«Кажуць, у гэты час рынак памірае». Тры гісторыі, як айцішнікі знайшлі працу перад святамі

Трохі навагодніх гісторый, якія прымусяць вас паверыць у цуд: трое нашых чытачоў расказалі, як знайшлі працу перад святамі (прычым двое з іх не па адным, а па два оферы), хоць здаецца, што ў такі час найманне замірае.

15 каментарыяў

«Офер пад Новы год быў для мяне адначасова і калядным падарункам, і цудам» 

Яўген (імёны змененыя), бэкэнд-распрацоўшчык, 5 гадоў досведу ў ІТ, жыве ў Польшчы:

Пазбавіўся працы напярэдадні Новага года. Я быў кантрактарам у Stenn — тры гады запар кампанія ўваходзіла ў топ фінтэх-стартапаў паводле версіі Financial times. Яе ацэначны кошт складаў 900 млн долараў — і стартап збанкрутаваў літаральна за 2 дні. 

2 снежня ў нас быў экстранны all-hands. Паведамілі, што на нас пайшлі ў суд HSBC (буйны фінансавы холдынг. — Заўв. рэд.) праз нейкіх буйных кліентаў, але ў цэлым нічога страшнага не мае адбыцца. Яшчэ было сказана, што фінансаванне часткі ўгод прыпыняецца і нашая галоўная задача — сабраць кэш як мага хутчэй. Таксама праінфармавалі, што звярнуліся да вонкавай юрфірмы, і што суд прызначаны на 4-е чысло.

4 снежня на all hands ужо была і вонкавая адміністрацыя. Проста ў часе сазвону ва ўсіх пачалі адбіраць доступы, для сувязі быў экстранна арганізаваны чат у WhatsApp.

Пасля сазвону ва ўсіх засталося дзіўнае адчуванне: ніхто да канца не верыў у тое, што адбываецца. Да таго ж got under administration — не зусім зразумелы для нас тэрмін. Прыйшлося самім разбірацца, што гэта аналаг банкруцтва.

Ніякіх аплат адпачынкаў, notice period і «падушак» — не атрымалі нават full-time-працаўнікі ў Брытаніі і Польшчы. Цэлы тыдзень пасля блакавання доступаў мы сядзелі ў поўным няведанні. А 12 снежня нас сабралі яшчэ на адзін кол — ужо вонкавая адміністрацыя — і сказалі, што мы ўсе звольненыя.

Абяцалі выплаціць заробак да Калядаў, але на бягучы момант аплаты не атрымалі ні кантрактары, ні фултайм-супрацоўнікі ў Іспаніі і Брытаніі. 

У мяне была такая-сякая «падушка бяспекі», але вельмі палохала пытанне, як быць з легалізацыяй, бо ў мяне Blue Card. На шчасце, працу я ўжо знайшоў. 

Я пачаў сумовіцца ў кампанію, у якой буду працаваць, яшчэ да ўсіх гэтых падзей. Рэкруцёр напісаў мне ў LinkedIn і зацікавіў вакансіяй — я вырашыў паспрабаваць прайсці сумоўі. А офер пад Новы год быў для мяне адначасова і калядным падарункам, і цудам. 

Пазбавіўшыся працы, я, вядома, спрабаваў шукаць яшчэ штосьці — але большасць маіх водгукаў альбо засталася без адказу, альбо атрымала аўтарэджэкт. Я зразумеў, што эфектыўней за ўсё пісаць/адказваць рэкруцёрам у LinkedIn у асабістыя. Хоць там таксама многія мае суразмоўцы знікалі ў часе размовы або не вярталася са зваротнай сувяззю.

«Офераў было два, і адзін з іх я прыняла — па заробку атрымалася амаль 2х» 

Ася, спецыяліст у Data Science, досвед у ІТ — 4,5 года, жыве ў Беларусі:
 
— Я — той самы чалавек, якому зрабілі офер 24 снежня, перад самым сыходам на вакацыі. 

Працу я шукала ў фонавым рэжыме: калі хто-небудзь з рэкруцёраў пісаў мне ў LinkedIn — ішла на сумоўе.

Пошукі працы пачала яшчэ ў верасні, бо на маім бягучым месцы рост заробкаў замарозілі, і размарожваць не плануюць. А акрамя таго мне хацелася папрацаваць у прадуктовай кампаніі ў нейкай новай вобласці. 

Колькі рэкруцёраў мне пісала, я не лічыла. Вядома, адмовы пасля інтэрв’ю былі і з майго боку, і з боку наймальнікаў. Да тэхнічнага інтэрв’ю я дайшла 4 разы. Адная адмова была звязаная з тым, што заказчык у апошні момант не захацеў спецыяліста з беларускай лакацыі, яшчэ адная адмова па навыках. Офераў было два, і адзін з іх я прыняла — па заробку атрымалася амаль 2х. 

16 снежня напісала дзяўчына з агенцтва і прапанавала вакансію. 18 снежня ў мяне было першае сумоўе, праз два дні — другое, яшчэ праз тры дні — трэцяе, а наступнага дня — офер.

Варта, вядома, сказаць, што ў мяне на руках быў офер яшчэ ад адной кампаніі, таму я папрасіла паставіць мне сумоўі максімальна шчыльна, каб не прымушаць іншую кампанію доўга чакаць майго адказу.

Я выходжу на працу на пачатку лютага, бо мне яшчэ трэба перадаць веды майму пераемніку на бягучым праекце. 

«У мяне ў снежні было некалькі сумоўяў і два оферы»

Наталля, у ІТ — 6+ гадоў, жыве ў Беларусі:

— 31 снежня ў мяне быў апошні працоўны дзень у старой кампаніі. Я працую сістэмным аналітыкам у ІТ і ў снежні атрымала два оферы — 15 студзеня выходжу на працу ў іншую кампанію. 

Звальненне было маёй ініцыятывай. Я пасіўна шукала працу каля паўгода, але сама амаль не адгукалася на вакансіі — у асноўным прымала запрашэнні прайсці сумоўе ад рэкруцёраў з LinkedIn і з rabota.by. 

Я ў асноўным цікавілася пазіцыямі бізнэс-аналітыка. Адмоў было нямала, бо для гэтай пазіцыі патрэбная вялікая тэхнічная база. Я нават дадаткова прайшла курсы сістэмнага аналізу — і тады справа пайшла весялей: пасля другога ж сумоўя я атрымала офер.

Што дзіўна: кажуць, што перад святамі рынак «памірае», а ў мяне ў снежні было некалькі сумоўяў і два оферы.

Паспрабуйце так у 2024. Айцішнік не прыняў адмовы — і атрымаў офер
Па тэме
Паспрабуйце так у 2024. Айцішнік не прыняў адмовы — і атрымаў офер

Читать на dev.by