Кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве выраслі за год у 3 разы. Топ-10

Літва ўваходзіць у топ-3 самых папулярных месцаў для беларускіх айцішнікаў. За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваныя ў Літве, вырас больш як у тры разы. Паглядзелі, хто ўвайшоў у топ-10 і як змяніліся каманды ў іншых кампаніях. 

52 каментарыя

Паводле даных rekvizitai.vz.lt, у Літве зарэгістравана каля 30 кампаній з беларускімі каранямі. На гэты момант там працуе больш за 4,7 тысячы супрацоўнікаў. Для параўнання, год таму іх было менш за 1, 5 тысячы. 

ТОП-10

EPAM

Самы вялікі штат у EPAM. За мінулы год каманда літоўскага офіса вырасла ў 4,5 разы. Цяпер у штаце 1,5+ тысячы спецыялістаў. Найбольш інтэнсіўна каманда EPAM расла ў чэрвені-ліпені (амаль 750 чалавек за два месяцы).

Асноўная каманда EPAM у Літве знаходзіцца ў Вільні. Паводле даных rekvizitai.vz.lt, улетку кампанія адкрыла другое падраздзяленне — у Коўне. На гэты момант там зарэгістравана амаль 60 супрацоўнікаў.

Літва ўваходзіць у топ-10 самых папулярных лакацый у EPAM. На сайце адкрыта больш за 100 вакансій для прэтэндэнтаў на працу ў літоўскім офісе кампаніі (у тым ліку аддалена).

Яшчэ адная важная дэталь. За тры кварталы мінулага года EPAM увайшоў у топ-3 ІТ-бізнэсаў у Літве паводле сумы выплачаных падаткаў (звестак за год пакуль няма). Кампанія заплаціла ў літоўскі бюджэт у студзені-верасні больш за 6 мільёнаў еўра падаткаў.

Wargaming

Каманда літоўскага офіса Wargaming не дацягнула да 1000 чалавек. За 2022 год штат павялічыўся амаль у 2,5 разы да 988 спецыялістаў. Асноўны рост адбыўся пасля пачатку вайны ва Украіне — у красавіку-жніўні (ад 450 да 900 працаўнікоў) у тым ліку за кошт супрацоўнікаў мінскага офіса, пасля таго як кампанія закрыла бізнэс у Беларусі і перадала яго ў лакальнае кіраванне расійскай Lesta Studio.

На сайце Wargaming для працы ў Літве адкрыта амаль 50 вакансій. З усіх лакацый толькі для працы ў Сербіі вакансій болей (каля 80). У літоўскі офіс патрабуюцца распрацоўшчыкі, дызайнеры, 2D/3D мастакі. 

Wargaming разам з EPAM увайшоў у топ-3 ІТ-бізнэсаў у Літве паводле сумы выплачаных падаткаў. Кампанія за тры кварталы выплаціла ў бюджэт 5,2 мільёна еўра. 

Melsoft 

Распрацоўшчык гульняў Melsoft актыўна пашыраў штат літоўскага офіса ад красавіка. На сёння ў штаце зарэгістравана амаль 320 супрацоўнікаў — у 4,3 разу больш, чым год таму.

На сайце кампаніі няма згадкі пра беларускі офіс, таксама няма вакансій. На сайце адкрыта каля 10 вакансій, усе для працы ў літоўскім офісе.

Yukon Advanced Optics Worldwide

Вытворца лічбавай оптыкі (мы вырашылі ўключыць кампанію ў агульны спіс) павялічыў штат у Літве да 275 чалавек. Гэта дазволіла кампаніі ўвайсці ў топ-5 паводле колькасці супрацоўнікаў сярод кампаній з беларускімі каранямі.

