«Навошта ганялі туды-сюды?» Айцішнікі пра бессэнсоўныя марафоны сумоўяў

Пагутарылі з чытачамі пра «марафон» сумоўяў, якія давялося прайсці ім апошнім часам. Ці каштавала тое тых пакут? 

31 каментарый

8 этапаў «і мяне рэджэктнулі. А так бы яшчэ мелася быць праверка на паліграфе»

Андрэй (імёны герояў змененыя), распрацоўшчык, у ІТ — ад 2007 года:

У мяне быў бессэнсоўны «марафон» з сумоўяў пры канцы зімы ў кампаніі, якая распрацоўвае рашэнні для анлайн-казіно (галаўны офіс — на Кіпры). 

Калі ЕПАМ скараціў штат у верасні, я за былыя заслугі «паляцеў» на бэнч, а не на мароз — лічыце, пашанцавала. Стаў шукаць працу і наткнуўся на іх вакансію. Вось праз што давялося прайсці:

  • інтра-інтэрв’ю;
  • затым — на цімліда;
  • пасля — System Design;
  • а далей мне прапанавалі ролю engineering manager, таму прыйшлося прайсці новае інтра — ужо на менеджара;
  • плюс паводніцкае інтэрв’ю;
  • і глыбейшае тэхнічнае інтэрв’ю;
  • затым быў сек’юрыці-чэк, я збіраў даведкі аб тым, што несудзімы, і фідбэкі ад сваіх былых кіраўнікоў;
  • затым адбылося інтэрв’ю з CTO. З ім не «пасябраваў» — і мяне рэджэктнулі (афіцыйна на пазіцыю ўзялі спецыяліста знутры). А так бы яшчэ мелася быць праверка на паліграфе.

Што характэрна: паміж кожным з этапаў праходзіў тыдзень-паўтара. І я б дакладна не пагадзіўся на такое, калі б мяне не паманілі заробкам у 9 тысяч еўра чыстымі і рэлакейтам на Кіпр (калі сталі казаць аб менеджарскай пазіцыі, то сума наогул ператварылася ў 11-12 тысяч).

Ці шкадую я, што не трапіў — так, па-вар’яцку! Бо грошы «конскія». І, вядома, я актыўна рыхтаваўся да кожнага этапу і вельмі гарэў пазіцыяй (усе акрамя CTO — бясконца прыемныя людзі).

А калі не абмяркоўваць канкрэтна гэты кейс, а казаць у цэлым, то ў мяне было шмат інтэрв’ю з рознымі кампаніямі, — і не сказаць, што я шкадую аб такім вопыце.

Ад 2016 да 2023 года ў мяне ўсяго за жыццё было максімум 5-6 інтэрв’ю. Усюды я ўладкоўваўся дзякуючы сваёй рэпутацыі і нэтворку. А ад восені 2023 года я прайшоў дзясяткі інтэрв’ю, падаў сотні рэзюмэ. У маі я ўладкаваўся ў кампанію, але зразумеў, што ў ёй пануе хаос, — і зноў выйшаў на рынак. Але цяпер я ўжо разумеў, як дзе наймаюць, умеў складаць CV і праходзіць «марафоны». 

Як вынік — калі да сярэдзіны-канца лета я мог мець у найлепшым выпадку 1-2 працэсы паралельна, то цяпер у мяне 8 такіх (ад распрацоўшчыка да кіраўніка пазіцыі). Некаторыя на пачатковых этапах, некаторыя — на позніх. Так, прыйшлося поднатаскацца, але не шкадую нават, што паганяў LeetCode, хоць і ненавіджу гэтую справу. 

«Праз 1,5 месяца (6 этапаў) атрымаў адмову: няма вопыту працы ў буйной камандзе распрацоўшчыкаў»

Іван, Unity-распрацоўшчык, вопыт у ІТ — 3 гады:

— Праходзіў сумоўе ў кампанію Moon Active на пазіцыю Unity Developer.

