Мінлічбы будзе працаваць над ШІ з расійскім Сбербанкам
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі і Сбербанк заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавага развіцця. Пра гэта піша CNews са спасылкай на прадстаўнікоў расійскага банка. Ад Беларусі подпіс ставіў кіраўнік ведамства Кірыл Залескі, Расію прадстаўляў першы намеснік старшыні праўлення Сбера Аляксандр Вядзяхін.
Бакі плануюць развіваць партнёрства для эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу абедзвюх краін і ўмацоўваць двухбаковыя эканамічныя адносіны праз укараненне перадавых лічбавых рашэнняў.
Галоўныя напрамкі, па якіх хочуць супрацоўнічаць, — ШІ і машыннае навучанне, лічбавізацыя дзяржпаслуг, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу з дапамогай лічбавых платформаў. Таксама будуць супрацоўнічаць у сферы рэгулятарных і прававых ініцыятыў, праводзіць сумесныя адукацыйныя і даследчыя праграмы. Асаблівую ўвагу надзеляць усталяванню прамых дзелавых кантактаў паміж арганізацыямі дзвюх краін.
Па словах Вядзяхіна, супрацоўніцтва павінна прывесці да стварэння прарыўных «ШІ-рашэнняў для бізнесу і дзяржавы». «Так што гэты падпісаны мемарандум — інвестыцыя ў будучыню тэхналагічных галін нашых краін, якая прынясе аддачу ўжо ў бліжэйшай перспектыве», — дадаў ён.
Залескі назваў лічбавізацыю і развіццё ШІ стратэгічнымі прыярытэтамі для Беларусі і захапіўся кампетэнцыямі і ўкладам Сбербанка ў лічбавую экасістэму Расіі. «Упэўнены, што падпісанне мемарандума і двухбаковае супрацоўніцтва дазволяць нам эфектыўна абменьвацца лепшымі практыкамі, укараняць інавацыі і тым самым адкрыць новую главу ў лічбавым развіцці нашых дзяржаў», — сказаў ён.
Читать на dev.by