Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Акуляры Vision Pro, чып M2 Ultra і MacBook Air: навінкі Apple WWDC 2023

Чэрвеньская прэзентацыя WWDC была багатая на рэлізы новых прылад кампаніі: доўгачаканыя акуляры дапоўненай рэальнасці, новы ноўтбук, абноўленыя аперацыйныя сістэмы асноўных платформаў і мноства дробных абнаўленняў.

2 каментарыя
Акуляры Vision Pro, чып M2 Ultra і MacBook Air: навінкі Apple WWDC 2023

Чэрвеньская прэзентацыя WWDC была багатая на рэлізы новых прылад кампаніі: доўгачаканыя акуляры дапоўненай рэальнасці, новы ноўтбук, абноўленыя аперацыйныя сістэмы асноўных платформаў і мноства дробных абнаўленняў.

Акуляры дапоўненай рэальнасці Vision Pro

Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала ўласная гарнітура дапоўненай рэальнасці Vision Pro. Карыстальнікі змогуць кіраваць прыладай пры дапамозе жэстаў, рухам вачэй і голасам, прылада не патрабуе кантролераў. Гарнітура падтрымлівае функцыю EyeSight, якая адлюстроўвае вочы карыстальніка на корпусе, калі чалавек размаўляе з кімсьці па-за віртуальнай прасторай. Прылада будзе паказваць карыстальніку людзей, што набліжаюцца ў рэальным свеце, калі яны падыходзяць да яго падчас працы гаджата. За бяспеку прылады адказвае тэхналогія Optic ID, якая вызначае ўладальніка прылады паводле сеткавіцы вока. Біяметрыя зашыфраваная і не пакідае прылады.

Гаджат дазваляе карыстацца шматлікімі праграмамі Apple, якія ёсць і ў iPhone, і ў Mac. У прыладзе можна адкрываць некалькі праграм, якія будуць размяшчацца адна з адной у віртуальнай аб’ёмнай прасторы. Напрыклад, карыстальнік можа далучыцца да відэазванка па FaceTime і правесці ў ім прэзентацыю. У акулярах можна праглядаць фатаграфіі, у тым ліку панарамныя, фільмы, у тым ліку ў 3D-фармаце. Vision Pro падтрымлівае гульні з Apple Arcade, на прыладзе будзе даступна больш за 100 гульняў. Таксама Vision Pro стварае дэталізаваны лічбавы аватар карыстальніка, які можна выкарыстоўваць у праграмах.

Акуляры выкананыя з лёгкіх і надзейных матэрыялаў, корпус можна рэгуляваць і падладжваць пад форму галавы і твару. Гаджат мае кольца Digital Crown, з дапамогай якога можна рэгуляваць размяшчэнне вокнаў, у тым ліку паводле глыбіні ў прасторы. Прылада сілкуецца ад падключэння да сеткі або ад вонкавага акумулятара. Час аўтаномнай працы Vision Pro ад акумулятара — дзве гадзіны. Батарэю можна падключыць з дапамогай кароткага кабеля MagSafe.

Vision Pro абсталяваны microLED-дысплеямі з разрознасцю большай за 4K. Прылада мае набор датчыкаў, уключна з LiDAR, а таксама 12 камер. У гаджаце ёсць працэсар M2 і спецыялізаваны чып R1, які апрацоўвае даныя з датчыкаў і камер. У Vision Pro ёсць паўнавартасны 3D-інтэрфейс. Падчас выкарыстання гарнітуры інтэрфейс адчуваецца як рэальны — акуляры падтрымліваюць трохмерныя аб’екты ўнутры віртуальнай прасторы. Напрыклад, уладальнікі Vision Pro змогуць перанесці экран свайго MacBook у віртуальную прастору, каб працягнуць працу ўжо там. Vision Pro падтрымлівае прылады ўводу і аксесуары.

Акуляры каштуюць ад $3499. Прылада паступіць у продаж на пачатку 2024 года. Да старту продажаў Apple адкрые ў сваіх фірмовых крамах дэманстрацыйныя зоны, у якіх карыстальнікі змогуць апрабаваць акуляры.

MacBook Air

Іншая навінка прэзентацыі — 15-цалёвы MacBook Air. Ноўтбук выпушчаны з працэсарам M2, максімальны аб’ём аператыўнай памяці — 24 ГБ, убудаванага сховішча — 2 ТБ. Паводле слоў распрацоўшчыкаў, навінка «ў два разы хутчэйшая»за самы прадаваны 15-цалёвы ноўтбук на базе Windows. Таўшчыня прылады ўсяго 11,5 мм, час аўтаномнай працы — да 18 гадзін. Кошт ноўтбука пачынаецца ад $1299, продаж у ЗША пачнецца ў сярэдзіне чэрвеня.

Чып M2 Ultra

Як меркавалі інсайдары, Apple паказала новы чып М2 Ultra. Ён на 20% магутнейшы за M1 Ultra. Кампанія заявіла, што М2 Ultra — «наймагутнейшы чып, будзь-калі створаны для камп’ютара». Ён мае 24 ядры і можа ўтрымліваць да 76 відэаядраў. Таксама чып уключае 134 мільярды транзістараў. На базе працэсара працуюць дзве навінкі прэзентацыі — Mac Studio і Mac Pro. Цана Mac Studio пачынаецца ад $1999, цана Mac Pro — ад $6999. Кампанія пачне продаж наступнага тыдня, аформіць перадзаказ можна будзе 5 чэрвеня.

iOS 17

Таксама кампанія паказала новую аперацыйную сістэму iOS 17. У ёй некалькі абнаўленняў. Напрыклад, у праграме «Тэлефон» з’явілася магчымасць наладжваць экран тэлефанавання. З’явілася функцыя Live Voicemail, якая ў рэжыме рэальнага часу пераводзіць аўдыя падчас выкліку ў тэкст. У iMessage з’явіліся фільтры пошуку і некалькі іншых функцый, у тым ліку расшыфроўка аўдыяпаведамленняў. Таксама карыстальнікі змогуць адпраўляць іншым людзям аўтаматычныя апавяшчэнні, што яны паспяхова дабраліся да месца прызначэння. Замест смайлікаў у праграме цяпер стыкеры, падтрымка стыкераў з’явілася ва ўсёй сістэме, у тым ліку ў чужых праграмах.

