Маск святкуе перамогу: суд заблакаваў закон Каліфорніі пра дыпфэйкі
Акруговы суд ЗША заблакаваў адзін з новых законаў Каліфорніі, які забараняе распаўсюджваць дыпфэйкі пра кандыдатаў у часе перадвыбарных кампаній.
Раней закон AB 2839 падпісаў губернатар штата Гэвін Ньюсам. Дакумент уваходзіць у пакет з 18 законаў, якія рэгулююць АІ-сферу і ўжо пачалі дзейнічаць у Каліфорніі. Патрабаванні AB 2839 тычацца карыстальнікаў, якія публікуюць дыпфэйкі і могуць падмануць выбаршчыкаў наконт будучых выбараў.
Падставай для забароны стаў пазоў карыстальніка X Крыстафера Корса, які стварыў дыпфэйк Камалы Харыс і апублікаваў яго ў сацсетцы. Ролік перапосціў Ілан Маск, а пасля прыняцця закона зрабіў гэта паўторна, напісаўшы: «Губернатар Каліфорніі толькі што, у парушэнне канстытуцыі ЗША, зрабіў гэтае парадыйнае відэа незаконным. Будзе шкада, калі яно стане вірусным».
Адвакат Корса заявіў, што дыпфэйк Харыс — сатыра, якая мае быць абароненая Першай папраўкай да канстытуцыі ЗША, што гарантуе свабоду слова. Суд пастанавіў, што штат не мае права прымушаць карыстальнікаў выдаляць дыпфэйкі, прысвечаныя выбарам, і прыпыніў дзеянне AB 2839, за выключэннем аўдыяпаведамленняў.
«Амаль любы зменены ў лічбавым выглядзе кантэнт, паказаны адвольнай асобе ў інтэрнэце, можа лічыцца шкодным. Напрыклад, згенераваныя АІ прыблізныя лічбы яўкі выбаршчыкаў могуць лічыцца ілжывым кантэнтам, які абгрунтавана падрывае давер да вынікаў выбараў у адпаведнасці з гэтым законам», — сказана ў пастанове суда.
Суддзя Джон Мендэс падкрэсліў, што AB 2839 «абапіраецца на розныя суб’ектыўныя тэрміны», а многія «шкодныя» выявы, паказаныя розным асобам, у выніку могуць не паўплываць на выбарчыя перспектывы або ўвогуле не падарваць даверу да выбараў».
Читать на dev.by