Падазроны месэнджар Max стаў лідарам стораў у Беларусі. Таксама боты? Здаецца, не

На першыя пазіцыі аплікацыя выйшла у апошні тыдзень.

2 каментарыя

Месэнджар Max ад VK нечакана заняў лідзіруючую пазіцыю ў рэйтынгах стораў па Беларусі. Той самы, які з 1 верасня будуць усталёўваць на ўсе прадаваныя ў Расіі гаджэты, які павінен замяніць telegram/ whatsapp і які карыстальнікі падазраюць у занадта шырокіх доступах.

На гэта звярнуў увагу ў сацсетцы X беларускі ASO-спецыяліст Арцём Ткачук, з ім пагутарыў devby.io.

«Беларусы масава пампуюць расійскі месэнджар Max. Тыдзень таму апка стала #1 у Беларусі ў Google Play і App Store. Max пачалі актыўна выпраўляць рэйтынг (імхо — боты). Яшчэ 12-га андроід меў 2.9, сёння ўжо 4.2. За апошнія 7 дзён іос-апка атрымала 1к новых рэйтынгаў. Што робіцца?».

Рэйтынгі аплікацый у цэлым залежаць ад спампоўванняў, але не з’яўляюцца вытворнымі толькі ад колькасці ўсталёвак. Алгарытмы ўлічваюць інтэнсіўнасць спампоўванняў у прамежак часу, а таксама ўтрыманне, водгукі, актыўнасць карыстальнікаў і абнаўленняў. Згодна з Appfollow, з канца ліпеня аплікацыя стала нумарам адзін у катэгорыі «зносіны», а ў жніўні — увогуле сярод аплікацый (overall).

Першую пазіцыю расійскага месэнджара ў Беларусі адлюстроўвае таксама сэрвіс Similarweb. Вось топ-10 бясплатных аплікацый у Google Play, паводле дадзеных Similarweb.

А вось — у Appstore.

Дык што ж адбываецца

На пытанне «што робiцца?» сам Арцём разважае так: «Два варыянты — ці рэальна пампуюць. Ці ў кагосьці зацікаўленага ў росце гэтага месэнджара вельмі добрыя боты і іх вельмі шмат і яны здольныя абыходзіць алгарытмы Гугла і Эпла.

У бок ботаў мяне схіляе аб’ём рэйтынгаў. Гэта вельмі ненатуральна — праўдзівыя карыстальнікі так не паводзяць сябе. Разам з ростам апка пачала атрымліваць дзесяткі тысяч рэйтынгаў 5. Яшчэ месяц назад андроід апка мела 30,5 тысячы рэйтынгаў 5, а за апошні месяц атрымала амаль 400 тысяч новых пяцёрак».

Яшчэ адзін эксперт, незалежны распрацоўшчык аплікацый, заўважае, што «ў белапсторы не патрэбна шмат спампоўванняў, каб быць у топе». Пры гэтым згаджаецца, што спампоўванні ёсць.

Паводле дадзеных Appmagic, за апошнія 30 дзён Max у Беларусі спампавалі больш за 50 тысяч разоў (1% ад усіх спампоўванняў). Але самае дзіўнае, што акрамя Расіі і Беларусі, аплікацыю актыўна ўсталёўваюць у іншых краінах — так, па 100 тысяч + спампоўванняў Appmagic фіксуе у Казахстане і Узбекістане.

Больш за тое, лідзіруючыя пазіцыі ў сторах месэнджар зараз займае амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах.

Гэта дзіўна, таму што зарэгістравацца ў Max можна толькі па расійскім ці беларускім нумары тэлефона. Няўжо дадатак масава спампоўваюць расійскія мігранты/рэлаканты? Наўрад ці.

Верагодна, статыстыку даюць замежныя мігранты з краін СНД, якія знаходзяцца/жывуць/працуюць у Расіі і ў добраахвотна-прымусовым парадку ўсталёўваюць новы месэнджар. Справа ў тым, што краіна карыстальніка адсочваецца не па яго геаграфічнай пазіцыі, а па наладках акаўнта, якія не змяняюцца аўтаматычна з перамяшчэннем.

— Крамы прыладаў адсочваюць краіну карыстальніка не па геаграфічнай лакацыі. І ў гугла і ў эпла краіна акаунта задаецца ў наладах. Гугл дазваляе змяняць краіну раз на год і зрабіць гэта дастаткова няпроста. Эпл не мае такіх абмежаванняў, але і там каб змяніць краіну трэба выканаць шэраг дзеянняў у наладах, — тлумачыць суразмоўца devby.io.

Калі версія слушная, значыць, і анамальны ўсплёск рэйтынгу ў Беларусі забяспечылі тыя беларусы, якія жывуць/працуюць у Расіі.

Блакіроўкі канкурэнтаў і 16 RUB

У блогераў ёсць яшчэ адна версія небывалага ўзлёту месэнджара — закупка матываванага трафіку. Яны абмяркоўваюць знойдзеную на «біржы па накрутцы каментароў» прапанову — пакінуць у Appstore водгук на Max, даслаць скрыншот і атрымаць 15,7 RUB.

Але ў AOS-спецыялістаў ёсць і больш прыземленыя тлумачэнні. Яны звяртаюць увагу на тое, што імклівы рост рэйтынгу месэнджара пачаўся 13 жніўня — у дзень абнаўлення аплікацыі, які супаў з блакіроўкамі званкоў у Telegram і Whatsapp.

Відавочна, не маючы магчымасці звязацца з блізкімі праз звыклыя камунікатары, расіяне і тыя замежнікі, хто знаходзіўся ў Расіі, пачалі актыўна спампоўваць Max.


Читать на dev.by