AirDrop атрымала падтрымку функцыі NameDrop: цяпер карыстальнік можа дзяліцца нумарам тэлефона, проста паднёсшы адную прыладу да іншай. Гэтая опцыя працуе як на iPhone, так і на Apple Watch. Палепшылася аўтакарэкцыя ў стандартнай клавіятуры на iPhone, таксама палепшылася дыктоўка. Пры канцы гэтага года ў iOS 17 з’явіцца новая праграма Journal: карыстальнік зможа весці дзённік, выкарыстоўваючы ўсе функцыі смартфона. Праграма дазволіць захаваць уражанні ад паездак або правесці мазгавы штурм.

Сярод нязначных змен — рэжым StandBy, у ім прылада працуе ў рэжыме чакання ў гарызантальным становішчы. Apple адмовілася ад стандартнай фразы «Вітаю, Siri», цяпер галасавога памочніка можна выклікаць, проста назваўшы імя.

iPadOS 17 і macOS Sanoma

Таксама Apple паказала iPadOS 17 і macOS Sanoma. Упершыню ў iPadOS 17 з’явіцца праграма «Здароўе», усе даныя будуць сінхранізавацца з іншымі прыладамі Apple. Экран блакавання прылады можна будзе наладжваць гэтак жа гнутка, як у iOS 17. Распрацоўшчыкі дадалі пашыраную падтрымку рэдагавання PDF-файлаў. У праграме «Нататкі» з’явіцца паўнавартасная падтрымка PDF-файлаў. Сярод іншых навін — палепшаная аўтакарэкціроўка c iOS 17.

У macOS 14 віджаты можна размяшчаць проста на працоўным стале без абмежаванняў. Mac пад кіраваннем macOS 14 будзе падтрымліваць віджаты з іншых прылад. Таксама Apple значна палепшыла відэаканферэнцыі з дапамогай машыннага навучання. Цяпер карыстальнікі змогуць «выразаць» сябе з роліка і размясціць паўзверх любога іншага кантэнту. У macOS 14 з’явіліся профілі ў Safari, яны дазваляюць ствараць асобныя наборы ўкладак, якія пасуюць пад асобныя задачы. Таксама сталі даступныя вэб-праграмы, якія можна дадаць у док macOS.

Іншыя фішкі

Рэжым адаптаванага гуку для AirPods. Навушнікі будуць аўтаматычна рэгуляваць шумапрыглушэнне і рэжым «празрыстасці» ў залежнасці ад асяроддзя. Адаптыўны рэжым будзе выкарыстоўваць нейрасеткі, каб функцыя навучалася звычкам карыстальніка.

Навінкі tvOS. У Apple TV з’явіцца пункт кіравання і падтрымка функцыі FaceTime. Уладальнікі iPhone могуць пачаць размову на прыладзе і потым працягнуць на Apple TV, выкарыстоўваючы асноўную камеру смартфона для здымкі.

Віджаты ў watchOS 10. З’явілася магчымасць атрымліваць хуткі доступ да віджатаў з дапамогай кольца Digital Crown. Кампанія перапрацавала многія стандартныя праграмы, дадала некалькі цыферблатаў і праграму для роварных трэніровак. На карце будуць адлюстроўвацца дадатковыя іконкі, адная з іх будзе паказваць, у якім месцы апошні раз быў прыём GSM-сігналу.

Кадзіма на прэзентацыі. Нечакана на прэзентацыі з’явіўся Хідэа Кадзіма, які паказаў гульню Death Stranding Director’s Cut. Яна выйдзе на Mac. Магчымасць перадзаказаць гульню ў Mac App Store з’явіцца 5 чэрвеня. Кадзіма дадаў, што ягоныя наступныя гульні таксама будуць выходзіць на Mac.

Apple абвергла абвінавачанні ФСБ у супрацоўніцтве з амерыканскай выведкай
Apple абвергла абвінавачанні ФСБ у супрацоўніцтве з амерыканскай выведкай
Па тэме
Apple абвергла абвінавачанні ФСБ у супрацоўніцтве з амерыканскай выведкай
Meta спехам паказала VR-шлем Quest 3 апярэдзіўшы Apple
Meta спехам паказала VR-шлем Quest 3, апярэдзіўшы Apple
Па тэме
Meta спехам паказала VR-шлем Quest 3, апярэдзіўшы Apple
Bloomberg: Apple рыхтуе настольныя ПК з чыпамі M2 Max і M2 Ultra
Bloomberg: Apple рыхтуе настольныя ПК з чыпамі M2 Max і M2 Ultra
Па тэме
Bloomberg: Apple рыхтуе настольныя ПК з чыпамі M2 Max і M2 Ultra

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

sovest-chatagpt
sovest-chatagpt Максимилиан в VironIT
2

Надеюсь моя платная подписька на Pornhub будет работать на очках во всю пролетарскую мощь

Anonymous
Anonymous
0

sAnoma... лицорЮка