Microsoft алгарытмам звольніла супрацоўніка, які адпрацаваў тут 25 гадоў. Апошні дзень працы прыпаў на яго дзень народзінаў
На Reddit з’явілася гісторыя супрацоўніка Microsoft, якому пасля больш як 25 гадоў працы кампанія не палічыла патрэбным хаця б нармальна паведаміць пра звальненне. Пост апублікавала ягоная жонка.
Паводле яе слоў, муж мае аўтызм і рассеяны склероз. Пры гэтым ён не прапусціў ніводнага працоўнага дня, амаль не браў бальнічны — нават тады працаваў з дому, выкладаўся па 60+ гадзін на тыдзень, падмяняў калегаў на Каляды і Дзень падзякі, ніколі не прасіў павышэння ці прэміі — «проста рабіў сваю справу і вырашаў невырашальныя задачы».
Кампанія адзначала яго за выпраўленне багаў, якія маглі б каштаваць мільёны даляраў. Ён быў настаўнікам для сотняў калегаў, некаторыя з якіх выраслі да кіраўнікоў, а ягонае імя ведаў нават СЕO, распавядае жанчына. У падзяку за лаяльнасць і ўнёсак ён быў аптымізаваны алгарытмам — сярод мноства іншых клетачак у табліцы. Апошнім дзень ягонай працы ў кампаніі стала мінулая пятніца, на якую прыпаў яго 48-ы дзень народзінаў.
Жонка звольненага дадае, што ганарыцца мужам і не шукае спачування — проста хацела падзяліцца тым, што адбылося.
Яшчэ больш сумна, адзначылі каментатары на форуме, што такая гісторыя сёння — далёка не выключэнне. Хтосьці дадаў, што таксама калісьці дазваляў працадаўцу так выкарыстоўваць сябе, але з цягам часу навучыўся бараніць свае межы і вучыць гэтаму іншых — бо памятае, як гэта, калі ціха выкладаешся напоўніцу і не атрымліваеш ні прызнання, ні падзякі.
Читать на dev.by