Playtika закрые мінскі офіс. Каманду скароцяць — верагодна, не толькі ў Беларусі
Топ-менеджмент ізраільскай геймдэў-кампаніі Playtika паведаміў беларускай камандзе, што офіс распрацоўкі ў Мінску будзе закрыты пры канцы лютага.
Частку супрацоўнікаў скароцяць, частка, верагодна, працягне працаваць аддалена. Пра гэта dev.by расказалі супрацоўнікі кампаніі.
Што вядома
Пра закрыццё офіса стала вядома 10 студзеня на мітынгу. Паводле слоў адной з крыніц, камандзе паведамілі, што 29 лютага — апошні дзень працы мінскага офіса.
— Афіцыйная прычына закрыцця — legal issues (заканадаўчыя пытанні — заўв.). Іншых падрабязнасцяў не агучылі. Раней дырэктар мінскага офіса казаў, што пакуль няма праблем з грашыма, мінскі офіс не закрыюць. Але, магчыма, з’явіліся праблемы з пералічэннем грошай у Беларусь.
У мінскім офісе сёння працуе каля 300 чалавек. Частку супрацоўнікаў кампанія скароціць. Але хто трапіць пад скарачэнне і што будзе з астатняй часткай каманды, дакладнай інфармацыі пакуль няма.
Паводле слоў крыніц, чакаецца, што кампанія скароціць 50% усёй мінскай каманды,то-бок каля 150 чалавек.
«Спецыялістам, якія трапілі пад скарачэнне, прапануюць 3 опцыі: аддаленая праца (праз Грузію), рэлакацыя (крыніцы называюць Польшчу — заўв.) або B2B. Звольненым кампанія прапануе бонусы і падтрымку ў пошуку новага месца працы. Кампенсацыя, як і год таму — заробак да канца кантракта плюс яшчэ адзін заробак і бонусы за 2023 год. Але канец кантракта ў асноўным ва ўсіх у лютым».
Паводле слоў іншай крыніцы, «рэлакацыі можа не быць, а будзе 100% work from anywhere». Яшчэ адзін супрацоўнік кампаніі расказаў, што «інфармацыя аб сітуацыі са скарачэннямі хутка мяняецца. Напэўна, да канца тыдня будзе зразумела, хто застанецца».
Таксама з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікам, якія трапілі пад скарачэнне, ужо закрылі ўсе доступы.
Не толькі Беларусь
Паводле слоў крыніц, скарачэнні закрануць не толькі Беларусь, але таксама офісы ў Румыніі і Польшчы. Але дакладная колькасць супрацоўнікаў, якія страцяць працу, пакуль невядомая.
Прычына новых скарачэнняў у Playtikа — фінансавыя паказчыкі і агульны трэнд на рынку ІТ, расказалі крыніцы ў кампаніі.
Гэта не першыя масавыя звальненні ў кампаніі за апошнія пару гадоў. У маі 2022 года кампанія звольніла 250 чалавек з офісаў у Лос-Анджэлесе, Манрэалі і Лондане. Гульні, якія там распрацоўваліся, былі закрытыя, частку дзейнасці перанеслі ў штаб-кватэру ў Ізраілі.
Пры канцы 2022 года ў Playtika прайшла новая хваля масавых скарачэнняў. Паводле інфармацыі заходніх медыя, кампанія звольніла 15% штату — каля 610 чалавек. Пад звальненне трапілі ў тым ліку супрацоўнікі мінскага і варшаўскага офісаў.
У 2021–2022 гадах Playtika перавезла многіх супрацоўнікаў з Мінска ў Варшаву. Ізраільскія медыя пісалі пра 300 рэлакантаў, а гэта палова штату Playtika ў Беларусі да 2021 года. Крыніца dev.by назвала варшаўскі офіс «бэкапам мінскага» і адзначыла, што пасля пачатку вайны кампанія перавезла ў Варшаву і многіх украінскіх айцішнікаў.
Паводле слоў аднаго з супрацоўнікаў варшаўскага офіса, пасля снежня 2022 года ў кампаніі больш не было масавых скарачэнняў. «Заробкі ў Польшчы не зрэзалі, бліжэй да лета 2023 наймалі шмат людзей. Найманне было ўстойлівае. Цяпер у еўрапейскія лакацыі амаль нікога не наймаюць. Колькасць вакансій у параўнанні з летам 2023 скарацілася ў 2 разы».
Іншая сітуацыя склалася сёлета ў мінскім офісе.
— Найманне было замарожанае, перагляду заробкаў не было. Таксама скасавалі бенефіты — 350 долараў на год на любыя траты для сябе (ёга ў офісе, масаж, цырульнік).
Офіс распрацоўкі Playtika ў Мінску быў адкрыты ў 2012 годзе. На піку ў кампаніі працавала больш за 600 чалавек (на канец 2021 года). Мінскі офіс уваходзіў у топ-20 самых буйных ІТ-кампаній у Беларусі. У публічных справаздачах кампаніі ад другой паловы 2020 года Беларусь фігуравала ў фактарах рызыкі праз нестабільную палітычную сітуацыю.
Пакуль у адзіным дзяржрэгістры беларуская юрыдычная асоба Playtika фігуруе як дзейная. Таксама кампанія ёсць у спісе рэзідэнтаў ПВТ.
Мы звярнуліся з пытаннямі да Playtika наконт закрыцця мінскага офіса і скарачэнняў. Апублікуем адказы (калі атрымаем).
Playtika заснаваная ў 2010 годзе ў Ізраілі, штаб-кватэра — у горадзе Герцліі. На дадзены момант у кампаніі адкрыта больш за 10 падраздзяленняў у розных краінах. Агульная колькасць супрацоўнікаў, як паказана на сайце кампаніі, 3,7 тысячы, у тым ліку ў Беларусі ≈ 300.
У 2021 годзе кампанія выйшла на IPO. У лістападзе 2021 года інвестары пачалі расследаванне супраць кампаніі пасля нечаканага абвалу акцый. Па выніках 2022 года Playtika ўвайшла ў топ-10 самых зарабляючых мабільных паблішараў.
У сакавіку 2023 года Playtika заявіла, што не будзе запускаць новыя гульні датуль, пакуль гэта не стане рэнтабельна. Замест гэтага кампанія засяродзіць далейшыя інвестыцыі на «студыях з высокім патэнцыялам росту».
Читать на dev.by