Microsoft прызначыла сваю назіральніцу ў раду дырэктараў OpenAI
Найбуйнейшы інвестар дагэтуль не меў свайго прадстаўніка ў складзе рады дырэктараў стартапа, аднак леташняя спроба звальнення гендырэктара OpenAI Сэма Альтмана змяніла сітуацыю.
Паводле даных крыніц Bloomberg, сяброўкай рады дырэктараў OpenAI стане Дзі Тэмплтан, якая прапрацавала ў Microsoft больш за 25 гадоў і займае пасаду віцэ-прэзідэнткі па тэхналагічных і даследчых партнёрскіх праектах і аперацыях. Тэмплтан ужо пачала наведваць пасяджэнні праўлення, аднак статус назіральніцы не надзяляе яе правам голасу.
Цяпер у склад рады дырэктараў OpenAI уваходзяць былы дырэктар Salesforce Брэт Тэйлар, былы міністр фінансаў ЗША Лары Самэрс і Адам Д’Анджэла — апошні быў і ў папярэднім складзе рады. Пасля вяртання ў кампанію Альтман паабяцаў пашырыць рады, але канкрэтных лічбаў не назваў.
Вядома, што для кіраўніцтва Microsoft навіна аб звальненні Альтмана стала вялікай нечаканасцю, гендырэктар Сацья Надэла даведаўся пра перастаноўкі ў OpenAI амаль у той жа час, што і астатнія. Пасля скандалу кампанія патрабуе ад стартапа большай адкрытасці, хоць з’яўленне назіральніка Microsoft у праўленні можа прыцягнуць увагу антыманапольных органаў.
Читать на dev.by