«Па вечарах прыбіраў ІТ-офісы». Пагутарылі з навукоўцамі з НАН
Кажуць, гэта месца, дзе дагэтуль не скасавалі «прыгоннае права».
«Па вечарах я падпрацоўваў клінерам, прыбіраў у офiсах IT-кампанii»
Ян*, працуе ў адным з аддзелаў НАН Беларусi 10 гадоў:
— Я ўладкаваўся ў НАН прыблізна дзесяць гадоў таму — трапіў туды па пратэкцыi знаёмага. Дагэтуль я займаўся той жа дзейнасцю, якая планавалася i на гэтым працоўным месцы. Ужо быў досвед працы ў навукова-даследчай iнстытуцыi: чатыры гады працаваў малодшым навуковым супрацоўнiкам у адным навукова-даследчым цэнтры. У НАН аформiлi на такую ж пасаду.
Першыя два-тры гады я займаўся выключна сваёй тэхнiчнай справай. Часам мой загадчык казаў, што было б добра апублікаваць артыкул, бо ў штаце аддзела толькі навуковыя супрацоўнікі, галоўным вынікам працы якіх мусяць быць друкаваныя матэрыялы. Я не быў супраць, але ніякай навуковай навізны ў маёй працы не было: усе мае штодзённыя працэсы, па сутнасці, былі перанятым досведам аналагічных еўрапейскіх інстытуцый.
Заробак у НАН быў малым — плацiлi трохi больш за «мінімалку», але я быў гатовы патрываць, абы працацаваць з унiкальнымi матэрыяламi, да якiх меў доступ, i натуральна атрымлiваў асалоду ад гэтага кожны дзень. Я не разумеў, як функцыянуе нашая інстытуцыя — і, шчыра кажучы, мне падавалася гэта чымсьці другасным.
Некалі я быў аспірантам у адной беларускай вну, але мяне папрасілі адлічыцца, таму на новым месцы працы я часам задумваўся пра паступленне ў аспірантуру. У 2020 годзе давялося папрацаваць з вядомай даследчыцай, яна падказала тэму даследавання, што падштурхнула мяне зноў паступіць у аспірантуру.
На адным мерапрыемстве ўпершыню на ўласныя вочы ўбачыў тагачаснага старшыню НАН і кіраўніка гуманітарнага аддзялення — я перажыў жахлівае расчараванне, бо думаў, што намі кіруюць проста прафесійныя карупцыянеры, але, пачуўшы іхнія прамовы, зразумеў, што яны, калі не дурні, то людзі зусім некампетэнтныя.
Вочнае навучанне ў аспірантуры дазваляе працаваць на палову стаўкі. Аспіранцкая стыпендыя плюс палова заробку малодшага навуковага супрацоўніка — гэта істотны рост даходаў, ужо пачуваўся не так дэпрэсіўна. Пасля мяне ўпершыню ўзялі на адзін праект, які даваў дадатковыя даплаты, — і ўвогуле стала някепска, зарабляў пад 2 тысячы рублёў.
Але ў сакавіку 2025 года праекты скончыліся — а з імі даплаты, з таго часу я атрымліваю 1025 рублёў. У нас працавала кандыдатка мастацтвазнаўства, якая перавялася ў іншы аддзел, — яна атрымлівала 1250.
У красавіку-траўні па вечарах я падпрацоўваў клінерам, прыбіраў у офiсах IT-кампанii (без санвузлоў — толькі працоўныя памяшканнi) 5/2 з 19:00 да 23:00 — атрымліваў дадатковыя 700 рублёў на месяц. Як бачыце, заробак прыбіральшчыцы большы, чым у кандыдата навук.
І ўвогуле ў Мінску не праблема знайсьці вакансію на некваліфікаваную працу з заробкам ад 1,5 тысячы рублёў.
Цяпер нерэгулярна хаджу падпрацоўваць на склад — то машыны разгружаю, то налепкi на тавар клею. Бо жыць на тысячу няпроста.
Паколькi працую з архіўнымi матэрыяламi, мне заўсёды рупіла арганізаваць нармальнае фондасховішча. Неаднаразова хадзіў з гэтай прапановай да намесніка дырэктара — iдэя яму падабалася, але кожны раз я чуў у адказ, што «памяшканняў няма». Пры гэтым за апошнія 5 гадоў асобныя кабінеты атрымалі тры намеснікі i сакратарка — то бок чатыры пакоi для iх неяк знайшлiся.
