EPAM зноў першы па падатках у Літве. Але каманда скарачаецца
EPAM і Wargaming засталіся найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі ў літоўскім ІТ — вынік першага квартала.
Але ёсць нюанс: літоўскі EPAM павялічыў падатковыя адлічэнні ў бюджэт, а Wargaming скараціў амаль у два разы, калі параўнаць з першым кварталам 2023.
EPAM
EPAM Sistemos заплаціла ў літоўскі бюджэт 4,3 мільёна еўра падаткаў у першым квартале, паводле звестак Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры літоўскім Мінфіне. Гэта на 7,5%, або на 0,3 мільёна еўра, больш чым за такі ж перыяд 2023 года.
Квартальныя падатковыя адлічэнні EPAM ужо больш за год стабільна перавышаюць 4 мільёны еўра.
Па ўзроўні сярэдняй зарплаты EPAM Sistemos у асноўным трымаецца па-за межамі топ-10 сярод літоўскіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі. Так было ў студзені-лютым гэтага года. Сярэдні заробак па кампаніі ў гэты перыяд склаў 4,6 тысячы еўра (брута).
Што праўда, па выніках сакавіка EPAM Sistemos у ліку лідараў — з сярэдняй зп 6,3 тысячы еўра (брута). Падобная сітуацыя была ў першым квартале мінулага года — верагодна, паўплывалі бонусы.
Літоўская каманда EPAM Sistemos скарацілася да 1320 спецыялістаў — год таму было 1544.
Wargaming
Літоўская дачка Wargaming захоўвае другое месца па падатках. За першы квартал кампанія прынесла літоўскаму бюджэту амаль 3 мільёны еўра. Але ў параўнанні з першым кварталам 2023 падатковыя адлічэнні скараціліся на 2,2 мільёна еўра, або больш чым на 40%.
Калі першы квартал мінулага года выявіўся рэкордным для Wargaming па падатковых адлічэннях, то першы квартал гэтага года — самым нерэзультатыўным у 2023–2024 гадах.
Літоўскі офіс Wargaming «страціў» за мінулы год каля 70 чалавек. У гэтым годзе пакуль вялікіх змен не відаць. У студзені літоўская каманда налічвала 914 спецыялістаў, цяпер у штаце зарэгістравана 910 спецыялістаў.
Топ-50
Акрамя EPAM Sistemos і Wargaming у топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь» за першы квартал апынуліся яшчэ тры кампаніі з беларускімі каранямі.
MA (экс-Melsoft) заплаціла 1,2 мільёна еўра падаткаў — на 25% менш чым у першым квартале мінулага года. Gurtam прынесла літоўскаму бюджэту 1,15 мільёна еўра (+27%), Andersen — 1,12 мільёна еўра (даныя за I кв. 2023 года адсутнічаюць).
Летась у топ-50 падаткаплацельшчыкаў таксама ўваходзіў распрацоўшчык Flo. Аднак па выніках першага квартала 2024 кампаніі ў рэйтынгу не было.
Сумарна пяць кампаній з беларускімі каранямі заплацілі за першы квартал амаль 11 мільёнаў еўра падаткаў (за першы квартал мінулага года — амаль 12 мільёнаў еўра).
EPAM і Wargaming па выніках першага квартала засталіся ў топ-100 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы. Дачка EPAM заняла 75 месца ў рэйтынгу (70 месца — у першым квартале 2023 года), дачка Wargaming — 81 месца (52 месца — у першым квартале 2023 года).
У топ-500 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў увайшлі MA (319 месца), Gurtam (370 месца), Andersen (381 месца).
Читать на dev.by