Маск пасварыўся з касмічным рэгулятарам ЗША праз запускі Starship
Паміж касмічным рэгулятарам і кампаніяй Маска ўсчаўся канфлікт праз выдачу ліцэнзій на палёты. Ведамства патрабуе выконваць законы, Маск патрабуе адправіць кіраўніка агенцтва ў адстаўку.
Паміж касмічным рэгулятарам і кампаніяй Маска ўсчаўся канфлікт праз выдачу ліцэнзій на палёты. Ведамства патрабуе выконваць законы, Маск патрабуе адправіць кіраўніка агенцтва ў адстаўку.
Федэральнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі (FAA) ЗША заявіла, што кампанія Маска парушыла правілы рэгулятара ў часе правядзення двух пускаў ракет у 2023 годзе. На думку FAA, SpaceX правяла пускі пры адпраўцы інданезійскага спадарожніка, а таксама пры выпрабавальным палёце ракеты Super Heavy да выдачы ліцэнзій.
На думку ведамства, SpaceX мае заплаціць буйны штраф у памеры $633 тысяч і выконваць правілы бяспекі належным чынам. Таксама рэгулятар падкрэсліў, што кампанія наўрад ці атрымае новы дазвол на правядзенне чарговага пуску Starship раней за лістапад гэтага года.
«Яны існуюць амаль 20 гадоў, і я лічу, што яны маюць працаваць на самым высокім узроўні бяспекі, што ўключае ў сябе наяўнасць сістэмы кіравання бяспекай, а таксама праграмы па абароне інфармацыі <…> Яны запусцілі ракету без дазволу», — заявіў кіраўнік Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі (FAA) ЗША Майк Уітакер.
Акрамя таго, Уітакер нагадаў, што SpaceX нібыта парушае шэраг экалагічных законаў штата Тэхас і ў цэлым надае экалагічным экспертызам мала ўвагі. Затрымку з выдачай ліцэнзій ён патлумачыў тым, што кампанія падала даныя па экспертызе акустычнага забруджвання ў самы апошні момант — і агенцтва проста не паспела апрацаваць даныя ў такія кароткія тэрміны.
«SpaceX не парушаў закону штата — SpaceX меў дазвол на аперацыі затаплення ад Камісіі Тэхаса па якасці навакольнага асяроддзя (TCEQ). Кампанія глыбока занепакоеная тым, што адміністратар [FAA], відаць, не валодае дакладнай інфармацыяй, даступнай яму непасрэдна ў пытаннях ліцэнзавання SpaceX», — адказалі ў кампаніі.
SpaceX аспрэчыла заяву Уітакера, назваўшы яго сцверджанне няслушным. «SpaceX — самы бяспечны і надзейны пастаўшчык паслуг па правядзенні касмічных пускаў у свеце, і кампанія прыхільная гарантаванню бяспекі ў часе правядзення любых аперацый», — гаворыцца ў заяве кампаніі.
Ілан Маск уключыўся ў дыскусію і заклікаў Уітакера сысці ў адстаўку за зрыў касмічнай праграмы. Бізнэсовец мяркуе, што FAA карае кампанію «за дробныя пытанні, якія не маюць нічога агульнага з бяспекай, у той час як ігнаруюцца рэальныя праблемы бяспекі ў Boeing».
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.