У нас часта праходзяць рамонты: шліфуюць паркет, замяняюць вокны, дзверы, — але купіць нармальныя кампутары, друкаркі і іншую тэхніку — вялікая праблема. Летась ці пазалетась адзін намеснік, які з’явіўся ў нас пасля 2020 года і ўжо сыйшоў, купіў ажно 20 персанальных камп’ютараў — кожны коштам па 400 рублёў. Выкінутыя грошы, ну, — лепей узяў бы два па 4 тысячы рублёў, то хоць нейкі толк ад гэтай тэхнiкi быў бы.
Некалькі гадоў назад да нас на чвэрць стаўкі лабаранта прыйшоў новы сямiдзесяцiгадовы супрацоўнік — i даволі хутка яму набылі новы прыстойны камп’ютар, МФУ, шырокафарматную друкарку, ну i шмат чаго яшчэ. А я працягваў трэцi год запар хадзiць да намесніка: маўляў, майму кампу ўжо 10 гадоў споўнiлася, юсб-уваходы не працуюць і трэба загадзя планаваць абнаўленне тэхнікі. Даволі хутка новы лабарант дабіўся асобнага кабінета з рамонтам — а ўсё таму, што сябар кiраўнiка.
У часы каранавіруса ў прыбіральнях з’явіўся сродак для дэзынфекцыі рук, пазней, праз паўгады-год, пачалі класьці мыла. Туалетная папера выстаўляецца на століку ці зліўным бачку толькі падчас міжнародных навукова-практычных канферэнцый ці іншых урачыстых падзей.
Стан сантэхнікі пасрэдны, пасля 2020 года двойчы былі патопы, пасля першага сур’ёзнейшага (у выходны дзень з шостага паверха, відаць, пакуль не дацякло да вахцёркі, ніхто нічога не рабіў) дэфармаваліся дзверы ўваходаў на паверхі, але іх да гэтага часу не памянялі, — аднак чамусьці памянялі дзверы выхадаў на гаўбцы ў тарцы будынку.
У чэрвені я ўбачыў вакансію з заробкам ад 3 да 6 тысяч рублёў, простым работнікам без кваліфікацыі на вытворчасць цэглы ручной фармоўкі. Сур’ёзна задумаўся, ці не звольніцца з НАН, ці не пачаць нармальна зарабляць і жыць? Нядаўна таксама чытаў навіну, што ў Гомелі дармаедаў ці не прымусова за кошт дзяржавы адукоўваюць на запатрабаваныя спецыяльнасці — на кiроўцаў, зваршчыкаў і гэтак далей — i падумалася, што было б добра прапанаваць такое супрацоўнікам НАН. Напэўна многія б пагадзіліся за кошт дзяржавы атрымаць правы на грузавік ці аўтобус і нават адпрацаваць за «баранкай» гадоў пяць.
Можна сто разоў казаць: «Янка, абараняйся, не хапае кадраў, нам трэба кандыдаты», — але, атрымліваючы заробак, ты адразу ж пазбаўляешся сумневаў наконт сваёй запатрабаванасці.
«У дамове на поўную стаўку ўбачыла суму каля 580 рублёў»
Васіліса*, аспірантка і супрацоўніца НАН Беларусі:
— У 2023 годзе, пасля магістратуры, я па размеркаванні прыйшла ў адзін з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук. Ва ўніверсітэце нас натхнялі ісці ў навуку, і мне здавалася, што я, падобна Праметэю, прынясу людзям агмень ведаў. У нейкім сэнсе так і выйшла: апынулася ў ланцугах і вымушана пакутаваць кожны дзень.
Для маладога спецыяліста НАН Беларусі — гэта кшталту «прыгоннага права». Моладзь прыцягваюць туды на размеркаванне, але не тлумачаць рэальнага становішча. А чакае іх сістэма, дзе дамінуе старэйшае пакаленне, якое жыве па правілах савецкага часу. Любая спроба мысліць інакш ці прапанаваць змены сустракае іх жорсткае супраціўленне.
