Закрываюць два офісы ў Мінску з чатырох? Што адбываецца ў iTechArt
iTechArt — другая паводле памеру штату ІТ-кампанія Беларусі (паводле даных 2021 года) — часткова або цалкам закрывае два офісы ў Мінску. Гэтую інфармацыю пацвердзілі dev.by больш за 10 супрацоўнікаў. Менеджмент паведаміў камандам, што продажы цэнтра распрацоўкі ў Беларусі прыпыненыя. Супрацоўнікі працуюць над старымі праектамі, але новых не атрымліваюць.
Што з офісамі
У Мінску ў iTechArt чатыры офісы:
- на вул. Талстога, 10 (на ўнутраным «слэнгу» кампаніі — «офіс Т10»);
- вул. Талстога, 8 (Т8);
- вул. Магілёўская, 1 (М1) — у БЦ «Аякс»;
- вул. Платонава, 49 (P49).
Паводле слоў супрацоўнікаў, кампанія паступова закрывае два офісы — на Талстога (T8) і Платонава (P49). Тлумачаць такое рашэнне «аптымізацыяй» — бо ў офісы ходзіць мала людзей. Працаўнікоў — на іх выбар — пераводзяць у T10 або M1.
Офісы не запаўняліся цалкам праз пандэмію, пераход супрацоўнікаў на аддаленую працу, масавы рэлакейт.
Так, паводле інфармацыі супрацоўнікаў, апошнім часам офіс Т10 запаўняўся прыкладна на 56% (472 месцы з 838 магчымых), M1 — на 38% (289 месцаў з 754), P49 — на 65% (267 месцаў з 406). Скрыншоты з такімі данымі даслалі рэдакцыі.
Прыкладам, адзін з супрацоўнікаў кажа, што ў адным з пакояў офіса Т8, разлічаным на 50 чалавек, пастаянна працавалі толькі 4-5. Магчыма, у перспектыве ў Т8 застанецца толькі бухгалтарскі аддзел.
Усе суразмоўцы dev.by адзначылі, што пераезд у новыя офісы ў Мінску не стаў праблемай. Яны ахарактарызавалі офіс на Магілёўскай (М1) як «больш круты і рухавы».
Яшчэ адзін айцішнік расказаў, што iTechArt збіраецца часткова закрыць офіс у Брэсце: «Офіс знаходзіцца на двух паверхах; нам сказалі, што адзін паверх закрыюць». Айцішніка нядаўна звольнілі з кампаніі пасля таго, як у яго скончыўся праект — «нават без прапановы рэлакацыі».
Пра скарачэнне офісных плошчаў у Віцебску і Магілёве супрацоўнікі не чулі.
Што з праектамі
Да канца года iTechArt прыпыніла продажы цэнтра распрацоўкі ў Беларусі, сцвярджаюць нашыя суразмоўцы. Супрацоўнікі працягваюць працаваць на старых праектах, але новыя не размяркоўваюцца сярод офісаў унутры Беларусі. Менеджмент паведамляў, што такое рашэнне часовае, і кампанія працягне працаваць у краіне.
У лютым людзей без праектаў «на руках» адпраўлялі ў адпачынак і потым звальнялі. Паводле ацэнкі нашай крыніцы, у Мінску засталося прыкладна 60% штату ў параўнанні з даваеннай колькасцю (пры канцы 2021 года ў беларускім штаце iTechArt працавалі 3100 чалавек).
Іншы супрацоўнік кампаніі кажа, што «скарачэнне штату» — праз замарозку новых праектаў у Беларусі — «было прыкметным». Сам ён не пацярпеў, бо даўно працуе на старым праекце.
Паводле слоў аднаго з працаўнікоў, офіс iTechArt у Польшчы таксама адчувае цяжкасці з новымі заказамі.
Прэс-служба iTechArt пакуль не пракаментавала інфармацыі пра закрыццё офісаў у Мінску.
Нагадаем, нядаўна пра планы закрыць офіс у мінскім БЦ «Тытан» паведамілі супрацоўнікі EPAM. Менеджмент патлумачыў рашэнне закрыць офіс тым, што «85% людзей выбралі працу з дому або часткова з офіса».
Читать на dev.by