Flo Health

Распрацоўшчык праграмы для жаночага здароўя Flo адкрыў офіс у Вільні яшчэ пры канцы 2020 года. У студзені мінулага года ў літоўскай камандзе працавала каля 70 чалавек. За 2022 год штат павялічыўся амаль у 4 разы — да 238 супрацоўнікаў. Пік росту каманды прыйшоўся на май-жнівень: за гэты перыяд колькасць супрацоўнікаў павялічылася ў 2,5 разы. Таксама летась у Flo з’явіўся філіял у Коўне. Цяпер там зарэгістравана 7 супрацоўнікаў.

На сайце кампаніі адкрыта 15+ вакансій для працы ў Літве. 

EIS Group Lietuva

Штат EIS Group Lietuva павялічыўся за мінулы год амаль на 30%. Асноўны рост адбыўся вясной-летам. Цяпер у офісе кампаніі працуе 218 супрацоўнікаў

ITAG LT

Юрыдычная асоба iTechArt у Літве была зарэгістраваная ў 2021 годзе. Калі ў студзені мінулага года там афіцыйна былі зарэгістраваныя 2 супрацоўнікі, то цяпер больш як 170 спецыялістаў. Літоўская каманда iTechArt актыўна павялічваецца ад лета, у сярэднім на 20 чалавек на месяц. 

На сайце кампаніі адкрыта каля 40 вакансій для розных спецыялістаў, якія разглядаюць магчымасць працы ў Вільні. 

Softeq Development

У студзені 2022 года ў літоўскім офісе Softeq Development працавала 30 супрацоўнікаў, цяпер амаль у 5 разоў больш — амаль 150 спецыялістаў. 

На сайце кампаніі размешчана 7 вакансій для працы на літоўскі офіс, у тым ліку аддалена. 

Coherent Solutions

Штат Coherent Solutions (матчына структура ISsoft) за мінулы год павялічыўся амаль у 3 разы — ад 57 (у студзені) да 144 супрацоўнікаў. 

На сайце кампаніі размешчана каля 10 вакансій, дзе ў якасці лакацыі для працы пазначаны літоўскі офіс.

Gurtam

У студзені мінулага года ў літоўскім офісе Gurtam працавала 40 чалавек, за год штат вырас на 100 супрацоўнікаў

На сайце кампаніі размешчана больш за 10 вакансій для працы ў літоўскай кампаніі (у тым ліку аддалена).

Што ў іншых кампаніях

Некалькі ІТ-кампаній адкрылі офісы ў Літве толькі летась. У прыватнасці, увесну юрыдычная асоба ў Вільні з’явілася ў IBA. У кампаніі заявілі, што з’яўленне офіса ў Літве звязана з высокім попытам на ІТ-паслугі ў краінах Балтыі, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў ключавых для кампаніі галінах: нафтагазавай, фінансава-крэдытнай, тэлекамунікацыйнай і энергетычнай. Ад моманту адкрыцця штат літоўскай каманды папоўнілі амаль 70 спецыялістаў. 

Таксама юрыдычныя асобы ў Літве зарэгістравалі Охаgile і ScienceSoft. Пакуль штат новых юрыдычных асоб невялікі — меншы за 10 чалавек.

У Літве пражываюць амаль 50 тыс. беларусаў
Па тэме
У Літве пражываюць амаль 50 тыс. беларусаў
Заробкі айцішнікаў-рэлакантаў у Літве амаль у 3 разы большыя, ніж у мясцовых жыхароў
Па тэме
Заробкі айцішнікаў-рэлакантаў у Літве амаль у 3 разы большыя, ніж у мясцовых жыхароў
«Прапусцілі са скрыпаннем». Ці лёгка заехаць у Літву з польскай візай?
Па тэме
«Прапусцілі са скрыпаннем». Ці лёгка заехаць у Літву з польскай візай?
EPAM і Wargaming увайшлі ў топ-3 ІТ-кампаній у Літве паводле выплачаных падаткаў
Па тэме
EPAM і Wargaming увайшлі ў топ-3 ІТ-кампаній у Літве паводле выплачаных падаткаў

Читать на dev.by