«Нічога так не матывуе, як навіна, што цябе заменіць ШІ»: супрацоўнікі Amazon лютуюць ад планаў кіраўніцтва
Абвяшчэнне генеральнага дырэктара Amazon Эндзі Джэсі аб планаваным скарачэнні карпаратыўнага персаналу ў сувязі з укараненнем штучнага інтэлекту выклікала хвалю незадаволенасці сярод супрацоўнікаў.
Раней на гэтым тыдні Джэсі накіраваў супрацоўнікам нататку, у якой адзначыў, што на працягу некалькіх гадоў колькасць «белых каўнерыкаў» у Amazon скароціцца з-за «павышэння эфектыўнасці» дзякуючы ШІ. Аднак замест ухвалення яго заява выклікала трывогу і абурэнне.
Паводле дадзеных Business Insider, ва ўнутранай перапісцы Slack працаўнікі Amazon выказалі рэзкую крытыку ў адрас кіраўніцтва, назваўшы пазіцыю кампаніі бесчалавечнай і падрываючай давер да карпаратыўнай стратэгіі. «Няма нічога больш натхняльнага, чым даведацца, што тваю працу заменіць ШІ праз пару гадоў», — напісаў адзін з супрацоўнікаў.
У дзясятках паведамленняў, прагледжаных журналістамі ў трох унутраных Slack-каналах Amazon, тысячы супрацоўнікаў абмяркоўвалі наступствы слоў Джэсі. «Мы павінны разглядаць ШІ як калег, а не як пагрозу. Зараз ствараецца ўражанне, што кампанія імкнецца проста рабіць тое ж самае меншымі сіламі», — адзначыў адзін з удзельнікаў абмеркавання.
Частка супрацоўнікаў выказала перасцярогі наконт магчымых новых звальненняў і паставіла пад сумнеў стратэгічнае бачанне Джэсі. Некаторыя паведамленні наўпрост ўказвалі на тое, што вышэйшае кіраўніцтва пазбягае скарачэнняў, у той час як шараговыя супрацоўнікі аказваюцца пад ударам першымі.
«Гэта супрацьлегласць прынцыпу «Think Big» (думай маштабна). Замест развіцця — спрашчэнне: «рабіце ўсё, як раней, але танней, і няхай ШІ працуе», — гаворыцца ў адным з паведамленняў. Асобнай тэмай абмеркаванняў стала адсутнасць выразных рамак для выкарыстання ШІ. Супрацоўнікі перасцерагалі ад «сляпой залежнасці ад алгарытмаў».
Читать на dev.by