«Указанне — не прымаць». Якія праблемы з абменам валюты паўстаюць у айцішнікаў

Чытачы перыядычна скардзяцца: у Беларусі стала складаней абмяняць «праблемныя» доларавыя купюры. 
38 каментарыяў

Нам напісаў чытач: ягоныя бацькі пайшлі ў банк мястэчка памяняць рублі на долары. Касірка «па-суседску» шчыра папярэдзіла: купюры могуць не спадабацца кліентам — банкноты з «маленькім штампікам». Айцішнік пераймаецца, што гэтых грошай у ягоных бацькоў можа пасля не прыняць ніводны банк.

Сабралі кейсы праблем з абменам купюр з дэфектамі — такія праблемы абвастрыліся праз санкцыі.

1. Са штампамі. «У іх указанне «не прымаць“»

— Былі праблемы са стадоларавымі купюрамі, прывезенымі з ЕС, — іх адмаўляліся прымаць у беларускіх банках.

У мяне было пяць банкнот наміналам у 100 долараў, на якіх былі прастаўленыя маленькія пячаткі: на адных — нейкія гербы, на іншых — лацінскія літары. Як я разумею, іх прастаўляюць банкі ў нейкіх сваіх мэтах. Падобныя купюры мне трапляліся і раней — і іх прымалі. 

А вось нядаўна супрацоўнік банка адмовіўся ўзяць стодоларавыя банкноты. Ён сказаў, што з грашыма ўсё ў парадку, але ў іх указанне «не прымаць». Я разбавіў праштампаваныя купюры чыстымі і пайшоў па абменніках: а раптам выйдзе дзе абмяняць. І атрымалася — дзякуючы няўважлівасці касіраў. 

Ведаю, што цяпер у большасці банкаў прымаюць толькі чыстыя купюры. Мой таварыш мучыўся: на грошах завялася нейкая хітрая цвіль, якая бачная толькі на прасвет. Такіх купюр таксама не прымаюць.

Хто і нашто праштампоўвае грашовыя купюры? Ёсць некалькі версій:
  • Часам штампы на банкнотах пакідаюць банкі і кампаніі пры пераліку грошай. Супрацоўнік спакаваў сотню купюр аднаго наміналу ў пачак — і зверху паставіў штамп. Так ён пацвярджае, што гарантуе і колькасць банкнот, і іх сапраўднасць ва ўсім пачку.
  • Бывае, штампы на грошах ставяць і прыватныя асобы, напрыклад, працадаўцы ва ўсходніх краінах — таксама ў якасці гарантыі, што купюры сапраўдныя. Калі банкнота, якую атрымае працаўнік, выявіцца фальшывай, той зможа прад’явіць яе ўладальніку і атрымаць іншую.
  • Адзнакі ставяць абменныя пункты афрыканскіх краін. Для насельніцтва штамп знаёмага абменнага пункта — гэта знак, што валюта сапраўдная. 

2. «Памытыя»

— Тры соткі з $1,5 тысяч, знятых у TBC Bank у Грузіі, не прымаюць, ні ў аўтамаце, ні ў абменніках Беларусі. Спачатку я паспрабаваў закінуць грошы на картку праз банкамат — не атрымалася. У абменніку сказалі, што гэтыя тры купюры «памылі», — і не прынялі. Але ў пачку з 15 такіх жа банкнот яны нічым не вылучаліся. Я не стаў затрымліваць чаргу і высвятляць, што ж змянілася пасля мыцця.

Сёння яшчэ раз паспрабаваў адную з праблемных купюр скарміць банкамату — і гэтым разам атрымалася. Ад астатніх паспрабую пазбавіцца такім жа чынам. 

Каментар банка: «Сітуацыя з заменай валюты абвастрылася праз санкцыі»

На нашую просьбу ў Альфа Банку пракаментавалі, з якімі купюрамі могуць узнікнуць праблемы пры абмене:

— Купюры з дэфектамі заўсёды былі і будуць у абароце. Цвіль, мыйныя сродкі, надрывы ды інш. пашкоджваюць ахоўны пласт. Касір вывучае яго пад розным святлом, каб зразумець, ці гэта плацежная купюра, ці падробка. Калі адзін са слаёў істотна разбураны, спецыяліст не зможа пераканацца ў яе арыгінальнасці і прыняць.

