Meta патрабуе кадаваць хутчэй і выдае інжынерам бэйджы за вайб-кодынг
Кампанія перабудоўвае ШІ-распрацоўку і заклікае каманды карыстацца знешнімі платформамі для больш хуткага прататыпавання і выкату зменаў.
Паводле ўнутраных дакументаў, атрыманых Business Insider, падраздзяленне Meta Superintelligence Labs (MSL) арыентуе каманды Product and Applied Research (PAR) на пераход з павольнай «хатняй» інфраструктуры кампаніі на папулярныя інструменты распрацоўкі кшталту Vercel і GitHub.
У адным з дакументаў гаворыцца, што цяперашнія сістэмы Meta, разлічаныя на мільярды карыстальнікаў і велізарныя каманды, «занадта доўга» дэплояць змяненні і «не падыходзяць для вайб-кодынгу». Паралельна MSL будуе ўнутраную альтэрнатыву пад назвай Nest — платформу для размяшчэння TypeScript-аплікацый унутры інфраструктуры Meta, з планам давесці час выкату да дзвюх хвілін.
У іншым дакуменце гаворыцца, што звязка Vercel і GitHub ужо выкарыстоўваецца PAR для паскоранага стварэння прататыпаў: на гэтых платформах працуе не менш за дзесяць праектаў, абнаўленні выкатваюцца «за хвіліны». У дакументах падкрэсліваецца, што апора на знешнія інструменты дазваляе абысці абмежаванні ўласных сістэм Meta, створаных «для іншай эпохі».
Унутры кампаніі расце і ціск на супрацоўнікаў: Meta адсочвае выкарыстанне ШІ праз дашборды і гейміфікуе ўкараненне. Выданне перадае, што добраахвотная праграма Level Up праз чат-бота Metamate выдае бэйджы за актыўнасць. У Reality Labs пастаўлена мэта падняць долю карыстальнікаў ШІ-інструментаў вышэй 75% (паводле дадзеных на чэрвень паказчык вырас з 30% да 70%).
Марк Цукерберг публічна заяўляў, што да канца 2025 года ШІ ў Meta зможа працаваць на ўзроўні мідл-інжынера, а «да сярэдзіны—канца наступнага года» агенты-кодэры будуць выконваць істотную частку R&D.
Читать на dev.by