Маск перанакіраваў сваёй сацсетцы тысячы чыпаў, якія прызначаліся для Tesla
CNBC апублікаваў фрагменты ўнутраных імэйлаў Nvidia, згодна з якімі Ілан Маск папрасіў кампанію адкласці пастаўкі чыпаў для Tesla і замест гэтага перадаць іх Х. Гэта стала вядома на фоне пазову, пададзенага да мільярдэра акцыянерамі аўтавытворцы за тое, што ён не выконвае сваіх забавязанняў.
Нататка датуецца мінулым снежнем. У ёй гаворыцца, што Маск папрасіў аддаць сацсетцы прыярытэт у пастаўцы графічных працэсараў H100 і перанакіраваць ёй 12 тысяч штук, якія першапачаткова мелася атрымаць Tesla. А 12 тысяч GPU, якія былі замоўленыя для Х і меліся быць пастаўленыя ў студзені і чэрвені, перапісаць на Tesla.
Неўзабаве пасля таго імэйла Маск заяўляў, што электрамабільная кампанія сёлета выдаткуе каля $10 млрд на вылічальныя магутнасці для навучання АІ. Таксама CNBC згадвае свяжэйшы, красавіцкі імэйл Nvidia, у якім гаворыцца, што гэтыя яго словы разыходзяцца з заказамі і прагнозамі на 2025 фінансавы год. З іншых лістоў, якія трапілі ў распараджэнне CNBC, вынікае, што Маск спрабуе забяспечыць GPU для іншай сваёй кампаніі xAI. Яна карыстаецца магутнасцямі Х і хоча стварыць найбуйнейшы ў свеце кластар — ён мае часткова запрацаваць у чэрвені.
Пасля выхаду артыкула Маск растлумачыў, што Tesla не магла ўвесці ў строй заказаныя чыпы, і яны папросту пыліліся б на складах. Але на гігафабрыцы ў Тэхасе, якая амаль гатовая, будзе размешчана 50 тысяч паскаральнікаў H100 для навучання аўтапілота. А на «жалеза» Nvidia ў цэлым кампанія выдаткуе $3-4 млрд.
Читать на dev.by