Тут працуюць добрыя, разумныя і адданыя сваёй справе людзі, але ўсе яны быццам засталіся ў гэтай сітуацыі, сталі закладнікамі ўласных і чужых ілюзій. Мяне тут цэняць і стараюцца падтрымаць, за што я бязмерна ўдзячная тым, хто быў на маім баку. Аднак агульная абстаноўка пазбаўляе магчымасці па-сапраўднаму развівацца ў навуцы, рухацца наперад і рэалізоўваць свой патэнцыял.
Пад час працаўладкавання ў дамове на поўную стаўку я ўбачыла суму каля 580 рублёў — гэта мяне проста шакавала.
Амаль адразу мне выставілі ўльтыматум: раз прыйшла працаваць у НАН Беларусі, абавязана паступіць у аспірантуру — гэта нават не абмяркоўвалася. Пры гэтым конкурсу практычна не было, — залічылі ўсіх, хто падаў дакументы.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я шмат чаму там навучылася — я пішу навуковыя публікацыі, умею граматна выбудоўваць метадалогію даследаванняў і працаваць з вялікім аб’ёмам дадзеных.
Мне яшчэ год вучыцца. Зараз мой даход складаецца са стыпендыі — 1100 рублёў — і зарплаты на падпрацоўцы ўсё ў той жа Акадэміі навук — гэта каля 400 рублёў, у суме прыкладна 1500 рублёў. Але я разумею, што пасля заканчэння навучання мой заробак зноў рэзка ўпадзе.
Многія думаюць, што абарона дысертацыі — гэта гарантыя поспеху. Але ў нашай сістэме гэта так не працуе. Шанцы на паспяховую і своечасовую абарону часта залежаць не столькі ад навуковай каштоўнасці працы, колькі ад тваёй лаяльнасці і наяўнасці патрэбных сувязяў. Без апякунства можна гадамі стаяць у «чарзе».
Вам цікава, як людзі, якія там працуюць, выжываюць на зарплату ў 800 рублёў. Сакрэт просты: многія супрацоўнікі ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, яны атрымліваюць нядрэнную пенсію, і праца ў Акадэміі для іх — гэта, як яны кажуць, «для душы», каб не засумаваць дома. У суме ж у іх нярэдка выходзіць годны даход.
Другі прыклад — навукоўцы сярэдняга ўзросту. Яны ўдзельнічаюць у добра фінансаваных праектах і праграмах, што дазваляе ім зарабляць па некалькі тысяч рублёў. Але каб трапіць у такі праект, трэба быць «сваім» і даказаць шматгадовую адданасць сістэме. Летам на сходзе нам агучылі сярэднюю зарплату па інстытуце — 2,5 тысячы рублёў. Гледзячы ў разліковы ліст, я магла толькі здзіўляцца, адкуль бяруцца такія лічбы.
У акадэмічным асяроддзі нярэдкія сітуацыі, калі матэрыялы і распрацоўкі маладых навукоўцаў публікуюцца пад імёнамі іншых людзей, часам нават без згадкі сапраўднага аўтара ў чарадзе суаўтараў. Таксама здараецца, што дысертацыі пішуць адны людзі, а абараняюцца з імі — зусім іншыя.
Мой план — сыходзіць з гэтага «балота», як бы груба гэта ні гучала. Я разумею, што калі звольнюся, абараніць дысертацыю мне, хутчэй за ўсё, не дадуць, і з гэтым фактам я ўжо замірылася. Таму я пайшла на ІТ-курсы і хутка буду шукаць новую працу.
Мне сумна бачыць, як навука ў Беларусі паступова згасае разам з пакаленнем, якое некалі яе стварала.
«Наш супрацоўнік атрымаў прэзідэнцкую стыпендыю — тады яму перасталі плаціць прэмію»
Ангеліна*, была малодшым навуковым супрацоўнікам у НАН Беларусі, зараз там ужо не працуе:
— Я прыйшла ў Акадэмію навук у 2007 годзе і затрымалася там надоўга. І дагэтуль падтрымліваю адносіны з былымі аспірантамі і магістрантамі.
Я была малодшым навуковым супрацоўнікам — і мая зарплата была такой маленькай (прыкладна 200-250 даляраў на рукі), што прыйшлося яшчэ пайсці працаваць у іншае месца на паўстаўкі па начах, а яшчэ я займалася рэпетытарствам.
