Не так і дрэнна. Як маецца IBA у трох краінах, дзе працуюць беларусы

Мы даведаліся, як маюцца супрацоўнікі EPAM, Wargaming, iTechArt, Andersen, ISsoft. Цяпер раскажам, як працуецца спецыялістам IBA Group.

17 каментарыяў
Змест

У 2021 годзе IBA Group уваходзіла ў топ-3 найбуйнейшых ІТ-кампаній у Беларусі са штатам 2380 чалавек. Але ўлетку 2023 года штат кампаніі скараціўся ўдвая. Паводле слоў Сяргея Ляўцеева, каля 60% распрацоўшчыкаў (з Беларусі) на той момант ужо працавалі ў іншых лакацыях.

У 2021–2023 гадах кампанія прыкметна пашырыла геаграфію, адкрыўшы офісы ў Польшчы, Харватыі, Літве, Грузіі, Казахстане. Цяпер падраздзяленні ёсць у 15 краінах, глабальны штат — 2700+ супрацоўнікаў.

Warning!

Гэты цыкл публікацый — падборка свежых водгукаў аб працы ў розных ІТ-кампаніях у 2022-2023 на рынку, які мяняецца. Тут няма інфармацыйных нагод. Гэта суб’ектыўны досвед і ўражанні супрацоўнікаў з розных офісаў, якія пажадалі выказацца.

Спадзяемся, кампаніі таксама знойдуць фідбэк карысным. Калі кампанія захоча даць каментары, мы дадамо яе пазіцыю.

У замежных лакацыях IBA, напрыклад, запускае і развівае рашэнне для бескантактавых плацяжоў tapXphone.

У Беларусі кампанія рэалізоўвала ў тым ліку асобныя дзяржпраекты. Так, восенню 2021 года стала вядома, што «АйБіЭй АйЦі Парк» (падраздзяленне IBA Group) выйграла конкурс на стварэнне разумнай платформы, якая аб’яднае і будзе аналізаваць даныя пра фінансы беларусаў і беларускіх кампаній. Заказчыкам праекта было Міністэрства па падатках і зборах.

Улетку 2023 года заснавальнік і гендырэктар IBA Group Сяргей Ляўцееў заявіў, што кампанія сышла з беларускага і расійскага рынкаў. 

Да гэтага, яшчэ ў 2022 годзе, IBA Group выйшла са складу заснавальнікаў кампаніі «Міжнародны дзелавы альянс». Раней такую назву насіў магілёўскі філіял кампаніі.

На дадзены момант «Міжнародны дзелавы альянс» (рэзідэнт ПВТ) абслугоўвае кліентаў з Беларусі. У той жа час у дзвюх афіляваных юрыдычных асоб IBA — замежнага прадпрыемства «АйБіЭй АйЦі Парк» і ТАА «ІВА-Гомель-Парк» (рэзідэнты ПВТ) — пакуль няма ніякіх змен. Пры гэтым ТАА «ІВА-Гомель-Парк» яшчэ з лета 2022 года ўключаная ў «недружалюбны» спіс кампаній, якім забаронена прадаваць долі (акцыі) без спецыяльнага дазволу Мінфіна.

Плюсы і мінусы працы ў IBA Group (суб’ектыўныя)

Плюсы

  • «IBM праекты, спецыялісты і прадукты, крутыя працэсы, і ты вучышся на іх».
  • «Крутая кампанія для першых 2-3 гадоў, калі яшчэ няма заробкавых амбіцый».
  • «Цалкам лаяльны HR-аддзел, менеджмент і г. д.»
  • «Шмат рэсурсаў для адукацыі за кошт кампаніі, уключаючы рэпетытараў».
  • «Высокі старт па заробку. У мяне было з нуля 700 долараў, праз год — каля 1300 долараў».
  • «Стабільнасць. За ўвесь час, што я працую, у ніводны фінансавы крызіс не было масавых скарачэнняў. І нават апошнія некалькі гадоў былі дастаткова ўстойлівыя».
  • «Увесь комплекс IBA GROUP крута прадуманы. У мінскім офісе асабістая спартзала, футбольнае поле, спартыўныя трэнеры ў штаце кампаніі, лазня, крутая сталовая толькі для штату». 

— «Распарадак дня радавога праграміста IBA Group у Мінску:

  • 9:00 — трэніроўка па боксе з асабістым трэнерам.
  • 10:00 — праца.
  • 13:00 — абед.
  • 14:00 — трэнажорная зала з асабістым трэнерам + лазня.
  • 15:00-18:00 — праца.
  • Пасля 18:00 — плэйстэйшан або настолкі з калегамі.

