EPAM і Wargaming заплацілі самыя вялікія падаткі ў літоўскім ІТ у 2024
EPAM трэці год запар стаў найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам у літоўскім ІТ, вынікае са звестак Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры літоўскім Мінфіне. На другім месцы другі год запар — Wargaming.
Аднак абедзве кампаніі за мінулы год прынеслі літоўскаму бюджэту менш падаткаў, чым у 2023. Адная з магчымых прычын — адток спецыялістаў з літоўскай лакацыі.
EPAM
EPAM Sistemos за мінулы год прынесла ў літоўскі бюджэт 17,8 млн еўра падаткаў. У параўнанні з 2023 годам падатковыя адлічэнні скараціліся на 14% (або на 2,8 млн еўра).
Самым выніковым для EPAM стаў другі квартал — за красавік-чэрвень кампанія прынесла літоўскаму бюджэту амаль 5,4 млн еўра падаткаў. Але ў другой палове года штоквартальныя падатковыя адлічэнні ўпалі да 4 млн еўра.
На падатковых адлічэннях EPAM мог адбіцца адток спецыялістаў з літоўскага офіса. Сярод усіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі EPAM страціла больш за ўсё спецыялістаў.
За мінулы год літоўская каманда скарацілася амаль на 180 чалавек (мінус 12,5%). Цяпер у двух філіялах (у Вільні і Коўне) зарэгістравана больш за 1,2 тысячы супрацоўнікаў. На пачатку мінулага года іх было больш за 1,4 тысячы.
Нягледзячы на высокія падатковыя адлічэнні, якія захоўваюцца, EPAM працягвае заставацца па-за межамі топа-10 сярод ІТ-кампаній з беларускімі каранямі па ўзроўні сярэдняга заробку.
Па выніках снежня мінулага года сярэдні заробак там склаў 4,8 тысячы еўра брута — усяго на 2,4% больш, чым годам раней. Медыянны заробак па кампаніі склаў 4652 еўра (брута).
Wargaming
Літоўская дачка Wargaming прынесла бюджэту краіны за мінулы год 13,3 млн еўра. Але ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года падатковыя адлічэнні скараціліся больш чым на 10% (або на 1,6 млн еўра).
Больш за ўсё падаткаў распрацоўшчык гульняў заплаціў летась у трэцім квартале — амаль 4,3 млн еўра. У астатнія перыяды кампанія плаціла па 3 млн еўра.
Каманда Wargaming у Літве таксама скарачаецца, і ўжо не першы год. Калі на пачатку мінулага года ў літоўскім офісе кампаніі былі зарэгістраваныя 914 спецыялістаў, то на гэты момант — 828. За год+ каманда скарацілася на 10%. Адток спецыялістаў з літоўскага офіса працягваецца і сёлета.
Літоўская дачка Wargaming, у адрозненне ад EPAM, па выніках снежня мінулага года ўвайшла ў топ-10 ІТ-кампаній з беларускімі каранямі па памеры сярэдняга заробку. За апошні месяц мінулага года сярэдні заробак там перавысіў 5,5 тысячы еўра брута.
EPAM у топе-100, Wargaming міма
Па выніках мінулага года EPAM і Wargaming заплацілі ў літоўскі бюджэт больш за 31 млн еўра падаткаў — на 4,4 млн еўра менш, чым у 2023 годзе.
Зніжэнне падатковых адлічэнняў не перашкодзіла EPAM Sistemos увайсці ў топ-100 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы. Што праўда, адносна 2023 года кампанія пагоршыла сваю пазіцыі ў рэйтынгу. Калі па выніках 2023 года яна заняла 58 месца, то па выніках мінулага — толькі 72 месца.
А Wargaming Vilnius вылецела з топа-100, заняўшы толькі 109 месца. Па выніках 2023 года кампанія была на 81 месцы.
Што тычыцца сектара «інфармацыя і сувязь» (акрамя ІТ-кампаній сюды ўваходзяць, у прыватнасці, кампаніі телэкаму, анлайн-рытэйлеры), то па выніках мінулага года EPAM Sistemos апынулася на 5 месцы, а Wargaming — на 6 месцы.
Таксама ў топ-50 падаткаплацельшчыкаў увайшлі яшчэ тры кампаніі з беларускімі каранямі.
Gurtam прынесла літоўскаму бюджэту 6,3 млн еўра падаткаў — на 23% больш, чым у 2023 годзе. Flo заплаціла 3,9 млн еўра — на 18% больш, чым год таму. У той жа час мабільны распрацоўшчык MA (экс-Melsoft) скараціў падатковыя адлічэнні з 4,2 да 4 млн еўра. Дадамо, што па выніках года ў топ-50 не трапіла кампанія Andersen, якая была там раней.
Читать на dev.by