Калі кіраўніца на асноўным месцы працы даведалася, што я падпрацоўваю яшчэ дзесьці, — урэзала зарплату, каб ураўняць з зарплатамі астатніх малодшых супрацоўнікаў. Грошай зноў не хапала, ды і стомленасць назапасілася. Я падышла да яе пагаварыць пра тое, што хачу павысіць сваю зарплату, — спытала, што я магу зрабіць для гэтага. А яна адказала, што я павінна кінуць падпрацоўку і браць працу дадому, як гэта робіць яна, і наогул «у навуцы працуюць за ідэю, а не за грошы, а калі патрэбны грошы — звальняйцеся і ідзіце працаваць у ІТ».
Дарэчы, памятаю як адзін наш супрацоўнік вызначыўся і атрымаў прэзідэнцкую стыпендыю — тады яму перасталі плаціць прэмію, аргументаваўшы гэта выраўноўваннем зарплаты з іншымі супрацоўнікамі, якія не атрымалі такой надбаўкі.
Але варта сказаць, што пры гэтым на зарплатах пенсіянерам у Акадэміі навук не эканомяць — і знаходзяць розныя магчымасці для дадатковага прэміявання, аж да штогадовага ўручэння падзяк за працу ў бягучым годзе.
Навука заўсёды была цікавая мне, але беларуская — не асабліва. Я думала, што атрымаю ступень — і пайду далей будаваць кар’еру, але неяк непрыкметна для сябе захрасла ў гэтым балоце на 10 гадоў.
Так, тут я сустрэла шмат шчаслівай, амбіцыйнай моладзі, якая кожны па сваіх прычынах вырашыла застацца ў краіне — ды яшчэ і ў беларускай навуцы, у якой пасля 90-х не засталося ні якаснага абсталявання, ні банальна ўмоў (мэбля, якой мы карысталіся, развальвалася на трэскі, рэактывы — яшчэ з 60-80-х гадоў, зімой мы працавалі ў верхнім адзенні). Мы падтрымлівалі адзін аднаго, абменьваліся досведам і ведамі — бо нам далей жыць вялікае жыццё, хто ведае, дзе хто апынецца.
Але ў астатнім рэчаіснасць не цешыла: тон у Акадэміі навук задавалі людзі са стажам больш за 30 гадоў, і яны сцвярджалі, што «за проста так нічога не бывае», і «калі хочаце добра жыць, то трэба ісці ў бізнес, а не ў навуку». Але самі пры гэтым знаходзілі магчымасць зарабляць і ў навуцы.
Прывяду ў прыклад стандартную для Акадэміі навук практыку: ёсць тыпу заслужаны навуковец, які больш за 20 гадоў вывучае хуткасць асядання пылу на розных паверхнях. Яму ў чарговы раз трэба атрымаць грошы, але, паколькі яго тэарэтычная праца нікому не патрэбна, ды і за 20 гадоў вычарпалася крыніца фантазіі, як яшчэ завуаляваць тэму (па прынцыпе: «Як рэшатам ваду насіць» ператвараем у «Аналіз праблем транспарціроўкі рэчыва ў вадкім агрэгатным стане ў пасудзінах з перфараваным дном») — што ён можа зрабіць? Узяць пабольш магістрантаў і аспірантаў. І так як у яго будзе шмат моладзі — то ён зможа падаць адразу па некалькі праектаў, і запыт ухваляць амаль без праблем, бо на старце кар’еры так складана рабіць навуковыя даследаванні без фінансавання. Ды і ў такім выпадку да аднатыпных тэм праектаў менш нараканняў (ён жа будзе нібыта перадаваць досвед, ствараць навуковую школу).
А на справе кіраўніком усіх праектаў будзе лічыцца сам заслужаны навуковец, і ўсім фінансаваннем распараджацца ён будзе сам: захоча — дасць камусьці прэмію, не захоча — не дасць, захоча — дасць дабро на закупку неабходнага абсталявання або матэрыялаў, а не захоча — не дасць.
Да завяршэння праекта невыдаткаваныя грошы пяройдуць у зарплатны фонд і будуць ім жа падзеленыя ў выглядзе прэмій. І так, тут і спатрэбіцца фраза: «У навуцы заўсёды працавалі толькі за ідэю, грошы зарабляюць у бізнесе, таму сыходзьце — мы нікога не трымаем, а вашае месца прыйдуць іншыя, бо ў выпускнікоў ёсць размеркаванне, якое трэба недзе адпрацоўваць».
* Імёны спікераў змененыя на іх просьбу.
Читать на dev.by