Маск пракаментаваў наяўнасць тэрміналаў Starlink у расійцаў на вайне ва Украіне
Ілан Маск адрэагаваў на заявы ГУР Украіны пра тое, што расійскія вайскоўцы на фронце карыстаюцца спадарожнікавым інтэрнэтам Starlink. Прадпрымальнік адмаўляе продаж абсталявання Расіі.
У нядзелю ў Telegram-канале ўкраінскага ведамства з’явілася інфармацыя, што расійцы выкарыстоўваюць Starlink для камунікацыі на полі бою. У пацверджанне ўкраінская выведка апублікавала аўдыязапіс перамоў двух салдат 83 дэсантна-штурмавой брыгады ў Данецкай вобласці.
«У шэрагу ілжывых навінавых паведамленняў сцвярджаецца, што SpaceX прадае тэрміналы Starlink Расіі. Гэта катэгарычна не так. Наколькі нам вядома, ніводны тэрмінал не быў прададзены ў Расію проста або ўскосна», — заявіў Маск.
Ён дадаў, што спадарожнікі не змаглі б падлучыцца да апаратаў на тэрыторыі Расіі, SpaceX таксама паспяшалася запэўніць, што Starlink у краіне не працуе. Аднак на пытанне пра тое, ці маглі тэрміналы трапіць у рукі расійцаў праз трэціх асоб, бізнэсовец не адказаў.
Якую колькасць тэрміналаў мае расійскі бок і як яны маглі быць атрыманыя, у пасце ГУР не ўдакладняецца. Але, паводле слоў прадстаўніка выведкі Андрэя Юсава, выпадкі выкарыстання Starlink расійцамі «пачынаюць набываць сістэмны характар». На думку Wall Street Journal, тэрміналы маглі быць захопленыя расійцамі ва ўкраінцаў падчас баёў.
Читать на dev.by