Няможна дыскрэдытаваць і перавабліваць. Даведаліся новыя патрабаванні да рэзідэнтаў ПВТ
Рэзідэнтам ПВТ забаранілі распаўсюджваць інфармацыю, якая дыскрэдытуе Беларусь і дзяржорганы, а таксама перавабліваць работнікаў іншых кампаній Парка. Гэта прадугледжана дадатковым пагадненнем да дамовы паміж адміністрацыяй ПВТ і рэзідэнтамі.
Наяўнасць такога дадатковага пагаднення dev.by пацвердзіў прадстаўнік адной з кампаній-рэзідэнтаў Парка. Дакумент кампанія атрымала ад адміністрацыі ПВТ. Верагодна, аналагічныя дадатковыя пагадненні атрымалі ўсе рэзідэнты Парка. Даведаліся падрабязней, што прапісана ў дадатковым пагадненні.
Аб дыскрэдытацыі
Адзін з пунктаў дакумента тычыцца нераспаўсюджвання інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь.
«Пры ажыццяўленні дзейнасці ў Парку высокіх тэхналогій кіраўнік, заснавальнікі (уладальнікі, уласнікі маёмасці) рэзідэнта абавязаныя не дапускаць распаўсюджвання інфармацыі, якая дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь, дзяржаўныя органы і арганізацыі, наносіць шкоду рэпутацыі іх адказных асоб, а таксама дзеянняў на шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Аб нацыянальных інтарэсах
Частка дадатковага пагаднення датычыцца захавання рэзідэнтамі нацыянальных інтарэсаў Беларусі і стымулявання развіцця эканомікі.
У прыватнасці, рэзідэнты павінны:
- ажыццяўляць фінансава-гаспадарчую дзейнасць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам;
- садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго кампаніі Парка павінны «прымаць меры лакальна-прававога характару для фармавання паважлівага стаўлення работнікаў заснавальнікаў (удзельнікаў, уласнікаў маёмасці) да канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, парадку дзяржаўнага кіравання ў мэтах недапушчэння іх уцягвання ў супрацьпраўную дзейнасць і здзяйснення імі дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Аб неканкурэнцыі
Асобна дакумент датычыцца пытанняў канкурэнцыі паміж рэзідэнтамі ПВТ.
Так, кампаніі Парка не маюць здзяйсняць дзеянняў, якія:
- «парушаюць агульнапрынятыя правілы дзелавой этыкі і звычаі дзелавога абароту»;
- «накіраваныя на ўнутраную дэзарганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці іншага рэзідэнта ПВТ, што з’яўляецца яго канкурэнтам, якія могуць быць класіфікаваны як нядобрасумленная канкурэнцыя»;
- накіраваныя на «атрыманне, выкарыстанне, выдаванне, скланенне да выдавання інфармацыі, якая складае камерцыйную тайну канкурэнта, без яго згоды».
Таксама рэзідэнты не маюць даваць работнікам канкурэнта «розныя маёмасныя і іншыя выгоды з мэтай скланення гэтых работнікаў да невыканання працоўных абавязкаў або пераходу на працу, якая мае на ўвазе такія выгоды».
На гэты момант у ПВТ 1019 рэзідэнтаў. Сёлета пакуль быў адзін набор — новымі рэзідэнтамі Парка сталі 44 кампаніі, у іх ліку — расійскі холдынг VK («ВК Рашэнні»). Пры гэтым больш за 40 кампаній, калі арыентавацца на даныя на сайце ПВТ, былі выключаныя са спісу рэзідэнтаў.
Читать на dev.by