І ўсё гэта не выходзячы з офіса і за кошт кампаніі».

Мінусы

  • «На мідл+ узроўні заробак ніжэйшы за рынак. А пасля 2000-2500 долараў пачынаецца маральная барацьба за далейшае ўзняцце свайго заробку».
  • «У IBA было мала мерапрыемстваў, карпаратываў, сустрэч. Напрыклад, цяпер на новай працы штомесяц сход у бары або рэстаране за кошт кампаніі».
  • «Мінімальны заробак на рынку, менеджмент вымушае жадаць лепшага».
  • «Старыя тэхналогіі і несучасныя непаваротлівыя працэсы, калі камфортныя ўмовы перашкаджаюць развівацца кампаніі ў цэлым. Але так як гэта працягваецца гадамі, то, відавочна, усіх задавальняе».

Беларусь

— Працаваў на гомельскі офіс кампаніі аддалена з іншай краіны. Хоць у сістэме кампаніі я лічыўся як працаўнік не беларускага офіса, па факце кіраўнік у мяне быў у гомельскім офісе.

Сышоў летась у іншую кампанію, офіс знаходзіцца ў краіне, у якую пераехаў. На момант майго сыходу ў гомельскім офісе IBA працавала каля 300-350 чалавек. Летась з кампаніі сышлі дзясяткі людзей. Многія цяпер працуюць у LeverX альбо Innowise.

Пайшоў, бо хацеў росту ў кар’еры. У кампаніі былі праблемы з праектамі. Сітуацыя летась, на мой погляд, была горшай ніж у 2022 годзе ў частцы праектаў. Нават доўгатрывалы праект, на якім я працаваў, хацелі закрыць летам, але потым быццам бы працягнулі яшчэ на год. Чуў, што калі ты без праекта, то ў цябе ёсць запас у пару месяцаў, потым могуць папрасіць сысці.

Таксама я не быў задаволены дзіўнай структурай кіравання. Усе працоўныя пытанні, у тым ліку пра заробкі і адпачынкі, вырашалі людзі з Гомеля, хоць у мясцовым офісе ў краіне, дзе я жыў, былі свае эйчары і бухгалтары. Акрамя таго, мяне не задавальняла зарплата, якая была ніжэйшай у параўнанні з канкурэнтамі на мясцовым рынку.

Польшча

Цэнтр распрацоўкі ў Польшчы (ва Уроцлаве) IBA Group адкрыла яшчэ зімой 2021 года. «Пашырэнне выкліканае павышаным попытам на ІТ-сэрвісы ў Цэнтральнай Еўропе», — заявілі тады ў кампаніі. Планавалася, што польскі офіс зоймецца распрацоўкай інтэрпрайз-праграм, уключаючы мабільныя рашэнні, бізнэс-аналітыку, Big Data, машыннае навучанне і SAP-сэрвісы.

У верасні мінулага года IBA Group адкрыла яшчэ адзін офіс у Польшчы — у Варшаве. Цяпер у Польшчы працуе каля 500 супрацоўнікаў IBA Group. Верагодна, гэта самая буйная на сёння лакацыя. 

Рэлакейт

— У сакавіку — пачатку красавіка 2022 года ў кампаніі паўсталі праблемы з далейшай працай над праектамі асноўнага заказчыка — амерыканскай карпарацыі IBM (на той момант IBM заявіла пра свой сыход з Расіі — заўв.). У адзін момант працы на праектах спынілі.

Кампанія стымулявала ўсіх пераязджаць у Польшчу. Таксама былі варыянты рэлакацыі ў Грузію, Балгарыю, Літву. У Грузію можна было пераехаць без падвышэння заробку і рабіць там візу ў Польшчу. І ўсе, хто туды з’ехаў, адразу вярнуліся ў праекты.

Можна было застацца ў Беларусі і чакаць візу ў Еўропу. Хто працаваў на праектах IBM і абраў гэты варыянт, адразу трапіў на бэнч.

У маім выпадку бэнч зацягнуўся на пяць месяцаў праз чаканне візы. Але пры гэтым я атрымліваў поўны заробак. Атрымалася нешта накшталт адпачынку за кошт кампаніі. Я думаю, у кампаніі вялікі бюджэт ляжыць на кожнага, раз мне спакойна паўгода плацілі проста так заробак.

Пры рэлакацыі ў Польшчу кампанія выплаціла 2,5 тысячы долараў (брута) у выглядзе бонусу. Але бонус быў зваротны. То-бок, калі не адпрацаваў год пасля пераезду, вяртаеш частку сумы ў залежнасці ад колькасці неадпрацаваных месяцаў.

