Маск звольніў топ-менеджара Twitter праз тое, што ў яго падае папулярнасць
Ілан Маск звольніў топ-менеджара Twitter за словы пра тое, што бізнэсовец губляе папулярнасць на платформе, піша Platformer.
На пачатку тыдня Маск правёў сустрэчу з некалькімі інжынерамі Twitter, дзе абмяркоўвалася яго колькасць праглядаў у сацсетцы, якая апошнімі месяцамі ідзе на спад. Раней мільярдэр даручыў некаторым супрацоўнікам праверыць, што ахоп яго пастоў не абмежаваўся праз праблемы ў рэкамендацыйным алгарытме Twitter. Ён быў абураны тым, што ў яго больш за 100 млн падпісчыкаў, але пры гэтым ён збірае толькі дзясяткі тысяч рэакцый.
Супрацоўнікі паказалі Маску ўнутраныя даныя і табліцы з Google Трэндаў, якія сведчаць пра тое, што грамадскі інтарэс да яго падае. Паводле даных сэрвісу Google, папулярнасць Маска была на піку ў мінулым красавіку, калі ён прапанаваў угоду Twitter, і ад таго часу знізілася больш ніж у 10 разоў.
Калі адзін з інжынераў выказаў здагадку, што гэта магло адбыцца праз адсутнасць цікавасці карыстальнікаў да яго пасля куплі Twitter, Маск заявіў, што той звольнены. Таксама ён загадаў супрацоўнікам сачыць за тым, з якой частотнасцю яго твіты з’яўляюцца ў рэкамендацыях — удзельнікам сустрэчы не ўдалося пераканаць яго ў тым, што зніжэнне колькасці праглядаў у яго не звязанае з будзь-якімі ўнутранымі праблемамі.
У сярэдзіне гэтага тыдня Twitter перанёс буйны збой. У карыстальнікаў узніклі праблемы з публікацыяй твітаў, адпраўкай паведамленняў і падпіскай на іншыя акаўнты. Маск папрасіў распрацоўшчыкаў прыпыніць працу над новым функцыяналам і засяродзіцца на ліквідацыі непаладак.
Раней, пасля куплі Twitter, Маск неаднаразова звальняў супрацоўнікаў, якія асмеліліся крытыкаваць яго.
Читать на dev.by