«Як у нулявых: на таксі альбо ў аэрапорт, альбо па святах». Як таксі-калапс адбіўся на айцішніках

Больш як месяц у Беларусі карыстаюцца таксі па новых правілах, праз якія вельмі прыкметна скарацілася колькасць таксістаў. Распыталі айцішнікаў, як гэта ўдарыла па іх кішэнях.

31 каментарыя

Нагадаем: ад 1 лістапада ў поўную сілу запрацаваў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Таксісты, не ўключаныя ў рэестр, цяпер па-за законам. 

Многія свядома вырашылі сысці з рынку, бо не пагадзіліся з патрабаваннямі — праходзіць павышэнне кваліфікацыі, наляпляць маркіроўку, усталёўваць плафон і відэарэгістратар у салоне, укладаць працоўную дамову з наймальнікам. У выніку колькасць кіроўцаў скарацілася, цэны і час чакання выраслі. 

Праз два тыдні «Яндэкс Go» падлічыў страты: колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася на 25% у Беларусі, і на 35% у Мінску. Праз гэта ў сістэме стаў спрацоўваць каэфіцыент павышэння.

— Пры той колькасці кіроўцаў, якія выконваюць заказы з дапамогай нашага сэрвісу цяпер, немагчыма забяспечыць узровень цэн і час падачы, якія мы зналі да 1 лістапада, — заявіў у інтэрв’ю «Анлайнеру» кіраўнік «Яндэкс Go» у СНД Кірыл Свінцоў. 

«Паездкі абыходзіліся ў 20, максімум 25 рублёў на тыдзень. Цяпер суму можна памнажаць на 3»

Дар’я — франтэнд-распрацоўшчыца, цяпер у «дэкрэце». Дзяўчына жыве ў Салігорску ў новым раёне і скардзіцца, што ад лістапада не можа нікуды выехаць: 

— Аўтобусы ў мой раён не ходзяць, бо транспартныя зносіны з горадам яшчэ не наладжаныя (хоць дамы заселеныя), а свабодных машын «прабачце, няма», або цана х3 ад старой. 

Раней, адзначае распрацоўшчыца, «у любы пункт Салігорска не ў сама розрух можна было даехаць за 4 рублі, цяпер за 12 — і ўсё роўна ніхто не прыязджае: няма машын». Дар'і прыйшлося перанесці заняткі яе дзіцяці ў музычнай школе на той дзень, калі муж можа іх падвезці — «інакш дарога туды і назад абыходзілася даражэй за сам урок».

— Акрамя старэйшага ў мяне на руках аднагадовае дзіця — таксі было для нас самай папулярнай паслугай. Мы ездзілі па некалькі разоў на тыдзень у абодва бакі, вырашалі свае справы. 

Паездкі абыходзіліся сям'і ў 20, максімум 25 рублёў на тыдзень. Цяпер гэтую суму можна было б смела памнажаць на 3, адзначае айцішніца (240-300 рублёў на месяц). 

Дар’я ўспамінае, як 1 лістапада па няведанні «затрымалася з двума дзецьмі далёка ад дома» — і не магла знайсці машыну «ні за якія грошы». 

Ад дома распрацоўшчыцы да цэнтра 35-40 хвілін пешшу даросламу чалавеку, але дзіцяці цяжка столькі ісці. Дар’я дадае, што ў Салігорску наогул дрэнна з грамадскім транспартам: нават калі дзесьці ёсць маршруты, чакаць аўтобуса на прыпынку можна 15-20 хвілін — а «аднагадоваму малому такое не пад сілу». 

«І раней не ехаў, калі чэк за паездку 10+ рублёў, а цяпер і зусім на грамадскім транспарце»

Ян — інжынер-праграміст, жыве ў Мінску. Да ўвядзення новых правілаў ён карыстаўся таксі «не вельмі часта, але перыядычна» — у сярэднім да 10 разоў на месяц.

— Дарога па самым частым маршруце займала 18 хвілін, паездка звычайна абыходзілася ў 6-8 рублёў, зімой крыху даражэй. Варта заўважыць, што я ездзіў па гэтым маршруце не ў сама розрух. 

Сёння паездка абышлася мне ў 11,3 рубля, а адзін раз давялося аддаць 17 — але па дарозе быў адзін «пункт», без якога кошт склаў бы 14 рублёў.

Ян кажа, што ён і раней не ехаў на таксі, калі чэк за паездку перавышаў 10 рублёў («маральны беларускі бар’ер», — смяецца маладзён), а цяпер і наогул імкнецца перамяшчацца па горадзе на грамадскім транспарце і маршрутках. 

— На таксі ад лістапада езджу толькі на важныя мерапрыемствы або калі не паспяваю. 

Што да часу чакання таксі, то розніцу Ян адчуў толькі ў першыя дні пасля ўвядзення новых правілаў — «даводзілася чакаць доўга», а цяпер «больш-менш, амаль як раней», адзначае распрацоўшчык.

«Раней паездкі абыходзіліся ў 136 рублёў на месяц, цяпер — у 192»

Аліна — тэсціроўшчыца, жыве ў Мінску. Дзяўчына працуе аддалена, у офіс ёй няма патрэбы ездзіць.

Аднак раз на тыдзень Аліна возіць сваё маленькае дзіця ў прыватны медцэнтр на масаж. Выклікае звычайна машыны з катэгорыі «камфорт+», бо некалькі разоў кіроўцы з «эканому» адмовіліся везці айцішніцу і яе малога (у дзяўчыны заўсёды ёсць з сабой аўтафатэль). 