Заробак

— У Польшчу я пераехаў летам 2022 года. Пасля пераезду мне паднялі заробак на 400 долараў, але выніковы заробак усё роўна быў ніжэйшы за рынак. Больш за тое, я застаўся ў мінусе ў параўнанні з Мінскам, калі ўлічваць выдаткі на арэнду кватэры (600 долараў) і рост падаткаў да 23%. А пасля пераезду перагляды замарозілі. Таму амаль год атрымліваў адзін і той жа заробак, хоць і прасіў павышэння. У выніку звольніўся праз фінансавыя рознагалоссі.

— У IBA першыя праблемы з павышэннем заробку пачынаюцца, калі ты даходзіш да 2-2, 5 тысяч долараў на месяц. Датуль спакойна паэтапна пераглядаюць фактычна на першае жаданне. Атрымліваеш 1 тысячу долараў, папросіш, і адразу дадуць 1,4 тысячы долараў. Просіш праз паўгода — адразу даюць 1,8 тысячы долараў. А вось калі даходзіш да 2 тысяч долараў, пачынаюцца складанасці, як быццам бюджэты на вышэйшыя заробкі ўжо не разлічаныя. Прапаноўваюць другі праект браць у нагрузку, напрыклад, а асноўны заробак са стажам ужо перастаюць падымаць.

— З пераглядамі заробку ў IBA заўсёды было цікава. Ніякіх працэсаў па аўтаматычным пераглядзе не было, проста аўтаматычна падаўжаецца гадавы кантракт. Калі хочаш павышэння, асобна запытваеш абмеркаванне з начальнікам аддзела або дэпартамента. І павышэнні давалі са скрыпам.

— Першы раз прасіў павышэння заробку праз паўтара года пасля старту. Атрымаў колькі і прасіў (+15%) пры тым, што ў мяне і так была нармальны сярэднерыначны заробак. Пры пераездзе (пры пераафармленні на польскі офіс, што адбылося значна пазней пераезду) заробак павысілі яшчэ раз — узялі брудны мінскі і акруглілі да найбліжэйшай круглай лічбы з трыма нулямі. Павышалі практычна ўсім, асабліва ўдала ўсё атрымалася ў мідлоў — шмат у каго заробак вырас у 1,5-2 разы. Ім яшчэ бонусам даставаўся цалкам кантрактны заробак. У больш высокааплатных (і/або менш патрабавальных) сума ў кантракце адрозніваецца ад рэальнага заробку.

Найманне, звальненні, бэнч

— Звальненні і найманні ў офісе ва Уроцлаве летась былі ў штатным рэжыме. А на бэнчы, здаецца, было мала людзей.

— Найманне калянулявое. Усё яшчэ ёсць спецыялісты, якія пераязджаюць з беларускіх офісаў. Са звальненнямі ўсё сумна. Праекты IBM масава і бесперапынна сыходзяць (часам разам з супрацоўнікамі), а новых не з’яўляецца. У параўнанні з 2022 годам праектаў стала менш. І іх колькасць працягвае змяншацца. 

З бэнчам пакуль усё нядрэнна (для супрацоўнікаў), у пэўным сэнсе нават лепш ніж было, бо плацяць заробак згодна з нармальным кантрактам, а не як у Мінску, дзе ў кантракце прапісана 10-20-30% ад рэальнага заробку.

Літва

Віленскі офіс IBA адкрыўся яшчэ ў 2022 годзе. На пачатку 2023 года там працавала больш за 60 супрацоўнікаў. Але за мінулы год колькасць спецыялістаў амаль не змянілася. Цяпер у літоўскай кампаніі зарэгістраваныя 70 супрацоўнікаў.

Рэлакацыя

— Ёсць невялікая цякучка кадраў, некаторых звальняюць, некаторыя прыязджаюць. Але многія арыентаваныя больш на Польшчу. У Літву, напэўна, хто хацеў, той ужо пераехаў.

Пры рэлакацыі кампанія выплаціла бонус у памеры 2 тысяч еўра. Юрыст, рэкамендаваны кампаніяй, дапамагаў з усімі дакументамі. Яго паслугі супрацоўнікі аплачвалі самі, але кошт быў прымальны. Увесь працэс быў пад кіраваннем і кантролем літоўскага офіса, ад супрацоўніка патрабавалася толькі прысутнасць і неабходныя дакументы.

