На датычных да стварэння PBH падалі заяву ў пракуратуру Польшчы
Вышэйшая кантрольная палата Польшчы (NIK) накіравала ў пракуратуру заявы ў дачыненні да 12 службовых асоб. Адна з заяў тычыцца прыняцця і рэалізацыі праграмы Poland Business Harbour, паведамляе канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні на сайце NIK, у 2020–2023 гадах было выдадзена 95 545 віз PBH. Праграма рэалізоўвалася ад 9 верасня 2020 года да 26 студзеня 2024 года.
NIK сцвярджае, што праграма не была зацверджаная Радай Міністраў. Таксама адсутнічаў хоць які дакумент, што апісваў бы прававую падставу праграмы, мэты, удзельнікаў, задачы, меркаваныя вынікі і г. д.
«Наданне ўнікальных паўнамоцтваў, нехарактэрных для іншых відаў віз, пры адсутнасці хоць якіх патрабаванняў да сямейнікаў або непашлюбаваных партнёраў, а таксама выстаўленне мінімальных патрабаванняў да ўдзельнікаў праграмы прывяло да таго, што дзясяткі тысяч замежнікаў, у асноўным з Беларусі і Расіі, атрымалі магчымасць уезду на тэрыторыю Польшчы», — адзначаецца ў заяве.
У NIK сцвярджаюць, што гэтыя асобы маглі працаваць на тэрыторыі Польшчы без неабходнасці атрымання дазволу і весці прадпрымальніцкую дзейнасць на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Польшчы.
«Гэты працэс заставаўся па-за наглядам і цікавасцю кіраўніцтва МЗС, а таксама наступных дырэктараў консульскага дэпартамента МЗС. На думку Вышэйшай кантрольнай палаты, паказанае вышэй магло значна паўплываць на зніжэнне ўзроўню бяспекі дзяржавы і з’яўлялася дзеяннямі на шкоду грамадскім інтарэсам», — адзначаецца ў заяве.
За перавышэнне паўнамоцтваў або халатнасць датычным могуць даць да трох гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, раней кіраўнік камісіі Марэк Сова казаў, што на працягу двух гадоў грамадзянам Расиі было выдадзена ў рамках праграмы 2,6 тыс.віз PBH, з якіх 1,8 тыс. — ужо пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Нагадаем, камісія па расследаванні візавага скандалу сцвярджала, што экс-кіраўнік МЗС Збігнеў Рау, былы прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі і экс-міністр развіцця Ядвіга Эмілевіч злоўжылі сваімі паўнамоцтвамі і не выканалі забавязанняў, дапусціўшы неадкладнае ўкараненне ў жыццё «без аніякіх юрыдычных падстаў» праграмы PBH.
Таксама камісія абяцала падаць у пракуратуру заяву на былую ўпаўнаважаную прэм’ерку ў пытаннях GovTech Юстыну Арлоўскую за рэалізацыю ўсё той жа PBH.
Читать на dev.by