Наймагутнейшы квантавы камп’ютар неўзабаве стане даступны ў воблаку
Кампанія D-Wave заявіла аб завяршэнні каліброўкі квантавага камп’ютара новага пакалення Advantage 2 з больш як 1200 кубітамі. Распрацоўшчык адкрые доступ да платформы праз свой воблачны сэрвіс.
Распрацоўшчыкі паведамілі аб двухразовым павелічэнні часу кагерэнтнасці кубітаў. Камп’ютар D-Wave ўтрымлівае ўзгоднены (кагерэнтны) стан кубітаў, пераводзячы іх ва ўзбуджаны стан і чакаючы, пакуль яны не супакояцца, то-бок не пяройдуць у стан з мінімальнай энергіяй. Гэта лічыцца адказам на запраграмаваную задачу. Дасягненне распрацоўшчыкаў паскарае разлікі і правільнасць вылічэнняў пры дапамозе квантавых тэхналогій.
Што такое кагерэнтны стан кубітаў?
Квантавыя платформы працуюць на розных элементарных базах: на халодных нейтральных атамах, звышправодзячых кубітах, фатонах, спінах элементарных часціц, іённых пастках ды іншых. Гэта абцяжарвае параўнанне іх магутнасцяў, паколькі дагэтуль не існуе адзінай метрыкі. Асаблівасць Advantage 2 палягае ў тым, што квантавая платформа вырашае задачы аптымізацыі, таму не можа выступаць універсальным інструментам.
Такім чынам, новую версію камп’ютара варта параўноўваць з папярэдняй мадэллю. Паводле даных кампаніі, новая мадэль значна яе пераўзыходзіць. Напрыклад, яна ў 20 разоў хутчэй вырашае задачы па даследаванні спінавых шкельцаў. Гэта важнае сямейства складаных задач па аптымізацыі. Акрамя таго, сістэма Advantage 2 у два разы хутчэй выконвае разлікі пры мадэляванні матэрыялаў і дэманструе значна менш памылак. У сферы АІ мадэль у 90% выпадкаў пераўзыходзіла папярэднюю.
Што такое спінавыя шкельцы?
Гэта асаблівыя магнітныя матэрыялы, у якіх атамы ўладкаваныя хаатычна і «замарожаныя» ў выпадковых арыентацыях, захоўваючы гэты стан нават пры вельмі нізкіх тэмпературах. У адрозненне ад звычайных магнітаў, дзе атамы ўпарадкаваныя і выбудаваныя роўна, у спінавых шкельцах атамы размешчаныя бязладна, што прыводзіць да складанага і заблытанага ўзаемадзеянню паміж імі. Гэтыя матэрыялы мяняюць свае паводзіны павольна і залежаць ад папярэдніх умоў, у якіх яны знаходзіліся, напрыклад, ад папярэдніх тэмператур або магнітных палёў. Вывучэнне спінавых шкельцаў дапамагае зразумець складаныя працэсы ў фізіцы і выкарыстоўваецца для вырашэння цяжкіх задач у матэматыцы і інфарматыцы.
D-Wave абяцае адкрыць доступ да сваёй квантавай платформы праз воблачны сэрвіс Leap. Для камерцыйных паставак распрацоўшчык плануе збіраць сістэмы з 7 тысяч кубітаў. Яны маюць быць даступныя карыстальнікам да канца гэтага года. Прататып з 500 кубітамі быў гатовы яшчэ ў 2022 годзе. Аднак за мінулы час кампанія змагла сабраць толькі 1200-кубітавы прататып, што кажа аб сур’ёзным адставанні распрацовак ад анансаванага графіка.
Читать на dev.by