Microsoft зноў дазволіла карыстальнікам з Расіі абнаўляць Windows і Office
Microsoft вярнула расійцам доступ да абнаўленняў Windows і Office, даведаліся «Известия».
Напрыклад, жыхары суседняй краіны зноў могуць спампаваць на камп’ютар найноўшую Windows 11 23Н2 і вобраз прадукту Office. Раней усталёўка апдэйтаў для іх была магчымая толькі праз VPN.
«Microsoft шукае шчыліны, каб застацца на расійскім рынку, які вельмі важны для іх. Нават калі кампанія ў сваіх заявах сцвярджае пра адваротнае, у прыватных размовах яны гарантавалі поўную падтрымку свайго софту», — сказаў прэзідэнт асацыяцыі «Руссофт» Валянцін Макараў.
Суразмоўцы выдання адзначаюць, што галоўнае для амерыканскай карпарацыі — гэта грошы, таму трэба падтрымліваць продажы любымі спосабамі, у тым ліку ў Расіі.
Microsoft заявіла пра спыненне дзейнасці ў Расіі і спыніла продажы сваіх прадуктаў Windows і Office тут у 2022 годзе. Карпарацыя абяцала заблакаваць працу сваіх сэрвісаў расійскім арганізацыям 20 сакавіка, але па факце рабіць гэтага не стала.
Читать на dev.by