Маск паказаў канцэпцыю Twitter 2.0 — і зноў наймае
Новы ўладальнік Twitter учора падзяліўся слайдамі сваёй прэзентацыі, у якой гаворыцца пра цяперашні стан і планы росту і развіцця сацсеткі. Бізнэсовец не ўдакладніў, калі менавіта выступаў з прэзентацыяй.
На першым слайдзе без падрабязнасцей сказана, што кампанія зноў наймае. Пасля некалькіх раўндаў скарачэнняў і звальненняў з уласнага жадання Twitter страціў прыкладна дзве траціны штату, які быў да ўгоды.
Паводле даных Маска, пад яго кіраўніцтвам у сярэдзіне лістапада сацсетка фіксавала рэкордную колькасць новых карыстальнікаў — у сярэднім 2 млн на дзень. Колькасць манетызаваных штодзённых актыўных карыстальнікаў набліжаецца да 254 млн.
Таксама Маск сцвярджае, што на платформе прыкметна знізілася колькасць мовы нянавісці і (пасля ўсплёску) колькасць выпадкаў, калі людзі выдаюць сябе за іншых.
Што тычыцца будучыні сацсеткі, Маск хоча зрабіць з яе «суперпраграму». У планах — дадаць інтэрактыўную рэкламу, укараніць плацяжы, перапрацаваць падачу відэакантэнту, дадаць доўгія твіты і шыфраванне асабістых паведамленняў, а таксама перазапусціць платную падпіску Twitter Blue.
Паводле прагнозаў прадпрымальніка, праз год-паўтара Twitter будзе налічваць мільярд штомесячных юзараў.
Читать на dev.by