Міграцыйная служба ЗША рыхтуецца да масавага сачэння за мігрантамі

Ведамства плануе пашырыць праграму назірання за імігрантамі, якія прыбываюць у краіну і чакаюць рашэння суда. Служба мяркуе, што іх колькасць значна ўзрасце ў часе другога тэрміну Дональда Трампа.

2 каментарыя

Іміграцыйная і мытная паліцыя ЗША (ICE) абвясціла пра планы пашырэння сваёй праграмы сачэння за імігрантамі. На гэта звярнуў увагу Wired. Паведамленне ведамства з’явілася ўсяго праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння перамогі Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША.

ICE плануе выкарыстоўваць розныя тэхналогіі для сачэння, уключаючы электронныя бранзалеты, GPS-трэкеры, біяметрычныя сістэмы рэгістрацыі, а таксама прыцягваць дадатковых супрацоўнікаў для маніторынгу людзей, якія чакаюць судовых слуханняў у пытаннях іміграцыі або дэпартацыі.

Часопіс адзначае, што маштабы праграмы могуць быць велізарнымі. Цяпер у праграме ICE па інтэнсіўным наглядзе (ISAP) удзельнічае амаль 200 тысяч чалавек. Аднак гэтая лічба можа вырасці да больш як 5 мільёнаў, калі Трамп выканае сваё абяцанне пра масавую дэпартацыю нелегальных мігрантаў.

Прыватныя кампаніі будуць граць ключавую ролю ў рэалізацыі праграмы. ICE ўжо запытала ў кампаній-падрадчыкаў інфармацыю аб тым, як яны будуць захоўваць дадыя аб месцы знаходжання і асабістую інфармацыю, дзе будуць размешчаныя іх офісы, як яны будуць укамплектоўваць персанал і якія тэхналогіі яны выкарыстоўваюць для аддаленага назірання.

GEO Group, адная з найбуйнейшых прыватных турэмных кампаній у ЗША, ужо заявіла аб сваёй гатоўнасці прыняць удзел у абноўленай праграме. GEO Group з’яўляецца мацярынскай кампаніяй B.I. Incorporated, якая ад 2005 года ёсць падрадчыкам ICE па праграме ISAP. Генеральны дырэктар GEO Group Браян Эванс заявіў, што кампанія можа павялічыць свае магутнасці па ISAP на «некалькі сотняў тысяч удзельнікаў і да некалькіх мільёнаў, калі гэта будзе неабходна».

Эксперты мяркуюць, што праграма ISAP выгадная для ICE, паколькі яна дазваляе зэканоміць сродкі ў параўнанні з утрыманнем мігрантаў пад вартай. Нават калі Трамп выканае сваё абяцанне аб масавым затрыманні, ISAP, хутчэй за ўсё, будзе важнай часткай любой праграмы масавай дэпартацыі. Планы па пашырэнні сачэння выклікаюць асцярогі ў праваабаронцаў. Яны занепакоеныя тым, што праграма можа прывесці да парушэнняў правоў чалавека і масавай дыскрымінацыі.

Што Трамп зробіць з крыптавалютай?
Па тэме
Што Трамп зробіць з крыптавалютай?
Американский олигарх: что получит Маск от победы Трампа?
По теме
Американский олигарх: что получит Маск от победы Трампа?
Як Трамп плануе змяніць ІТ-індустрыю?
Па тэме
Як Трамп плануе змяніць ІТ-індустрыю?

Читать на dev.by