Meta прайграла пазоў аб перадачы дадзеных з Flo
Каліфарнійскі суд вырашыў, што Meta парушыла закон штата аб ахове прыватнасці карыстальнікаў — такія абвінавачванні ёй былі прад’яўлены ў рамках калектыўнага пазову ад карыстальніц Flo.
Пазаўнікі прадстаўляюць інтарэсы мільёнаў карыстальніц аплікацыі з беларускімі каранямі. Яны сцвярджаюць, што Meta без дазволу збірала надзвычай адчувальныя дадзеныя аб здароўі — аб менструальным цыкле, настроі, сімптомах, сэксуальнай актыўнасці, вазе — і выкарыстоўвала для таргетынгу рэкламы. Суд вырашыў, што тэхнагігант парушыў каліфарнійскі закон аб уварванні ў прыватнае жыццё (Invasion of Privacy Act).
Справа пачалася ў 2021 годзе. Акрамя Flo сярод адказчыкаў значыліся Meta, Google, а таксама рэкламныя кампаніі AppsFlyer і Flurry. Google урэгулявала пазоў у ліпені, Flo — на мінулым тыдні.
Адвакаты пазаўнікоў адзначылі, што рашэнне паказальнае і нагадвае бігтэхам аб адказнасці за абыходжанне з карыстальніцкімі дадзенымі: «Кампаніі накшталт Meta, якія таемна нажываюцца на надзвычай інтымнай інфармацыі карыстальнікаў, павінны быць прыцягнуты да адказнасці. Сённяшні вынік разбору пацвярджае базавае права на недатыкальнасць прыватнага жыцця — асабліва калі гаворка ідзе аб адчувальных медыцынскіх дадзеных».
Meta не згодна з вердыктам і адмаўляе, што шпіёніла за карыстальніцамі Flo. Тэхнагігант разглядае варыянты далейшых дзеянняў.
Читать на dev.by