняў такой падрыхтоўкі, дзе кожны, каго вабяць навуковыя таямніцы і адкрыцці, мог бы знайсці свой шлях у вялікую навуку ці рэальную вытворчасць», — падкрэсліў палітык. І дадаў, што плошчаў для гэтага хапае, нават будаваць не трэба.
«Неабходна толькі рацыянальна, з розумам выкарыстоўваць тое, што ўжо маецца. Сёння трэба шукаць таленты з самага юнага ўзросту, ствараць умовы для іх навучання і прафесійнага росту. Шкадаваць на гэта грошы не трэба, бо гэта будучыня. Дзяцей трэба забраць з вуліцы, адцягнуць ад пустога марнавання часу за экранамі гаджэтаў, навучыць думаць і ўжываць атрыманыя веды на практыцы. Гэта не толькі важна для краіны, але і для іх саміх добры задзел на будучыню», — канстатаваў Лукашэнка.
Ён нагадаў дзецям, што ўсё, што яны робяць, павінна быць выгодна не толькі ім, але і радзіме, і што ўжо вельмі хутка — а калі канкрэтна, то праз дзесяць гадоў, — менавіта яны будуць тварыць будучыню і адказваць за краіну.
«Цяпер слова за вамі, мае юныя сябры. Як бы пафасна гэта ні гучала, менавіта вам — новаму пакаленню навукоўцаў, канструктараў, інжынераў і спецыялістаў — давядзецца праз некалькі гадоў ствараць заўтрашні дзень нашай краіны. Часта чую: гэтага не хапае, гэтага хацелася б… Рэалізоўвайце свае „хацелкі“. Рабіце так, каб гэта было выгодна для вас, для вашых бацькоў, для сям'і. І каб гэта было выгодна для краіны», — заявіў ён.
Палітык назваў Беларусь адной з нешматлікіх краін, дзе не проста маюць інавацыйныя тэхналогіі, але і ствараюць іх: «Сёння, да прыкладу, беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць штучны інтэлект, у разы скарачаючы час, неабходны для ўвасаблення навуковай ідэі ў канкрэтны вопытны ўзор. У вытворчыя працэсы актыўна ўкараняюцца робаты і іншыя разумныя прылады».
Эксперт па тэхналогіях таксама адзначыў, што дзецям з-за свайго ўзросту цяжка ўсвядоміць, як імкліва навука і тэхніка змяняюць жыццё чалавека, але «паверце, вельмі імкліва», бо «калі яшчэ якіх-небудзь 20 гадоў таму кампутар і інтэрнэт былі не ў кожнай беларускай сям'і, то ў нашы дні яны, разам з мабільнымі тэлефонамі, сталі звычайнасцю». Ён падкрэсліў, што ў вытворчасць і побыт прыходзяць тэхналогіі, якія нядаўна здаваліся фантастыкай, накшталт разумных гарадоў, робатаў, беспілотнікаў і ШІ. «Квітнець будуць менавіта тыя дзяржавы, якія могуць ствараць новыя тэхналогіі, эфектыўна выкарыстоўваць іх у вытворчасці і іншых сферах жыцця», — упэўнены Лукашэнка.
Ён адзначыў, што лічбавізацыя хутка змяняе цэлыя галіны, робіць прафесіі непатрэбнымі ці наадварот вельмі запатрабаванымі. «Але яны звязаны з высокім інтэлектам людзей (бо ўсё гэта стварае чалавек) і высокай адукацыяй. Таму зараз мы такую пільную ўвагу надаём навучанню інжынераў, канструктараў, праграмістаў», — заключыў ён.
Лукашэнка пажадаў маладым людзям моцнага здароўя і новых дасягненняў і адкрыццяў на карысць Беларусі. «Не імкніцеся куды-небудзь уцячы. Некаторыя ўцяклі — сёння не ведаюць, як вярнуцца. Таму, робячы свае рашучыя крокі, вы крыху раіцеся са старэйшымі — патрыётамі нашай Беларусі», — параіў ён.
Читать на dev.by