  • Спачатку ў мяне быў быў сазвон з эйчарам — мяне папыталі аб маім вопыце, расказалі пра вакансіі. 
  • Затым трэба было выканаць тэставае — як выявілася, патрабавалася зрабіць паўнавартасны праект, напісаць на яго Unit- і Playmode-тэсты. 
  • Я прайшоў далей — і мяне адправілі на тэхнічнае інтэрв’ю. Шчыра кажучы, мне здавалася, што яно прайшло не вельмі добра, але праз дзень мне сказалі, што я прайшоў на наступны этап. 
  • Затым было інтэрв’ю з RnD-лідом, на якім ён таксама задаваў тэхнічныя пытанні. 
  • Пасля гэтага мяне папрасілі скінуць 3 кантакты з мінулай працы, каб зрабіць бэкграўнд-чэк. 
  • А затым адправілі на HR-інтэрв’ю. 

І праз 1,5 месяца я атрымаў разгорнутую адмову, у якой яны напісалі, што я ўсім іх задавальняю акрамя адсутнасці вопыту работы ў буйной камандзе распрацоўшчыкаў. Не разумею, навошта мяне так доўга ганялі туды-сюды, калі з майго рэзюмэ адразу можна было зразумець, дзе я працаваў раней. Дый наогул я лічу, што ўсе гэтыя «марафоны» сумоўяў не апраўданыя. 

Цікава, што кампанія закрыла гэтую пазіцыю толькі праз 4 месяцы пасля адмовы.

«Астатнія этапы — гэта трата часу, каб потым зразумець, што ў кандыдата … няма досведу ў e-commerce»

Аркадзь, распрацоўшчык, у ІТ — 7 гадоў:

3 месяцы шукаў працу. За гэты час было некалькі кампаній, у якіх давялося прайсці па 5+ этапаў сумоўяў — сярод іх расійскія і беларускія. Звычайна гэта так:

  • першае інтэрв’ю з эйчарам, каб пазнаёміцца — ну, гэта база;
  • затым некалькі тэхнічных (у адной кампаніі мяне нават паганялі па тэхналогіях, якія не выкарыстоўваю і гэта не трэба — склалася ўражанне, што ў іх проста інтэрв’юер прастойваў, трэба было чымсьці яго загрузіць);
  • інтэрв’ю з CTO;
  • і зноў з эйчарам — ну, аджа не дарма ён хлеб свой есць.

Мне самому даводзілася праводзіць тэхнічныя сумоўі па працы, таму я ўжо праз паўгадзіны гутаркі з кандыдатам ведаю, ці прыдатны ў яго для нашага праекта вопыт, ці не (і ці зможа хутка асвоіць штосьці, чаго яму не хапае). Не мае сэнсу праводзіць усе гэтыя 100500 этапаў — не ў FAANG жа наймаюць. Хапіла б трох этапаў: гутаркі з рэкруцёрам, тэхнічнага інтэрв’ю і размовы з камандай, каб зразумець, ці ёсць мэтч. 

Усе астатнія этапы — гэта марнаванне часу: як самога кандыдата, так і супрацоўнікаў кампаніі. Каб потым зразумець раптам пры канцы, што ў кандыдата … няма досведу ў e-commerce (як было са мной, напрыклад).

Так, яго няма, але гэта вынікае з рэзюмэ, а калі невідавочна, то гэта можна ўдакладніць на першым інтэрв’ю з эйчарам — і для гэтага не трэба разгортваць сумоўную кампанію.  

У некаторых кампаніях сумоўі праводзіліся раз на тыдзень. У адной мне пайшлі насустрач — паклалі ўвесь працэс у некалькі дзён, хоць спачатку эйчарка пратэставала, бо мне ж «трэба рыхтавацца». Я адказаў, што прайшоў ужо нямала сумоўяў у іншых кампаніях і калі яны расцягнуць працэс на месяц і даўжэй, то ёсць верагоднасць, што я не скончу ў іх сумовіцца — а прыму офер ад іншай кампаніі. 

А ў выніку я ўладкаваўся ў стартап з ЗША, дзе працаваў адзін мой калега. Сумоўяў было 4: з эйчарам, з цімлідам, з CTO і з CEO.

«Пакляўся сабе больш тэставых не рабіць». Крык душы з нагоды ІТ-гутарак
Па тэме
«Пакляўся сабе больш тэставых не рабіць». Крык душы з нагоды ІТ-гутарак
«Выгляд моцна змяніўся». Кампанія наняла QA і зразумела, што сумоўе праходзіў не ён 
Па тэме
«Выгляд моцна змяніўся». Кампанія наняла QA і зразумела, што сумоўе праходзіў не ён

Читать на dev.by