Microsoft будзе перадаваць дадзеныя аб вашым месцазнаходжанні працадаўцу праз Teams
Microsoft рыхтуе абнаўленне для Teams: аплікацыя будзе аўтаматычна вызначаць, з якога месца працуе супрацоўнік, і адлюстроўваць гэта ў статусе. Гаворка ідзе аб новай функцыі ў межах Microsoft 365 Roadmap.
Microsoft рыхтуе абнаўленне для Teams: аплікацыя будзе аўтаматычна вызначаць, з якога месца працуе супрацоўнік, і адлюстроўваць гэта ў статусе. Гаворка ідзе аб новай функцыі ў межах Microsoft 365 Roadmap.
Калі карыстальнік падключаецца да Wi-Fi сваёй арганізацыі, Teams пазначыць у профілі працоўны будынак, у якім ён знаходзіцца. Калі ж супрацоўнік працуе з іншай сеткі, напрыклад, з дома або кафэ, гэта таксама будзе бачна. Як адзначае Neowin, працадаўца зможа зразумець, ці падлучыліся вы да працоўнай сеткі, нават калі выкарыстоўваеце Teams або Outlook па-за офісам.
Такая перспектыва выклікала незадавальненне сярод прыхільнікаў гібрыднага фармату і тых, хто лічыць падобны кантроль умяшаннем у прыватнае жыццё. Першапачаткова рэліз функцыі планаваўся на студзень, затым яго перанеслі на люты, а цяпер — на сакавік. Чакаецца, што разгортванне завершыцца да сярэдзіны месяца. Прычыны затрымкі Microsoft не растлумачыла. Абнаўленне закране настольныя версіі Teams для Windows і Mac.
Кампанія падкрэслівае наяўнасць «карыстальніцкіх налад і абмежавальнікаў». Функцыя будзе адключана па змаўчанні, працаваць па прынцыпе opt-in і не будзе абнаўляць лакацыю па-за працоўным часам — у канцы дня дадзеныя аб месцазнаходжанні будуць ачышчацца. Аднак рашэнне аб уключэнні функцыі будуць прымаць адміністратары арганізацыі: яны змогуць актываваць яе і абавязаць супрацоўнікаў пагадзіцца на выкарыстанне. То бок калі кампанія захоча зрабіць сачэнне абавязковым, уся добраахвотнасць знікае.
Па меркаванні UC Today, праблема шырэй за саму функцыю. Аўтаматычнае ўказанне лакацыі выглядае як зручнае UX-рашэнне — менш ручных налад і лішніх дзеянняў. Але ва ўмовах гібрыднай працы ўзнікае пытанне даверу. Windows Central звязвае новаўвядзенне з палітыкай вяртання супрацоўнікаў у офіс і задаецца пытаннем, супадзенне гэта ці спроба ўзмацніць кантроль і мікраменеджмент. Затрымку запуску таксама звязваюць з магчымай дапрацоўкай функцыі на фоне крытыкі.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.