«Маці ўсіх зліваў»: найбуйнейшая ўцечка асабістых даных у гісторыі закранула Беларусь
Даследнікі SecurityDiscovery і Cybernews выявілі маштабную ўцечку даных ва ўсім свеце, якая складае 12 ТБ інфармацыі і ахоплівае 26 мільярдаў файлаў.
Спецыялісты назвалі ўцечку «Маці ўсіх зліваў» і найбуйнейшай у гісторыі. Паводле даных Cybernews, уцечка закранула сотні розных сацсетак і інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку ўрадавыя сайты ЗША, Германіі, Турцыі, Філіпін, Бразіліі і іншых краін. Узломшчыкі пакуль не ідэнтыфікаваныя.
У злітай базе знаходзіцца інфармацыя аб электронных лістах, тэлефонных нумарах, фотаздымках і ўліковых запісах карыстальнікаў з буйных сацсетак (X, Telegram, LinkedIn), сэрвісаў (Adobe, Gmail, Canva). Найбольш пацярпела ад уцечак кітайская сацсетка Tencent QQ, якая страціла паўтара мільярда файлаў асабістых даных карыстальнікаў.
Хакерская атака закранула тры беларускія дамены. Гэта sundays.by (сайт Беларускага пастаўшчыка тавараў для побыту і адпачынку), obana.by (ужо няісны сайт аўкцыёну тавараў са Скандынавіі) і tuts.by (хоць такога сайта не існуе, даследчыкі маглі дадаць лішнюю літару да назвы партала тутбай). Поўны спіс пацярпелых рэсурсаў паказаны тут.
«Гэтая ўцечка — надзвычай небяспечная, паколькі злачынцы могуць выкарыстоўваць выкрадзеную інфармацыю для шырокага спектра нападаў, уключаючы крадзеж асабістых даных, складаныя фішынгавыя схемы, мэтавыя кібератакі і несанкцыянаваны доступ да асабістых і канфідэнцыйных грашовых рахункаў», — лічаць даследчыкі.
Читать на dev.by