Нейрасетка-канкурэнт ChatGPT здала ўніверсітэцкі экзамен па праве і эканоміцы
Штучны інтэлект здаў экзамен універсітэцкага ўзроўню па праве і эканоміцы. Пра гэта ў сваім блогу расказаў прафесар эканомікі ўніверсітэта Джорджа Мэйсана (штат Вірджынія) Алекс Табарок.
Нейрасетка пад назвай Claude была распрацаваная кампаніяй Anthropic, якая спецыялізуецца на бяспецы і даследаваннях АІ.
Экзаменацыйная праца ацэньвалася «ўсляпую». Claude змагла — хоць і не бліскуча — атрымаць пазітыўную адзнаку. Табарок называе яе канкурэнтам нейрасеткі GPT3 ад OpenAI (якраз яна ляжыць у аснове нашумелага чатбота ChatGPT, які напалохаў Google) і лічыць нават якаснейшай.
Табарок выклаў найлепшы адказ Claude на тэму таго, як палепшыць права і эканоміку інтэлектуальнай уласнасці. Ён назваў тэкст павярхоўным — гэта было, хутчэй, проста меркаванне, у той час як яму хацелася б бачыць больш разваг. Але ўсё ж адказ нейрасеткі быў прымальным і выявіўся лепшым за тое, што, паводле слоў прафесара, выдаюць многія жывыя студэнты.
ChatGPT была выпушчаная ў мінулым лістападзе. Нядаўна яна змагла падмануць рэкруцёраў, выдаўшы сябе за суіскальніка, і перасягнула 80% жывых супернікаў.
Anthropic у маі 2022 года прыцягнула $580 млн у раўндзе В фінансавання. У яе сярод іншых інвеставаў кіраўнік збанкрутавалай крыптабіржы FTX Сэм Бэнкман-Фрыд.
Читать на dev.by