Маск звальняе супрацоўнікаў Twitter, якія публічна крытыкуюць яго
Ілан Маск абвясціў сябе «прыхільнікам свабоды слова». Але тых, хто паважыцца на людзях яму пярэчыць, папросту выганяе. Так пазбавіліся працы некалькі распрацоўшчыкаў Twitter, якія схапіліся з ім у сацсетцы.
У адным выпадку інжынер Эрык Франхёфер, які займаўся Android-версіяй, рэтвітнуў пост Маска і адзначыў, што мільярдэр не да канца разумее тэхнічныя аспекты праграмы.
Маск заявіў, што яна працуе вельмі павольна і спытаў, што было зроблена, каб гэта выправіць. Франхёфер паспрабаваў растлумачыць, але потым адзін з карыстальнікаў спытаў яго, чаму ён не выказаў усё гэта наўпрост босу. Той адказаў, што Маск сам мог бы спытаць яго ў прыватным парадку па пошце або ў Slack. У панядзелак Маск напісаў, што Франхёфер звольнены, але потым выдаліў твіт. Пазней распрацоўшчык сам паведаміў, што ў яго забралі доступы.
За спробу сказаць прадпрымальніку, што ён не мае рацыі, у адказ на той жа самы пост у нядзелю звольнілі іншага інжынера Бэна Ляйба. Ён прапрацаваў у Twitter 10 гадоў.
Таксама за «шытпосцінг» была звольненая яшчэ адная айцішніца, якая заявіла пра некампетэнтнасць бізнэсоўца.
Раней Маск звольніў амаль палову штатных супрацоўнікаў Twitter, хоць некаторых ужо папрасілі вярнуцца назад. Акрамя таго, было звольнена прыкладна 80% падрадчыкаў сацсеткі.
Маск стаў моцна мяняць карпарацыйную культуру Twitter пасля куплі — напрыклад, у сацсетцы і раней было непрынята публічна крытыкаваць кіраўніцтва на яе прасторах, але да Маска супрацоўнікі маглі рабіць гэта ў карпарацыйных каналах у Slack або па пошце — часам навідавоку ва ўсёй кампаніі. Супрацоўнікі, якія сышлі з Twitter, кажуць, што пасля яго прыходу парушылася ўнутраная камунікацыя, у тым ліку ў пытаннях падсправаздачнасці і абазначэння прыярытэтаў.
На гэтай глебе паўсталі асцярогі ў тэхнічнай стабільнасці платформы. У панядзелак распрацоўшчыкам без тлумачэнняў забаранілі ўносіць змены ў кодавую базу Twitter.
Читать на dev.by