Microsoft збіраецца інвеставаць у Польшчу $700 млн

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск па выніках сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Microsoft Брэдам Смітам, паведамляе канал Dzik Pic.

3 каментарыя

Паводле слоў Туска, Microsoft інвесціруе ў краіну ў рамках доўгатэрміновага супрацоўніцтва. 

У 2020 годзе кампанія абвясціла аб інвестыцыях у памеры аднаго мільярда долараў у Польскую лічбавую даліну (Polska Dolina Cyfrowa) — праект, накіраваны на падтрымку лічбавай трансфармацыі ў Польшчы. Ён засяроджаны на развіцці лакальнай воблачнай інфраструктуры, лічбавым навучанні, а таксама падтрымцы кампаній і дзяржаўных устаноў у адаптацыі воблачных тэхналогій.

У рамках гэтага праекта два гады таму Microsoft запусціў хаб Azure Poland Central — першы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе цэнтр апрацоўкі даных у воблаку, які складаецца з трох незалежных лакацый у ваколіцах Варшавы.

Інвестыцыі ў памеры 700 мільёнаў долараў — гэта працяг першага этапу супрацоўніцтва, які завяршыўся ў 2023 годзе.

На што пойдуць гэтыя грошы

Паводле слоў Брэда Сміта, 700 мільёнаў долараў будуць накіраваныя на праекты, якія рэалізуюцца ад сённяшняга дня да лета 2026 года.

«Мы паскараем працу над вылічальнымі магутнасцямі ў Польшчы і ў гэтым рэгіёне Еўропы», — заявіў віцэ-прэзідэнт Microsoft. Гэтыя вылічальныя магутнасці будуць выкарыстоўвацца, перш за ўсё, для ўзмацнення кібербяспекі ў супрацоўніцтве з узброенымі сіламі Польшчы.

Брэд Сміт дадаў, што гэта другая фаза праекта «Польская лічбавая даліна», за якой рушыць услед трэцяя, фінальная.

«Гэтыя інвестыцыі ў дадзены момант таксама з’яўляюцца ўвасабленнем даверу да палякаў, польскай эканомікі і польскага ўрада. Мы не ўкладваем такія велізарныя сумы проста так», — дадаў прадстаўнік кампаніі.

Google таксама супрацоўнічае

Раней аб супрацоўніцтве з Польшчай заявіў Google. На мінулым тыдні Дональд Туск сустрэўся з генеральным дырэктарам Alphabet і Google Сундарам Пічаі. Па выніках сустрэчы бакі ўклалі дамову аб стратэгічным партнёрстве.

Як заявіў Сундар Пічаі, бакі падпісалі мемарандум аб выкарыстанні штучнага інтэлекту ў энергетыцы, кібербяспецы і іншых сферах. «Мы чакаем, што гэта ўнясе ўклад у рост ВУП Польшчы на 8%», — чакае Пічаі.


Читать на dev.by