Маск больш не найбагацейшы чалавек у свеце. А самы багаты — не айцішнік
Ілан Маск саступіў першае месца ў топе мільярдэраў паводле версіі Forbes французскаму прадпрымальніку і кіраўніку кампаніі-ўладальніцы Louis Vuitton Бернару Арно.
У сераду выданне ацаніла багацце амерыканскага бізнэсоўца ў $185,7 млрд — гэта ўсяго на $0,1 млрд менш, чым у Арно.
За гэты год Маск «збяднеў» больш як на $100 млрд. Гэта звязана з моцным падзеннем каціровак Tesla, акцыі якой складаюць ільвіную долю Маскавага багацця.
У сераду паперы аўтавытворцы патаннелі на 4%. Ад пачатку года кампанія страціла амаль 57% рынкавай капіталізацыі і цяпер каштуе крыху больш за $541 млрд. Многіх інвестараў турбуе тое, што гендырэктар Tesla пераключыў сваю ўвагу на нядаўна набытую ім сацсетку Twitter.
Пры гэтым у рэйтынгу мільярдэраў ад Bloomberg па-ранейшаму лідзіруе Маск, а яго багацце аналітыкі ацэньваюць на $179 млрд — на $14 млрд больш, чым у Бернара Арно.
Маск стаў найбагацейшым на планеце летась, абышоўшы заснавальніка Amazon Джэфа Безаса.
Група кампаній Louis Vuitton Moët Hennessy, якую ўзначальвае Арно, аб’ядноўвае каля 70 модных і касметычных брэндаў. Яе ацэнка — $376 млрд.
Читать на dev.by