«У гэтай сферы людзі — разменная манета». Пагутарылі з айцішнікамі, якія расчараваліся ў прафесіі пасля 30

Так бывае: праз некалькі гадоў у прафесіі хтосьці раптам апынаецца на ростанях і пытаецца сябе, а ці тую дарогу ён наогул абраў. Пагутарылі з айцішнікамі, якія ў 30+ гадоў апынуліся якраз у такой сітуацыі. 

40 каментарыяў

«Загубіў здароўе на заводах, выгарэў і расчараваўся ў сваім выбары прафесіі»

Аляксей, быў сістэмным адміністратарам, затым стаў аператарам, цяпер хоча вярнуцца ў ІТ:
 
— У свой час змяніў прафесію — і не ўпэўнены, што зрабіў тады правільны выбар.

Я ад самага дзяцінства цікавіўся камп’ютарамі — і практычна вырас у сісадміна: першую сетку працягнуў у сваім гарадскім пасёлку ў 13 гадоў, праз 2 гады там было 300+ кампоў і 9 сервераў. 

Адносіны ў сям'і ў мяне былі складаныя — я рана з’ехаў ад бацькоў. У нейкі момант выявілася, што сумяшчаць вучобу днём з падпрацоўкай на будоўлі не атрымаецца, і трэба выбраць штосьці адное: або вучыцца, або працаваць.

Я стаў энікейшчыкам — набіраўся вопыту «ў полі». У нейкі момант нават паспрабаваў сябе ў якасці распрацоўшчыка, але вельмі хутка зразумеў, што гэта не маё — і вярнуўся ў «сісадмінку». Знайшоў працу ў крутой кампаніі ў Мінску — і прапрацаваў там амаль 6 гадоў. 

А ў 2018 годзе я вырашыў паспрабаваць штосьці новае — і скарыстаўся магчымасцю павучыцца відэаздымцы ў сапраўднай студыі. Так я змяніў прафесію і стаў аператарам рэкламнага прадакшана. Я неўзабаве асвоіў асновы, мне ўсё падабалася, але я хутка вырас з «джуноўскіх штонікаў» — прыйшоў час здымаць самастойна. І тады я раптам зразумеў, што ў мяне няма ні таленту, ні свайго бачання, без якіх вельмі складана чагосьці дамагчыся ў гэтым асяроддзі. 

Потым быў 2020 год — я стаў шукаць магчымасці пераехаць куды-небудзь з Беларусі. Але так як айцішнікам я ўжо не быў, папулярны варыянт з PBH для мяне не быў магчымы. Я вырашыў не мяняць прафесіі ў той час — і застацца ў прадакшане. Паралельна шукаў працу за мяжой. І знайшоў: пры канцы 2021 года мне прапанавалі адкрыць аддзел відэавытворчасці ў Кіеве — я прыехаў ва Украіну за 2 тыдні да пачатку поўнамаштабнай вайны. Натуральна, наладзіць прадакшан пад градам ракет не атрымалася.

Пры канцы 2022 года я пераехаў у Польшчу. У мяне былі заказы на фрыланс — спрабаваў пратрымацца на іх, а паміж праектамі падпрацоўваў на мінімальную стаўку і спадзяваўся выйсці на пастаянны заробак. Я папрацаваў на заводзе, які вырабляе друкаваныя платы, цягаў батарэйкі на LG, асвоіў шліфавальны станок.

Але вынік такі: я загубіў здароўе на заводах і выгарэў, ну і вядома, канчаткова расчараваўся ў сваім выбары прафесіі. 

Пару тыдняў таму я абнавіў рэзюмэ ў надзеі знайсці працу джуном у тэхпадтрымцы або сісадмінам і пачаць усё спачатку. Разумею, што тэхналогіі ступілі наперад — многае прыйдзецца вывучаць з нуля.

Плана як такога ў мяне няма: на заводзе працаваць не магу па здароўі. Ёсць яшчэ запланаваныя заказы на фрыланс, але новых не будзе. Практыка апошніх двух гадоў паказвае, што ад лістапада да лютага — мёртвы сезон. 

У мяне ёсць 2-3 тыдні, каб знайсці працу, бо далей на рахунку будзе нуль. Я актыўна рассылаю сваё CV на ўсе запар джуніёрскія пазіцыі: сісадмін, сістэмны інжынер, тэхпадтрымка… Ідэальна было б уладкавацца ў кампанію з беларускімі каранямі, але я не ведаю, як шукаць іх. Не ўяўляю таксама, колькі займае рэкрутынгавы цыкл — разлічваю на цуд, калі шчыра. Сітуацыя зусім дрэнная.

«Для мяне гэта як „план Б“ — хто ведае, можа і папрацую радыёвядоўцам»

Мікалай, UA- і трафік-менеджар з вопытам амаль у 10 гадоў, страціў працу (цяпер ужо працаўладкаваўся), пайшоў на курсы радыёвядоўцаў:

— Я — той самы чалавек, які ў 30+ не ўпэўнены, ці правільна ён абраў сваю прафесію. 

Я UA- і трафік-менеджар з вопытам амаль 10 гадоў. Але за апошнія два гады, пасля пачатку вайны, вельмі моцна змяніўся рынак. Так выйшла, што ў красавіку мяне скарацілі: мой працадаўца — у Расіі, я ў Беларусі, і калі кампанія вырашыла пазбавіцца ад аддаленых працаўнікоў, я пайшоў «пад нож». На працягу паўгода я не мог нідзе знайсці працу.

За верасень-кастрычнік у мяне было больш за 30 сумоўяў (за адное сумоўе я лічу ўсе этапы ў кожнай кампаніі) — і толькі тыдзень таму атрымалася «вырваць» офер. Скажу шчыра: я ўжо пачаў адчайвацца — Адмова за адмовай падрывала маю ўпэўненасць у сабе, я нават стаў разглядаць іншыя сферы.

Інтэрнэт падкінуў мне таргетаваную рэкламу курсаў радыёвядоўцаў, я схадзіў на кастынг — і прайшоў (трэба было выканаць заданне і зачытаць тэкст услых). Цяпер ужо месяц займаюся на курсах. Прафесія цікавая і пасуе мне. Для мяне гэта як «план Б» — хто ведае, можа і папрацую радыёвядоўцам, час пакажа, хоць цяпер вельмі складана стала планаваць. 

За 10+ гадоў у мяне назапасілася стомленасць ад прафесіі. У ІТ табе вечна даводзіцца мяняць кампаніі, шукаць штосьці новае — і бясконца праходзіць сумоўі, атрымліваючы адмовы. У гэтай сферы людзі — разменная манета. Вось я нават не магу растлумачыць, чаму мне адмаўлялі раз за разам, бо я валодаю неабходнай кампетэнцыяй. 

Вядома, офер натхніў мяне. Я працягну рабіць тое, што знаю і ўмею — і гэта добра. Нуй час пакажа, наколькі правільнай была пастанова застацца далей у ІТ, улічваючы, што цяпер заробкі і ў іншых сферах наблізіліся да айцішных — у сярэднім ад $750 да $1,5-2 тысяч.

«Плацяць мала, але я вельмі задаволены». Як айцішнікі працуюць на заводах у Беларусі
Па тэме
«Плацяць мала, але я вельмі задаволены». Як айцішнікі працуюць на заводах у Беларусі

Читать на dev.by