На Уол-Стрыт пачынаюць падазраваць бурбалку ў буме АІ
Усё больш інвестараў з Крэмніевай даліны і аналітыкаў з Уол-Стрыт занепакоеныя тым, што тэхналагічныя кампаніі ўкладаюць мільярды долараў у штучны інтэлект, але адчувальнай матэрыяльнай аддачы няма, піша Washington Post.
Настроі сярод банкіраў кардынальна адрозніваюцца ад тых, што былі ў мінулым годзе, у перыяд моцнага хайпу вакол АІ. Яны пачынаюць сумнявацца ў здольнасці кампаній атрымаць прыбытак з тэхналогіі.
«Нягледзячы на дарагоўлю, тэхналогія вельмі далёкая ад таго, каб быць карыснай. Празмернасць рэчаў, якім свет не знаходзіць прымяненне або да якіх ён не гатовы, звычайна заканчваецца дрэнна», — пісалі ў чэрвеньскай нататцы аналітыкі Goldman Sachs.
На мінулым тыдні фінансавую справаздачу за 2 квартал выпусціла Google. Інвестараў не ўразіла вельмі маленькая маржа прыбытку і ўсе вялікія выдаткі на навучанне АІ-мадэляў. Капітальныя выдаткі растуць хутчэй, чым у папярэднія гады, і сёлета, паводле прагнозаў, перавысяць $49 млрд — гэта на 84% больш таго, што кампанія ў сярэднім траціла апошнія пяць гадоў. Кіраўнік кампаніі Сундар Пічаі між тым сцвярджае, што для яе рызыка недастаткова ўкласціся ў АІ значна вышэйшая за рызыку ўкласці занадта шмат: «Не інвеставаць у тое, каб быць наперадзе тут, мае нашмат больш значных негатыўных наступстваў».
Хоць грошай у тэхнагіганта хапае, адпрацаваць $49 млрд няпроста. Сёння на рынку АІ ёсць мноства практычна бясплатных прадуктаў, аднак тэхналогія вельмі дарагая ў эксплуатацыі і пакуль не прыносіць шмат грошай. Такая ж, як і ў Google, праблема стаіць перад Microsoft і Meta, якія ўкладаюць кучу рэсурсаў у АІ, але выразнага плана манетызацыі ў іх няма.
У Barclays чакаюць, што ў распрацоўку АІ-мадэляў будзе ўлівацца $60 млрд на год — гэта прыкладна 12 тысяч прадуктаў маштабу ChatGPT. Гэта сумніўная стаўка, і інвестары настроеныя ўсё больш скептычна, адзначаюць у банку.
Эксперты ўжо некаторы час параўноўваюць хайп вакол АІ з бурбалкай даткомаў, паколькі ў АІ-галіну паступае неапраўдана шмат капіталу. Паводле ацэнак партнёраў Sequoia Capital, уся ІТ-індустрыя мае генераваць $600 млрд на год, каб заставацца жыццяздольнай.
Паводле даных Тhe Information, страты OpenAI па выніках гэтага года могуць скласці $5 млрд, а ў найбліжэйшыя 12 месяцаў у яе цалкам скончацца грошы.
Читать на dev.by