— Ехаць нам 20 хвілін, і раней паездка абыходзілася ў 17 рублёў у адзін бок (у «эканоме» было б 11). Цяпер гэта 23-24 рублі, і гэта не час павышанага попыту. Агулам, калі раней паездкі на масаж і назад абыходзіліся ў 136 рублёў на месяц, то цяпер — у 192. 

Дзеля эксперымента Аліна праверыла, у колькі абышлася б ёй паездка гэтым жа маршрутам цяпер машынамі «эканом» і «камфорт» — 20,2 і 22,4 рублёў адпаведна.

Аліна раней за тэрмін вярнулася да працы, а ў «дэкрэт» замест яе пайшла мама — бабуля малога. Часам тая бярэ таксі, каб даехаць да дома дачкі (аплачвае дарогу Аліна). 

— Мы з мамай жывем недалёка адна ад адной, ехаць — усяго 6 хвілін, і паездка раней абыходзілася ў 5-7 рублёў, цяпер гэта — 11-13. Ну і чакаць даўжэй.

Аліна кажа, што яна не перастала карыстацца таксі пасля ўвядзення новых правілаў і працягне гэта рабіць, бо камфорт дзіцяці ёй даражэйшы за ўсё. 

«За два прыпынкі раней плацілі 5 рублёў, а тут праграма паказала 15+, і чакаць чвэрць гадзіны»

Аляксандра — капірайтарка ў ІТ-кампаніі, жыве ў Мінску, працуе аддалена. Як і Аліне, ёй не трэба ездзіць у офіс. Яе дзеці — школьнікі, у гімназію і на гурткі дабіраюцца пешшу. А сама Аляксандра па асабістых справах ездзіць пераважна на метро (машыны ў сям'і няма, «калісьці прадалі, падлічыўшы, што ўтрымліваць яе даражэй, чым ездзіць на таксі»).  

— Аднак мне давялося выклікаць таксі ў лістападзе, бо трэба было забраць з паліклінікі даведку да пэўнай гадзіны — і я не паспявала, — расказвае айцішніца. 

Ад дома да паліклінікі — два прыпынкі. Калі мы раней ездзілі туды з дзецьмі на таксі, плацілі не больш за 5 рублёў (не ў гадзіны павышанага попыту). А тут праграма паказала 15+, і чакаць прыкладна чвэрць гадзіны. Я плюнула і пайшла пешшу — у рэшце рэшт гэта тыя ж 15 хвілін.

Аляксандра кажа, што абмяркоўвала сітуацыю з сяброўкай, у якой маленькія дзеці, і тая панаракала, што з увядзеннем новых правілаў яе выдаткі на таксі выраслі ў 2 разы. А яшчэ некалькі разоў кіроўцы на тарыфе «дзіцячы» прыязджалі без бустараў — хоць да лістапада падобнага ні разу не здаралася.

Айцішніца не гатовая выдаткоўвацца на таксі і мяркуе, што найбліжэйшым часам іх паслугамі не скарыстаецца.

— Выглядае, настаў час планавання паездак, як у нулявых: на таксі — альбо ў аэрапорт, альбо па святах. 

«Змена правілаў працы таксі падштурхнула да важнага кроку — з’ехаліся з дзяўчынай»

Яўген — BA/СА у ІТ-кампаніі, жыве ў Мінску. Працуе аддалена.

Маладзён кажа, што раней вельмі часта («ледзь не штодня») ездзіў маршрутам Уручча—Новая Баравая — да дзяўчыны. Кошт яго паездак вар'іраваўся ў межах ад 4,8 да 8,5 рублёў у залежнасці ад попыту (максімум — 13).

— Цяпер тая ж самая паездка мінімум абыходзіцца ў 8 рублёў, а ў сярэднім — 14. І чакаць не 2-5 хвілін, як раней, а 10+. 

Яўген смяецца, што змяненне правілаў працы таксі падштурхнула іх з каханай да важнага кроку — нядаўна пара з’ехалася («жарт, насамрэч да таго ўсё ішло»). На таксі яны ездзяць цяпер радзей, лічаць за лепшае дабірацца грамадскім транспартам. А калі і выклікаюць машыну, то «сочаць за попытам». 

«Плюс 18% росту паслуг па наземным і плюс 8 — па падземным»

Першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч расказала ў эфіры тэлеканала СТБ, якое выйсце з сітуацыі бачыць яна.

— Калі вы не згодныя з цэнаўтварэннем таксі (для вас дорага), у нас ёсць наземны транспарт, падземны транспарт, цалкам лагістычныя шляхі выбудаваныя ў Мінску, маршруткі… Таму права выбару для чалавека ёсць. Не ўсё сышлося на таксі, — заўважыла чыноўніца.

Лазарэвіч таксама падзялілася вынікамі аналізу працы грамадскага транспарту за апошнія месяцы, які правялі сталічныя ўлады:

— У нас плюс 18% росту паслуг па наземным і плюс 8% росту па падземным. То-бок людзі больш сталі ездзіць і ў метро, і на наземным транспарце.

«Чаму? Праз грошы». Айцішнік сышоў з падпрацоўкі ў таксі праз новыя законы, але перадумаў і вярнуўся
Па тэме
«Чаму? Праз грошы». Айцішнік сышоў з падпрацоўкі ў таксі праз новыя законы, але перадумаў і вярнуўся

Читать на dev.by