Ці возьме такую купюру банк для абмену — пытанне: усё залежыць ад ступені пашкоджання і наміналу

  • Калі купюра невялікага наміналу — да 20 долараў або еўра — касір хутчэй заплюшчыць вочы на мінімальныя надрывы або невялікія сляды цвілі. Усе гэтыя дэфекты можна спісаць на натуральны знос.
  • Да буйных купюр патрабаванні вышэйшыя. Але тут таксама многае залежыць ад банка, а часам — канкрэтнага спецыяліста. 

Калі банк прыняў, а затым выдаў іншаму кліенту такую купюру, гарантый, што ў іншым абменніку або ў іншай краіне яе прымуць, — няма. (Мы выдаем толькі плацежныя банкноты, а калі ў іх ёсць мінімальныя дэфекты — вас папярэдзяць, як у выпадку з чытачом.)

Чаму банк не можа проста замяніць такія купюры? Можа — гэта асобная паслуга, называецца яна інкаса замежнай валюты. Не ўсе банкі ў Беларусі яе аказваюць. У Альфе на інкаса можна здаць толькі беларускія рублі.

У «паперу» такія грошы наўрад ці ператворацца: варта знайсці банк з паслугай інкаса і здаць купюру пад камісію. 

Апошнім часам сітуацыя з заменай валюты абвастрылася праз санкцыі, бо сапсаваную купюру банк накіроўвае эмітэнту: долары — у ЗША, еўра — у Еўрапейскі цэнтрабанк. У краінах без санкцыйных абмежаванняў гэта можна зрабіць без праблем за камісію.

У лістападзе 2022 у СМІ з’явіліся паведамленні, што беларускія банкі перасталі прымаць замежную валюту на інкаса.

Раней здаць праблемную купюру можна было мінімум у 7 банках — ВТБ, БСБ, Дабрабыт, Банк Рашэнне, Белаграпрамбанк, Беларусбанк, БНБ-банк, але ўжо ў лістападзе яны сталі адмаўляцца ад абмену.

dev.by патэлефанаваў у банкі — у падтрымцы 6 з іх паведамляюць, што паслуга ў дачыненні да замежнай валюты больш не аказваецца.

Толькі ў БСБ-банку нам сказалі, хоць паслугі інкаса ў іх няма, яны ўсё ж «прымаюць старыя купюры для абмену» — долары, еўра ды іншую валюту. Камісія складае 15%, але не менш за 10 беларускіх рублёў. Аднак усё залежыць ад ступені пашкоджання: толькі спецыяліст у пункце абмену валют скажа канчаткова, ці абмяняе ён купюру, ці не.

Ці памяняюць банкноту з дэфектамі ў іншай краіне? Пытанне, якое залежыць ад палітыкі рэгулятара краіны і банка.

А ці прымаюць долары з дэфектамі за мяжой? 

3.  «Старыя» долары

Тут з намі падзяліліся толькі адным праблемным кейсам — з зялёнымі купюрамі ўзору 1996 года (абноўлены «сіні» долар быў прэзентаваны ў 2010 годзе).

— У мяне былі праблемы са старымі купюрамі (без сіняй паласы) наміналам у 100 долараў, набытымі ў беларускіх банках, — за мяжой іх прымалі па заніжаным курсе. Такія сітуацыі ўзнікалі са мной двойчы: у снежні–студзені — у ААЭ, а ў лістападзе — у Польшчы. У Дубаі ў мяне быў з сабой вялікі запас грошай, таму калі мне сказалі, што я страчу 0,1 дырхама з кожнага долара, я проста дастаў з гаманца новыя банкноты, а старыя купюры пакінуў сабе. У Польшчы я мог страціць на абмене 10% сваіх грошай, таму я пайшоў у іншы банк — і там памянялі без праблем.

Айцішнікі ў Беларусі захоўваюць грошы «пад падушкай», рэлаканты — у замежных банках
Па тэме
Айцішнікі ў Беларусі захоўваюць грошы «пад падушкай», рэлаканты — у замежных банках

Читать на dev.by