«Пабудую кар'еру пасля 30-ці». Айцішніца патлумачыла, чаму выбрала дзяцей

Айцішніцы часта сумяшчаюць догляд маленькага дзіцяці і працу. Але BI-распрацоўшчыца Вольга (імя змененае) зрабіла іншы выбар — не працаваць у «дэкрэце» тры гады. Вось як яна патлумачыла яго для devby.io.

6 каментарыяў

— Я айцішніца ў «дэкрэце», і я не сумяшчаю працы і выхавання дзіцяці — гэта мой выбар.

Мне 25 гадоў, у мяне 3 гады вопыту працы BI-распрацоўшчыцай у ІТ-кампаніі. Я прывыкла якасна рабіць тое, чым займаюся, — гэта тычыцца і працы, і мацярынства. У дэкрэце я вывучаю шмат інфармацыі, каб быць упэўненай мамай, і ведаю, што не змагла б усяго гэтага сумяшчаць з кар’ерай. 

За 2,5 гады я прайшла курс па падрыхтоўцы да родаў, 2 курсы па ЛФК і масажу для немаўлятаў, курс па самапрыколванні, курс па лячэнні ВРВІ, курс па адаптацыі дзіцяці ў дзіцячым садку, прачытала шмат літаратуры па дзіцячай псіхалогіі. Я адчуваю сябе спакойна і ўпэўнена ў мацярынстве дзякуючы гэтым ведам. Калі б мне давялося сумяшчаць працу і дэкрэт, я б не змагла так занурыцца ў гэтыя тэмы. 

Пра сябе я таксама не забываюся: у часе дэкрэта я навучылася кіраваць машынай і вывучыла польскую да А2 ўзроўню, магу свабодна размаўляць з палякамі на патрэбныя мне тэмы. 

У мяне ёсць фінансавая магчымасць не працаваць — і я выбрала такі варыянт для таго, каб надаць сваёй дачцэ час у самыя важныя для яе гады. І я бачу плён сваёй працы, заўважаю захопленыя погляды іншых бацькоў і выкладчыкаў, бачу, як час, прабаўлены з ёй, прыносіць найлепшыя дывідэнды для любога з бацькоў: гэта шчаслівае, адкрытае дзіця, развітае на свой узрост.

Мая дачка ўмее вызначаць эмоцыі іншых людзей, яна выдатна размаўляе ў 2,5 гады поўнымі сказамі на рускай мове і кароткімі фразамі на польскай. 

У нас ёсць магчымасць наняць няню на 8 гадзін 5 дзён на тыдзень, каб я выйшла на працу, але я не раблю гэтага, бо ведаю, наколькі важная роля дарослага для дзіцяці да 3 гадоў. А такі ўзровень догляду дзіцяці, які даю яму я, будзе каштаваць больш за мой айцішны заробак на месяц. Плюс мне вельмі падабаецца бавіць час з дачкой. Так, бывае складана, але ўсё ж я вельмі шчаслівая ў дадзены момант.

Праз пару месяцаў дачка пойдзе ў садок, а я планую другую цяжарнасць. Цяпер у мацярынстве для мяне няма цёмных плям — я разбіраюся ва ўсіх этапах развіцця дзіцяці да 3 гадоў. Таму ў другім «дэкрэце» мне не трэба будзе столькі часу марнаваць на вывучэнне дзіцячых тэм. 

У другім «дэкрэце» я таксама не планую працаваць, але буду вучыцца. За тры гады я хачу падцягнуць англійскую з B2 да С1, вывучыць польскую да ўзроўню B1, прайсці некалькі навучанняў у рамках сваёй спецыялізацыі. Упэўненая, што, вярнуўшыся на працу ў 30 гадоў, я змагу канкураваць з іншымі спецыялістамі на рынку працы і паспею пабудаваць выдатную кар’еру. У мяне шмат амбіцый, ёсць галава на плячах, і я ўмею ёй карыстацца. А дэкрэт я разглядаю як трамплін. 

Падарыць жыццё і прайсці першыя 3 гады жыцця побач са сваімі дзецьмі, навучыць іх не толькі базавым навыкам догляду сябе, але даць тое, што не дасць дзіцячы садок або няня, — гэта вельмі важна. З пачуццём рэалізаванасці ў мацярынстве і без неабходнасці разрывацца паміж патрэбамі маленькага дзіцяці і дэдлайнамі на працы, я змагу пабудаваць кар’еру пасля 30 — я ўпэўненая.

Я звольнілася перад пераездам у Польшчу — у маёй кампаніі яшчэ не было офіса тут, ды я і не шукала новай працы, бо мы планавалі нарадзіць дзіця, а старт у новай кампаніі запатрабаваў бы часу. На дадзены момант мой былы працадаўца адкрыў офіс у Польшчы, актыўна яго развівае і запрашае мяне вярнуцца на працу, калі буду гатовая.

«Скрыла ребёнка». Как айтишницы совмещают младенцев и работу
По теме
«Скрыла ребёнка». Как айтишницы совмещают младенцев и работу

Читать на dev.by