Беларусы не заўважылі пастражэння ў Revolut. І нават ведаюць, як абысціся без дазволу на жыхарства

Не выключана, што пад санкцыйнымі пастражэннямі маюцца на ўвазе нейкія нюансы накшталт мэты выдачы або тэрміну дзеяння візы.

8 каментарыяў

Чытачы dev.by не заўважылі аніякіх пастражэнняў у правілах абслугоўвання ў банку Revolut для грамадзян Беларусі. Адразу некалькі чалавек напісалі нам, што патрабаванне наконт візы D або дазволу на жыхарства існуе ўжо шмат гадоў. Без іх рахункаў проста не адкрывалі, і кожнага разу, як тэрмін дзеяння дакументаў мінаў, банк патрабаваў іх абнавіць. 

— Карыстаюся Revolut у Венгрыі ад 2018 года. У мяне банк яшчэ тады прасіў дазволу, і штораз абяцае заблочыць рахунак пасля заканчэння дзеяння дакумента. Іншыя банкі таксама просяць пацвердзіць статус: калі такой магчымасці няма, просяць забраць грошы. Нядаўна я сам сутыкнуўся з тым, што банк прымудрыўся тры разы страціць абноўленыя анкетныя даныя і ў выніку заблочыў рахункі.

Яшчэ ў Revolut ёсць абмежаванне на пераказы з рахункаў РФ і РБ. Але гэта ўжо ад пачатку вайны.

сакавік 2023, скрын чытачкі

— Абмежаванні Revolut для беларусаў дзейнічаюць ужо даўно: для рэгістрацыя патрэбная віза або дазвол на жыхарства.

Я пераехаў у Літву летась у кастрычніку. Хацеў адкрыць рахунак адразу ж, але не змог, бо ў мяне польская нацыянальная віза. Затое лёгка адкрыў рахунак і заказаў карту ў Paysera, праз тыдзень карта была на руках.

Атрымаўшы літоўскі дазвол на жыхарства, я адкрыў рахунак у Revolut і карыстаюся ім для некаторых мэтаў.

— Revolut даўно перапыняў аперацыі беларусам без візы D. На маёй памяці так было апошнія года паўтара. Гуманітарная віза іх задавальняе (бо яна D) — іх не задавальняе адсутнасць візы. Калі чалавек у Польшчы чакае новага дакумента з пратэрмінаванай візай, ён не можа прыняць грошы на рахунак. Пры гэтым траціць грошы з карты — можа.


Чытачы dev.by і Dzik.Pic таксама накідалі гісторый пра тое, як яны спрабавалі ўлагодзіць банк у той прамежак часу, калі стары дакумент ужо скончыўся, а новы яшчэ не быў гатовы. З іх напрошваецца выснова, што поспех справы — рэч выпадковая.

Камусьці ўдавалася даказаць, што падоўжаная да канца эпідэміі польская віза D — гэта акей, камусьці не. Хтосьці зарабіў абмежаванні праз бясконцае чаканне дазволу на жыхарства, хтосьці трымае рахунак на плаве, але вымушаны кожныя 9 дзён даваць справаздачу банку.

— Верна, у Revolut патрабуюць дазвол або непратэрмінаваную польскую візу (падоўжаныя не пасуюць). Штамп у пашпарце і даведка з польскага ўжонда пра падачу іх таксама не задавальняюць. Пасля эскалацыі на манагера мне пагадзіліся падоўжыць рахунак на 9 дзён, потым я мушу напісаць у сапорт і пацвердзіць сваю асобу і месца знаходжання, тады падоўжаць яшчэ на 9 дзён. І так трэба пісаць кожныя 9 дзён, пакуль не атрымаю дазволу.

Я ўжо разы 4 або 5 так рабіў. Першы раз я выслаў паўторна скан пашпарта і чэк з «Бядронкі», астатнія разы проста пісаў у сапорт, калі прыходзіў напамін пра заканчэнне тэрміну дзеяння акаўнта, — адразу пацвярджалі. Магчыма, яны яшчэ глядзяць на геалакацыю.

— Віза скончылася ў жніўні 2022 года, і ўжо ў лістападзе Revolut стаў прасіць новую візу або дазвол на жыхарства. Мой дазвол у Польшчы яшчэ не быў гатовы, таму праз пару месяцаў мне заблакавалі папаўненне рахунку. Калі я атрымаў карту і адаслаў ім фота, яны ўсё разблакавалі.

— Калі вы так і не атрымалі дэцызіі (рашэнне наконт выдачы дазволу на жыхарства ў Польшчы. — dev.by) і карты побыту, а вашая віза скончылася, то яны патрабуюць на працягу месяца падаць дакументы, якія пацвярджаюць ваш легальны статус у ЕС. Калі гэтага не зрабіць, то ваш рахунак будзе заблакаваны. Дарэчы, вывесці сродкі таксама не атрымліваецца, з такой праблемай я сутыкнуўся сёлета ў сакавіку.

На шчасце, я атрымаў новую PBH, і гэтага ім выявілася дастаткова. Пакуль доступ ёсць, усё працуе, як будзе далей, не ведаю, але без патрэбы я перастаў пераказваць туды грошы.

— У сапорце прасіў падоўжыць доступ на падставе падоўжанай [польскай] візы па кавіду. Працягнулі на 30 дзён ад моманту звароту. Два разы паспяхова.

— Я маю рашэнне пра ПМЖ, але не маю пластыка. Revolut не прыняў рашэння, віза скончылася, я засталася без карты.

— Швецыя. Па заканчэнні дазволу на працу заблочылі карту Revolut на ўвод/вывад, але плаціць рэшткамі мог. Да таго ж там купленыя акцыі, імі можна карыстацца, у тым ліку і прадаваць. Праблема ў тым, што ад моманту падачы заявы ты можаш легальна знаходзіцца на тэрыторыі Швецыі да прыняцця рашэння, а гэта 8+ месяцаў. Да гэтага моманту ў цябе няма на руках дакументаў для банка. На шчасце я атрымаў рашэнне за месяц і падаў дакументы ў Revolut, і рахунак разблочылі. Але ў жонкі карта не працуе, ейнае рашэнне прыйдзе пазней.

Ёсць рашэнне, якім карыстаюцца мясцовыя рэлаканты: здаць на пасведчанне кіроўцы, яно дзейнічае 10 гадоў і пасуе для Revolut.

У выніку: дзейная віза D або дазвол на жыхарства — гэта не новыя патрабаванні да грамадзян РБ.

Пра якія ж пастражэнні кажа прадстаўнік Revolut? Паводле яго слоў, усе грамадзяне РБ і РФ «маюць паказаць падоўжаны дазвол або працоўную візу, якія дазваляюць ім заставацца ў Еўрасаюзе больш за 180 дзён». Пры гэтым даведкі, якія пацвярджаюць падачу дакументаў на падаўжэнне дазволу або візы, рахункі за камунальныя паслугі і траты ў краіне знаходжання не прымаюцца.

З усяго відаць, пастражэнне палягае якраз у гэтых дэталях — тэрміне дзеяння візы (180+ дзён), мэты яе выдачы (працоўная), а таксама (не)дастатковасці такіх дакументаў, што пацвярджаюць пражыванне, як чэкі, рахункі і да т. п.

Wanted. Калі вы сутыкнуліся з такога роду пастражэннем, пішыце ў @devby_insight_bot. Гэта ананімна.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Апошнія свіфты ў Беларусь закрываюцца. Што робяць айцішнікі
Па тэме
Апошнія свіфты ў Беларусь закрываюцца. Што робяць айцішнікі

Читать на dev.by