На Алясцы з'явілася загадкавая блакітная спіраль. Яна выявілася звязанай з Маскам
Жыхары Аляскі заўважылі дзіўную нябесную з’яву — блакітную спіраль, наконт якой пачалі прыдумляць розныя канспіралагічныя версіі.
Паўночнае ззянне — звычайная з’ява ў гэтых шыротах. Аднак загадкавая блакітная спіраль у небе збянтэжыла мясцовых жыхароў. Фатаграфіі незвычайнай з’явы разышліся па сацыяльных сетках. «Яна праляцела над Аляскай падчас прыгожага паўночнага ззяння, ашаламіўшы многіх начных назіральнікаў, уключна са мной. Паверце мне, спачатку я быў зусім збіты з панталыку… і атрымліваў асалоду ад таямнічага адчування невядомасці», — расказаў Associated Press фатограф Тод Салат.
Аднак у спіралі ёсць цалкам навуковае тлумачэнне. Супрацоўнік Геафізічнага інстытута Універсітэта Аляскі ў Фэрбанксе патлумачыў, што за незвычайнай з’явай стаіць кампанія SpaceX. За некалькі гадзін да з’яўлення спіралі кампанія ажыццявіла запуск з касмадрома ў Каліфорніі ракеты Falcon 9.
Падчас выхаду на арбіту ракета скінула лішкі паліва. «Калі гэта адбываецца на вялікіх вышынях, паліва ператвараецца ў лёд. І калі гэта адбываецца пры сонечным святле, а вы знаходзіцеся ў цемры на зямлі, то вы бачыце яго як нейкае вялікае воблака, якое часам клубіцца», — растлумачыў навуковец.
Читать на dev.by