Microsoft вывозіць АІ-спецыялістаў з Кітая
Microsoft плануе перавезці найлепшых даследчыкаў штучнага інтэлекту, якія месцяцца ў Кітаі, у Канаду, піша Financial Times са спасылкай на чатыры дасведчаныя крыніцы. Гэта можа падарваць базу азіяцкай краіны для падрыхтоўкі такіх кадраў.
Пекінская арганізацыя Microsoft Research Asia (MSRA) пачала працэдуру атрымання віз для сваіх АІ-спецыялістаў. Яны будуць працаваць у ейным інстытуце ў Ванкуверы.
Ініцыятыва па рэлакацыі супрацоўнікаў атрымала назву Vancouver Plan і закране ад 20 да 40 супрацоўнікаў. Яны пераедуць у Канаду сёлета. Тут амерыканскі тэхнагігант рыхтуе новую лабараторыю, якая будзе ўкамплектаваная спецыялістамі з усяго свету.
Крыніцы выдання сцвярджаюць, што Microsoft перавозіць каштоўных людзей на фоне ўзмацняецца палітычнага напружання паміж ЗША і Кітаем, а таксама каб не дазволіць займець іх мясцовым кампаніям, што распрацоўваюць аналагі ChatGPT.
У Microsoft у адказ на публікацыю FT заявілі, што лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці і плана пад такой назвай не існуе. Але дадалі, што новая лабараторыя ў Ванкуверы будзе звязаная з MSRA і ствараецца для цяснейшага ўзаемадзеяння з інжынернымі камандамі ў канадскім горадзе, і што ў ёй сапраўды будзе інтэрнацыянальны штат.
MSRA служыць важным цэнтрам падрыхтоўкі кітайскіх ІТ-спецыялістаў. Сярод яго выхадцаў — тэхдырэктар Alibaba Ван Цзянь, сузаснавальнік распрацоўшчыка сістэм распазнання твараў SenseTime Ксу Лі і кіраўнік АІ-кампаніі Megvii Інь Ці.
Станам на мінулы верасень Microsoft мела ў Кітаі 9 тысяч супрацоўнікаў, з якіх больш за 80% — інжынеры софту або R&D-спецыялісты. Тады кампанія планавала наняць у краіне яшчэ 1 тысячу чалавек.
Аднак многія з іх працуюць над міжнароднымі прадуктамі, што можа пачаць перашкаджаць Microsoft у выпадку яшчэ большага пагаршэння адносін паміж ЗША і Кітаем. Адная з крыніц FT кажа, што ў далейшым Microsoft можа вывезці з Кітая і топавых інжынераў.
Читать на dev.by