Абавязковай умовай рэлакацыі была наяўнасць праекта. Без праекта і патрабавання/ухвалення заказчыка/кіраўніцтва пераехаць было немагчыма. Пры пераездзе індывідуальна агаворваліся ўмовы па заробку. Звычайнай практыкай было з’язджаць без перагляду заробку (або з частковым пакрыццём павышаных падаткаў). Але мне ўжо пасля афармлення ў новы офіс паведамілі, што павысілі рэйт.

Праекты, бэнч

— У цэлым па кампаніі шмат вялікіх праектаў закрываецца, а з новымі пакуль не зразумела. Але вялікіх звальненняў няма. Пры гэтым у Літве на бэнчы асабліва не трымаюць.

Заробак

Паводле даных rekvizitai.vz.lt, па ўзроўні сярэдняга заробку сярод ІТ-кампаній з беларускімі каранямі IBA знаходзіцца па-за межамі топ-10. У лістападзе 2023 года сярэдні заробак брута ў кампаніі склаў 4,1 тысячы еўра. Медыянны заробак па выніках лістапада — 3,8 тысячы еўра брута.

Літва і Польшча

— Для моладзі асноўная перавага Польшчы ў параўнанні з Літвой — ніжэйшыя падаткі і крыху таннейшы кошт жыцця. Яшчэ адзін плюс — блізкасць да Цэнтральнай Еўропы і шырэйшы рынак працы.

Але з тых, хто рэлакаваўся ў Літву, я не знаю нікога, хто быў бы незадаволены і планаваў пераезд. Усе свядома і мэтанакіравана прыехалі ў Літву, некаторыя ўзялі іпатэку (у прынцыпе, як і калегі ў Польшчы). Вядома, усе разумеюць патэнцыйныя праблемы з падаўжэннем ДНЖ і пастражэннем палітыкі літоўскіх уладаў да мігрантаў, але спадзяюцца на лепшае. Панікі дакладна няма таму, што ўсе дарослыя адэкватныя людзі.

Літоўцы блізкія менталітэтам. Не сказаць, што яны занураныя ў беларускі кантэкст, але збольшага яны з разуменнем і сімпатыяй ставяцца да беларусаў нават пасля пачатку вайны. У Вільні ёсць вялікая дыяспара беларусаў, і можна без праблем знайсці сваё кола зносін. Для дзяцей ёсць выбар дзяржаўных школ і садкоў — на літоўскай/польскай/рускай/беларускай.

Збольшага ў Вільні ты практычна як у Мінску: такое ж надвор’е, такія ж дарогі, тое ж асяроддзе, толькі шыльды на іншай мове і ёсць унутраны спакой.


Чытачы, што для вас dev.by? 

  • Месца сустрэчы з супольнасцю? 
  • Крыніца навін пра ІТ Беларусі?
  • Крыніца любых навін?
  • Месца для дыскусіі?
  • Пляцоўка для адукацыі і абмену досведам?
  • Кар’ерны кансультант?
  • Можа, усё пералічанае вышэй? А, можа, нешта іншае?

А хто вы для dev.by?

Супольнасць людзей, якая развівае беларускую ІТ-індустрыю і робіць яе поўнай таленавітых праектаў, цікавых дыскусій і навін. Мы тут, каб трымаць вас у курсе гэтых прыгод. dev.by для нас — гэта ўсё пералічанае вышэй, а яшчэ — праца. Падтрымайце нашую рэдакцыю!

Вашыя грошы даюць нам магчымасць выплачваць заробкі журналістам, менеджарам, распрацоўшчыкам, прадзюсарам — усім тым, хто робіць dev.by. Засапорціць нас можна: 

— Праз Patreon

— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)

— Крыптой, тут гаманцы

Дзякуй!

Больш не IBA Group. Як кампаніі сціраюць Беларусь са сваёй гісторыі і брэнда
Па тэме
Больш не IBA Group. Як кампаніі сціраюць Беларусь са сваёй гісторыі і брэнда
Видеоинтервью с Сергеем Левтеевым про то, как скопировать западный компьютер, снять программиста с крыши и заработать, чтобы некуда было тратить. Ревью 006
По теме
Видеоинтервью с Сергеем Левтеевым про то, как скопировать западный компьютер, снять программиста с крыши и заработать, чтобы некуда было тратить. Ревью 006
Якім ІТ увайшоў у 2024: заробак у $ упаў, адток запаволіўся, рэзідэнтаў ПВТ менш
Па тэме
Якім ІТ увайшоў у 2024: заробак у $ упаў, адток запаволіўся, рэзідэнтаў ПВТ менш
Lesta Games актыўна хайрыць Беларусі на пачатку 2024. Хто яшчэ
Па тэме
Lesta Games актыўна хайрыць Беларусі на пачатку 2024. Хто яшчэ

Читать на dev.by